Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўплывае службовае становішча бацькоў на вынікі экзамэнаў дзяцей?


Алесь Дашчынскі, Менск Большая частка апытаных на менскіх вуліцах мяркуюць, што службовае становішча бацькоў уплывае альбо хутчэй за ўсё ўплывае на вынікі экзамэнаў іхных дзяцей у школах. Прычым, такой думкі трымаюцца жыхары ня толькі Менску, але і рэгіёнаў.

(Спадар: ) “Хутчэй за ўсё. Начальнік ёсьць начальнік, нават у вясковых школах вазьміце, калі бацька старшыня калгасу — дык дзіцяці, яно там лепей разумее ці горш, але яму вышэйшую адзнаку паставяць, чым дзіцяці, у каторага там бацька трактарыст, а маці даярка. Гэтай хутчэй і заўсёды яно так. Калі бацька вялікі начальнік, то адзнака вышэйшая”.

(Спадарыня: ) “Уплываюць — пачынаючы са школы, нават зь першых клясаў, ня толькі пачынаючы з экзамэнаў. Як кажуць,будуць жывыя мамкі, будуць жывыя і дзеткі”.

(Спадар: ) “І дурню ясна — яно ёсьць. Пакуль хабару не дасі, то дзіця ніхто ня возьме, дасі — будзе вучыцца”.

(Спадар: ) “Усё можа быць, а можа і ня быць, як дзе. Мае дзеці яшчэ малыя, трынаццаць гадоў яшчэ, мяне гэта чакае ў будучым”.

(Спадар: ) “Напэўна так, гэтыя людзі маюць нейкія рычагі ўзьдзеяньня на вынікі. Дзеці начальнікаў атрымоўваюць такія ж спэцыяльнасьці і таксама становяцца начальнікамі — такая статыстыка”.

(Спадар: ) “Мае, але ж калі ў цябе ёсьць якія здольнасці, ты іх раскрываеш, то ніякіх праблемаў у школе і ў іншых навучальных установах ня будзе”.

(Спадарыня: ) “Так, мне здаецца, гэта ёсьць, вельмі моцна ўплывае. Мне давялося здаваць экзамэны яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў, было такое, і зараз яно ёсьць”.

(Спадарыня: ) “Дзеці яшчэ вучацца ў школе, зараз такая хітрая сыстэма, прадажная можна сказаць, купі-прадай, так што цяжка сказаць. У каго грошы ёсьць, той і правы атрымліваецца”.

Іншыя суразмоўцы лічаць, што службовае становішча бацькоў уплывае ня столькі на экзамэнах у школе, колькі пры паступленьні дзяцей у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

(Спадар: ) “У сярэдніх школах не, тут веды. У мяне сын студэнт, і калі ён здаваў уступныя экзамэны, я ведаў, хто паступіць, а хто — не. Усё робяць грошы”.

(Спадарыня: ) “Калі бацькі займаюць нейкую пасаду, у іх першае, што ёсьць — гэта сувязі. Ну, а па-другое, напэўна, грошай больш”.

Частка апытаных, а сярод іх школьнікі, лічаць, што пасады бацькоў не ўплываюць на вынікі экзамэнаў у школах:

(Дзяўчына: ) “Мы ж здаем экзамэны, а не бацькі, прычым тут іхнае становішча”.

(Хлопец: ) “Я думаю, што гэта не залежыць ад таго, кім працуюць бацькі, хіба што яны могуць наняць рэпэтытараў”.

(Дзяўчына: ) “Не ўплывае, ні ў якім разе. Я сама выкладчык”.

(Хлопец: ) “Калі чалавек ня ведае, то фінасавае становішча бацькоў нічым не дапаможа. У школе настаўнікі ў нас непадкупныя”.
XS
SM
MD
LG