Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра стварэньне адзінай эканамічнай прасторы Беларусі й Расеі ня можа быць гаворкі, лічыць незалежны экспэрт


Юлія Шарова, Менск Новы парадак увозу тавараў у Беларусь для асабістых мэтаў мае пэўныя адрозьненьні ад адпаведнага расейскага палажэньня. Да таго ж, прэзыдэнцкі ўказ замацоўвае норму, згодна зь якой трэба плаціць мыта за транзыт такіх тавараў. Для грамадзянаў Расеі ніякіх выняткаў у ім не пазначана.

У Мытным камітэце Расеі ўказу Аляксандра Лукашэнкі №259 пакуль не камэнтуюць. Са словаў начальніка прэсавай службы камітэту Ірыны Скібінскай, зьяўленьне гэтага дакумэнту для расейскіх мытнікаў не было надзвычайнай навіной.

(Скібінская: ) “Мытны камітэт, натуральна, ведаў. Але цяпер мы праводзім аналіз гэтага палажэньня на прадмет таго, ёсьць разыходжаньні ці не”.

У прадстаўніцтве мытнай службы Расеі ў Менску тэкст палажэньня атрымалі толькі сёньня ўдзень і пачалі яго вывучаць. Ад афіцыйных камэнтароў тут таксама пакуль устрымліваюцца, асабліва наконт таго, як трактаваць чацьверты разьдзел палажэньня, у якім гаворыцца пра транзыт тавараў для асабістых мэтаў праз тэрыторыю Беларусі. Так, мыта трэба плаціць за аўтатранспартныя сродкі, якія зарэгістраваныя не ў краіне, дзе пражывае ўладальнік машыны. Для расейцаў, якія зь Беларусьсю ў Мытным саюзе, выняткаў ня зроблена.

Старшыня аналітычнага цэнтру “Стратэгія” эканаміст Леанід Заіка цьвердзіць, што зьяўленьне такога палажэньня можна лічыць заканамерным.

(Заіка: ) “У нас ніякіх адзіных эканамічных прастораў ужо быць ня можа. Гэта барацьба інтарэсаў, камандаў — прэзыдэнцкіх і ўрадавых. Тут наагул цьвярозага глузду няма і апэляваць да яго неабходнасьці, на маю думку, няма. Дый расейцы пачынаюць разумець. Таму тут мы маем справу з сытуацыяй гульні”.

Аднак, кажа эканаміст, расейцы, якія прыганаюць з Эўропы машыны, ад гэтага не пацерпяць, — ім даўно таньней стала перапраўляць аўтамабілі марскім шляхам праз Балтыку. Затое ён называе кур’ёзнымі абмежаваньні па ўвозе піва — ня болей за літар на чалавека. Зрэшты, паводле Леаніда Заікі, гэта таксама лабісцкія захады вытворцаў піва, якія баяцца несанкцыянаванага пранікненьня на ўнутраны рынак імпартнага тавару, найперш расейскага.

Згодна з расейскім палажэньнем, можна ўвозіць да двух літраў алькагольных напояў на чалавека (у Беларусі будзе толькі 1 літар), тавараў для некамэрцыйных мэтаў — ня болей чым на 650 тысяч расейскіх рублёў, альбо 21 тысячу эўра (у Беларусі гэта 10 тысяч эўра). Пры гэтым у Расеі вышэйшыя, чым у Беларусі, стаўкі мыта на аўтамабілі, прывезеныя з-за мяжы.
XS
SM
MD
LG