Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенцы лічаць, што цэны на рынках на польскія тавары павялічацца


Сяргей Астраўцоў, Горадня Новае павелічэньне мытных тарыфаў асабліва закране жыхароў памежных раёнаў, перш за ўсё такіх гарадоў, як Горадня, дзе шмат хто займаецца памежным гандлем. Наш карэспандэнт пацікавіўся ў гарадзенцаў, што яны думаюць наконт таго, як на іх можа адбіцца новае палажэньне аб парадку перавозу празь мяжу тавараў фізычнымі асобамі?

Я пабываў сёньня на гарадзенскім Цэнтральным рынку, дзе шмат хто прывозіць на продаж прадукты і тавары менавіта з Польшчы, а таксама зь Нямеччыны, Літвы, Турцыі.

(Спадар: ) “Зразумела, вельмі цяжка будзе, бо кожны прадпрымальнік вязе з Польшчы тых яблыкаў альбо прадуктаў звычайна ня пяць кіляграмаў, а больш. Думаю, што такая пастанова толькі падштурхне прадпрымальнікаў да новых страйкаў”.

(Спадарыня: ) “Людзі падпрацоўваюць, апроч працы па выходных езьдзяць у Польшчу. Маюць з гэтага пару даляраў, ужо нейкая падтрымка. У мяне сусед бытавой тэхнікай займаецца. Калі заплаціць за лядоўню 50 эўра мыта — які сэнс яе везьці? Ён папросту туды перастане езьдзіць. А жыць усё адно трэба, але дзе браць грошы? На рынку прадукты польскія цяпер прадаюцца — яны таньнейшыя, якасьць лепшая. Пакупнікам таксама будзе кепскавата”.

(Другі спадар: ) “Прамтавары некаторыя, канечне, пакуль возім з Польшчы. Таксама плаціць даводзіцца на мяжы. Я лічу, што любая падвышка адаб’ецца на пакупніках у першую чаргу. Там вельмі танныя прадукты, таньнейшыя за нашы на цэлы парадак”.

(Сталая спадарыня: ) “З Польшчы, па-мойму, мы ўжо хутка нічога не прывязем, ня будзе ніякай магчымасьці. У мяне ўвесь тавар з Польшчы, таму на мне гэта вельмі адаб’ецца. Трэба, значыцца, падвышаць цэны, і зноў нашым людзям гэта будзе “ня ў жылу”. І так яны абураюцца, што вельмі дорага, хаця ў параўнаньні з крамай — зусім не. Ну а так — даляр у Польшчы падае, нормы на правоз тавараў зьмяншаюцца, вядома, цэны пойдуць угору”.

(Прадавачка кавы: ) “Кава на рынку будзе даражэць, асабліва польская. Польскіх тавараў будзе на рынку менш, гэта адназначна, і цэны павялічацца”.

(Маладая спадарыня: ) “Канечне, цяжэй будзе вазіць з Польшчы тавары. Што такое пяць кіляграмаў? Крыху прадуктаў возьмеш, пару літраў соку — вось і ўсё. А калі купіць сок у нас у краме — атрымаецца ўдвая даражэй”.

Прадаўцы касмэтыкі, пральных парашкоў мне гаварылі, што цяпер пакупнікі звычайна пытаюцца: гэты тавар з Польшчы ці з Расеі? Расейскага тавару ўсё часьцей браць ня хочуць.

(Спадар: ) “Людзі купляюць менавіта польскі тавар: просяць польскі шампунь, пасту зубную. Ня кажучы ўжо пра пральныя парашкі, якія прывозяць з Расеі, там соды якой-небудзь намяшаюць. Усё робіцца горш для людзей, для звычайнага пакупніка”.

(Спадарыня: ) “На нашым жыцьці ўвесь час адбіваюцца “палажэньні”, якія стварае наш любімы прэзыдэнт. Я пра машыны кажу, на якія з 1 чэрвеня зрабілі растаможку амаль ў чатыры разы большую. Я не разумею — чый рынак ён абараняе? У нас у Беларусі няма вытворчасьці легкавых аўтамабіляў. Чый тады рынак абараняе наш прэзыдэнт — я не разумею!”

(Спадар: ) “У нас людзі бедныя. Калі чалавек сабраў паўтары тысячы даляраў, ён ужо ня здолее машыны купіць, разумееце? Таму што ён ня зможа яе растаможыць”.

(Маладая спадарыня: ) “Натуральна, будзе нашмат горш. Што ў нас тут лепей робіцца? Усё толькі горш і горш. Я ўчора вярнулася з Польшчы. Вельмі цяжка праходзіла мытню. Пазьдзекаваліся з нас, канечне. Будзем усё роўна старацца добрыя рэчы вазіць, навошта з Расеі? Будзем неяк хітраваць”.

Адзін спадар папрасіў яго не запісваць, але сказаў наступнае: яго найбольш абурае, што ў краіне дзейнічаюць не законы, а прэзыдэнцкія ўказы. Прычым, указы ўвесь час дапісваюцца. Маўляў, паглядзелі, што мала грошай спагналі зь людзей — і прыдумалі новыя зьмяненьні і дапаўненьні да ўказу. У такіх непрадказальных умовах цяжка існаваць, асабліва прадпрымальнікам. Пра гэта мне сказаў сёньня адзін з гандляроў на Цэнтральным рынку.
XS
SM
MD
LG