Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На аўтарынку “Малінаўка” кошты на “іншамаркі” падвысяцца ў сярэднім на 500 даляраў


Ігар Карней, Менск Гэткі прагноз перагоншчыкаў. Як успрынялі навіну пра падвышэньне мытных пошлінаў за ўвезеныя іншамаркі на найбуйнейшым у Беларусі аўтарынку ў сталічным мікрараёне “Малінаўка”?

Нешматлікія гандляры аўтарынку “Малінаўка” зранку абмяркоўваюць толькі адну тэму — падвышэньне мытных коштаў на іншамаркі. Іхныя прагнозы для патэнцыйных пакупнікоў несуцяшальныя.

(Уладальнік “Мазды-323”: ) “Канечне, кошты ўдараць: даляраў на 300–400 мінімум, і самым блізкім часам. Меней ужо каштаваць ня будуць. Дый прыганяць пачнуць меней, меншыя будуць пастаўкі, а попыт пакуль існуе. Значыць, цэны папаўзуць уверх. Была бы статыстыка, можна было бы параўнаць мінулыя выходныя і наступныя: абавязкова даляраў на 200–300 будзе тэхніка каштаваць даражэй”.

(Карэспандэнт: ) “Рэальна — на колькі, з вашага гледзішча, могуць падвысіцца кошты на аўтарынку?”

(Кіроўца “Опэля-Вэктра”: ) “Ну, як растаможка, гэтак жа і кошты. Калі падвышаецца на 200 “баксаў” — значыцца на 200 і сама машына. А калі на тысячу падаражэе — то і машына на столькі ж. Вось і ўся лёгіка. Але беларусы не зарабляюць цяпер столькі грошай. На прыгнаныя машыны цэньнікі будуць адпаведныя: самі зразумейце — што такое плаціць 0,35 даляра за “кубік”, і што значыць 0,6. Прыкладам, за двухлітровую я аддаваў 845 даляраў, а цяпер за яе ж давядзецца аддаць 1600. У два разы роўна! Таму тое, што цяпер каштуе 5500 даляраў, будзе каштаваць 6500”.

(Карэспандэнт: ) “У прынцыпе, размовы пра падвышэньне мытных коштаў хадзілі даўно. Для вас гэта было нечаканасьцю?”

(Уладальнік “Мазды-Ксэдас”: ) “Мяркую, так. Прынамсі, для мяне дзесьці нечакана. Размовы сапраўды вядуцца штогод, асабліва бліжэй да лета…”

(Перагоншчык: ) “Прабачце, але гэта вы самі чыталі, ці на ўзроўні чутак?”

(Карэспандэнт: ) “Чаму? Гэта прэзыдэнцкі ўказ”.

(Перагоншчык: ) “А то я шмат чаго не зразумеў…”

(Уладальнік “Мазды”: ) “У любым выпадку сьвежай ужо ніхто не прыцягне, няма сэнсу. І каб я пасьля гэтага камусьці аддаў дзешавей? Ды ну яго… Бо потым паеду — і што зараблю? Што ўклаў, тое і атрымаю. Паспрабуй цяпер 100 даляраў “падняць” з машыны — вельмі цяжка”.

(Карэспандэнт: ) “Дык што — рынак згасьне?”

(Кіроўца: ) “Ня згасьне. Як быў рынак, так ён і будзе. Толькі машыны павялічацца ў кошце. Болей красьці беларусам давядзецца, каб грошы дастаць. У беларусаў не такія заробкі, каб прыйсьці і тысяч 5–6 “адлушчыць”. Машыны — да чатырох тысяч ад сілы. І да таго ж, вырастуць кошты на машыны да 1990 году, якія ад’езьдзілі тут. Гнаць сюды ня будуць, а ў чалавека 2–3 тысячы. Ён будзе браць машыну, якая езьдзіла тут — “карча”. Вось такія машыны і будуць браць”.

Сярод тых, з кім паразмаўляў, толькі адзін перагоншчык ацаніў новы ўказ станоўча. Вось ягоныя аргумэнты:

(Уладальнік “БМВ-730”: ) “Будзе меней старых машын, будзе аднаўленьне аўтамабільнага парку. Што да коштаў на навейшыя машыны… Будзе болей “французаў”, “японцаў”. А на нямецкія машыны, якія запаўнялі наш рынак, неапраўдана завышаныя кошты”.

Гучалі й рацыянальныя прапановы — як адначасна папоўніць дзяржаўны бюджэт і даць зарабіць перагоншчыкам.

(Перагоншчык: ) “Лепей зрабілі бы так: растаможка няхай застаецца. Але кожны каб прыганяў і прадаваў колькі хоча машын. Цяпер я магу на сябе на год прыгнаць і прадаць адну машыну. Зрабіце, каб я прыганяў 5, 10, 15 машын; пасьля продажу 300–400 даляраў я буду плаціць у казну як падатак. Усе будуць плаціць! Але калі хлопцы паадчынялі прадпрымальніцтва на перагон аўто, наварылі 300 даляраў і 200 аддалі дзяржаве — няма дурных. Зьезьдзі і прыгані сам!”
XS
SM
MD
LG