Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты зьліквідаваных ВНУ вымушаныя спыняць навучаньне


Галіна Абакунчык, Менск Закрытыя ўладамі ВНУ і тэхнікумы працягваюць перавод студэнтаў у іншыя навучальныя ўстановы краіны, дзе цяпер распачынаюцца экзамэнацыйныя сэсіі. Большасьць пераведзеных навучэнцаў сутыкаюцца там з шэрагам праблемаў. З гэтай прычыны некаторыя зь іх нават вымушаныя адмаўляцца ад далейшага навучаньня.

Адміністрацыі закрытых навучальных установаў мусяць уладкаваць на новае месца больш як тры тысячы студэнтаў, і гэтая праца яшчэ не завершаная. Аднак у большасьці ВНУ і тэхнікумаў экзамэны распачынаюцца гэтымі днямі, і многія не пасьпеюць на пачатак сэсіі. Гэтая і многія іншыя акалічнасьці вельмі адмоўна ўплываюць на псыхалягічны стан навучэнцаў, — кажа дырэктарка менскага прыватнага тэхнікуму эканомікі й кіраваньня Вера Пясоцкая:

(Пясоцкая: ) “Нашыя навучэнцы цяпер пераводзяцца і прыходзяць туды на сэсію. Канечне, для студэнтаў гэта будзе яшчэ адна трагедыя, бо гэта іншыя выкладчыкі, якія іх ня ведаюць. А мы працавалі са студэнтамі амаль што індывідуальна. Больш за тое, гэта будынкі, якія патрабуюць большай увагі з боку ўладаў, бо ў некаторых няма нават сталовак, дзе студэнты маглі бы харчавацца. Акрамя таго, стаўленьне этычнае з боку асобных выкладчыкаў новых установаў адукацыі гэтаксама патрабуе ўвагі. І нашыя дзеці сустракаюцца з гэтым штодзённа”.

Акрамя таго, для многіх студэнтаў цяперашняя міжкурсавая сэсія падоўжыцца з прычыны адрозьненьняў у праграмах навучаньня і будзе каштаваць новых фінансавых выдаткаў, — паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода выканаўца абавязкаў рэктара Беларускага камэрцыйнага інстытуту кіраваньня Багдан Фрышчын.

(Фрышчын: ) “Міністэрства кожны раз мудрагеліць і прыдумляе ўсё новыя прадметы, таму студэнтам давялося вялікую колькасьць дысцыплінаў даздаваць. А гэта дадатковыя грошы, бо за кожнае даздаваньне яны мусяць плаціць. І тое, што яны гэтую сэсію не пасьпелі здаць, можа прывесьці да таго, што яны ня будуць непераведзеныя на новы курс аж да новага году. Акрамя таго, на новым месцы ад студэнтаў патрабуюць аплату за давучваньне, і гэткім чынам на іх узваленая дадатковая фінансавая нагрузка”.

Аднак у яшчэ больш складаных умовах апынуліся закрытыя тэхнікумы эканомікі й права ў Ваўкавыску і Кобрыні. Каб здаць выпускныя экзамэны альбо прадоўжыць навучаньне ў профільных установах, яны мусяць выязджаць у Горадню, Менск, Крычаў і ў іншыя гарады. З гэтай прычыны некаторыя студэнты выпускных курсаў адмовіліся завяршаць навучаньне ўвогуле, — паведаміла ў інтэрвію нашаму радыё дырэктарка тэхнікуму ў Кобрыні Натальля Крыпінец.

(Крыпінец: ) “У нашым горадзе няма такой магчымасьці, і студэнты пераведзеныя ў менскі тэхнікум прадпрымальніцтва і берасьцейскі філіял. Студэнты ў шоку, бо яны будуць вымушаныя з Кобрыні ехаць у Менск, шукаць жытла, траціць грошы на дарогу і харчаваньне, аплачваць летнюю сэсію і чакаць ад нас вяртаньня грошай. А ў нас у асноўным вучацца завочнікі, многія маюць малых дзяцей, нейкія іншыя сямейныя абставіны, паводле якіх яны ня маюць магчымасьці тры тыдні жыць у Менску. Мы таксама ў шоку і разгубленасьці”.

Дырэктар Ваўкавыскага тэхнікуму Ўладзімер Вялічка гэтаксама шкадуе, што іхныя студэнты мусяць працягваць навучаньне ў іншых гарадах у значна горшых умовах, у той час як адмысловы будынак тэхнікуму ў Ваўкавыску хутчэй за ўсё будзе скарыстаны не паводле прызначэньня. Гаворыць Уладзімер Вялічка:

(Вялічка: ) “Стваралі сем гадоў па кавалачку сваімі рукамі гэтую базу — людзі ставяцца да гэтага як да свайго. І крыўдна, што гэты будынак можа быць перададзены пад якія-небудзь склады, крамы ці што заўгодна, ператворыцца ў нішто. А сёньня тут гатовая навучальна-матэрыяльная база, адна з найлепшых у вобласьці”.

У закрытых уладамі ВНУ і тэхнікумах працавалі больш за 600 выкладчыкаў. Многія зь іх цяпер беспрацоўныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG