Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павялічанае мыта на ўвоз тавараў грамадзянамі


Валер Каліноўскі, Менск 1 чэрвеня апублікаваны ўказ Аляксандра Лукашэнкі, згодна зь якім празь месяц будуць істотна павялічаныя мытныя плацяжы за транспартныя сродкі, бытавую тэхніку, харчаваньне ды іншыя тавары, якія беларусы ў прыватным парадку ўвозяць з-за мяжы. Незалежныя экспэрты ўжо назвалі гэтыя захады “драконаўскімі”. Мытнікі ж рыхтуюцца да чэргаў на межах цягам чэрвеня — да ўступленьня ў дзеяньне новых правілаў.

Праект указу рыхтаваўся ў Дзяржаўным мытным камітэце. Прадстаўнік апошняга Андрэй Ланін патлумачыў, што мэта дакумэнта — абмежаваць выкарыстаньне ў камэрцыйных мэтах тавараў, якія перавозяцца для асабістага карыстаньня, а таксама паставіць заслону на ўвоз машын, старэйшых за 14 гадоў. Цяпер беларусы, якія купляюць за мяжой такія машыны, павінны будуць плаціць за іх не 0,55 эўра за кубічны сантымэтар аб’ёму рухавіка, а 2 эўра. Гэта складзе 2–3 тысячы эўра за аўтамабіль, што пазбаўляе ўсялякага сэнсу саму пакупку.

За новыя (да трох гадоў) аўтамабілі мытная стаўка таксама падвышаная, яна складае 0,6 эўра. Пры гэтым калі грамадзянін увязе на працягу году некалькі аўтамабіляў, то за ўсе наступныя давядзецца плаціць паводле падвышаных ставак, як для юрыдычных асобаў. Напрыклад, для новых вялікалітражных мэрсэдэсаў ці джыпаў усталёўваецца мыта 5 эўра за кубічны сантымэтар рухавіка — 13–15 тысяч за машыну. Гэта можа паставіць крыж на аўтамабільным бізнэсе для тых, хто гандляваў як старымі, гэтак і новымі машынамі. Андрэй Ланін кажа, што беларускія мытныя правілы тут усё болей прыстасоўваюцца да расейскіх.

Зьмест апублікаванага сёньня ўказу шакаваў ня толькі аўтааматараў, але і тых, хто часам купляў больш танныя і якасныя пабытовыя тавары, мэблю і харчаваньне ў Польшчы ці Літве. Уся пабытовая тэхніка для фізычных асобаў цяпер будзе абкладвацца мытам 30% ад яе вартасьці. У тым ліку прасы, пыласосы, аўдыёвідэаапаратура, кампутары. З той жа Польшчы можна будзе бяспошлінна вывезьці толькі 5 кіляграмаў харчоў, за кожны лішні кіляграм трэба будзе заплаціць 2 эўра. Паменшаная норма ўвозу ў краіну фізычнымі асобамі сьпіртовых напояў з трох літраў да аднаго, што звыш, за тое прыйдзецца плаціць вялікае мыта — 20 эўра за літар.

За самастойны імпарт грамадзянам мэблі прыйдзецца заплаціць 50% яе вартасьці, а калі гэта дарагая мэбля, коштам болей 10 тысяч эўра, то і ўсе 100%. Тым ня менш, у Мытным камітэце ня лічаць, што новыя правілы скіраваныя супраць інтарэсаў грамадзянаў. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы беларускай мытні Ўладзімер Пехцераў:

(Пехцераў: ) “Простых грамадзянаў гэта не зачэпіць, хутчэй наадварот, здымае частку болевых пунктаў, напрыклад, што да ўвозу гародніны і садавіны ў сэзон, што ў нас было вечнай праблемай, цяпер адбылося павелічэньне нормы з 10 да 30 кіляграмаў”.

Сапраўды, з 1 ліпеня да 31 кастрычніка дазваляецца ўвозіць да 30 кіляграмаў прадуктаў з краінаў СНД замест ранейшых 10 кіляграмаў, калі грамадзянам даводзілася выкідаць украінскія кавуны і пэрсікі проста на мяжы. Уладзімер Пехцераў паведаміў, што ў Мытным камітэце спадзяюцца на дадатковы рост плацяжоў у бюджэт.

(Пехцераў: ) “Мы ня дзейнічаем супраць чыіхсьці інтарэсаў, мы стаім на варце эканамічных інтарэсаў дзяржавы. У нас няма задачы кагосьці прыціснуць ці за нечый рахунак выканаць даходную частку бюджэту”.

Прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа перакананы ў іншым — указ скіраваны супраць інтарэсаў самых бедных слаёў насельніцтва, якія ня могуць купіць дарагіх машынаў, ці тых, якія зарабляюць продажам імпартных харчоў:

(Патупа: ) “Ну, грошай няма, не хапае ў бюджэце. Мытнае ведамства хутка будзе зьбіраць тут 60–70% збораў краіны”.

Адзін зь лідэраў гарадзенскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў упэўнены, што новы драконаўскі, на ягоную думку, указ ударыць па інтарэсах дробнага бізнэсу:

(Васільеў: ) “Канечне, гэта па малым бізнэсе ў цэлым ударыць, паколькі многія з той жа Польшчы возяць нейкія малыя партыі, цяпер усё, іх заціснуць, і невядома, як лёс іх складзецца. Вытворчасьцю ў Беларусі малы бізнэс заняцца ня можа, няма ўмоваў, увоз таксама ўсяляк абмяжоўваецца. І ўсё гэта прывядзе да таго, што ў Беларусі зноў зьявяцца чэргі і дэфіцыты”.

Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў таксама лічыць, што новы ўказ стварае дадатковыя магчымасьці для парушэньняў і карупцыі сярод мытнікаў, якія будуць мець права вызначаць, дзеля якіх мэтаў увозяцца тавары.
XS
SM
MD
LG