Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менгарвыканкаме выявілі факты карупцыі, але пакуль ніхто не пакараны


Валер Каліноўскі, Менск Камітэт дзяржкантролю Беларусі выявіў факты карупцыі ва ўстановах і ўпраўленьнях Менскага гарвыканкаму. Учора былі названыя канкрэтныя прыклады парушэньняў. Аляксандар Лукашэнка паводле вынікаў гэтай праверкі запатрабаваў цягам трох месяцаў вярнуць неэфэктыўна выкарыстаныя сродкі ў бюджэт гораду і прыгразіў менскай вэртыкалі й кіраўніку сваёй адміністрацыі адстаўкамі. Аднак інфармацыі пра рэальнае пакараньне менскіх чыноўнікаў дагэтуль няма.

Кіраўнік Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў асабіста атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі характарыстыку “ўзору жулікаў і пасярэднікаў”. Камітэт дзяржкантролю заявіў пра неабгрунтаванае перарасходаваньне сродкаў пры будаўніцтве і рэканструкцыі аб’ектаў гарадзкой інфраструктуры ў Менску, асабліва пры заключэньні кантрактаў зь фірмамі-пасярэднікамі. Анатоль Тозік выявіў у Менску “магутны чыноўніцкі клан, які адрывае і дзеліць паміж сабою бюджэтны пірог”, па-сяброўску і па-сваяцку прыцягвае да выкананьня падрадаў прыватныя структуры, неапраўдана завышаючы кошт матэрыялаў і працаў. Агульнае перарасходаваньне сродкаў склала, паводле падлікаў Камітэту дзяржкантролю, 16%.

Пры рэканструкцыі сквэраў ля плошчы Перамогі, напрыклад, бясьсьледна зьнікла на 300 мільёнаў рублёў граніту. Акрамя таго, Анатоль Тозік прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку папяровую пракладку, якую менскае прадпрыемства “Гарзаб” купляла па цане 22 даляры 20 цэнтаў за штуку, хаця яе можна выразаць рукамі за тры хвіліны, — заявіў спадар Тозік.

У Менскім гарвыканкаме тым часам паведамілі, што “Гарзаб” не існуе ўжо каля году. Гэтую арганізацыю расфармавалі менавіта за падобныя парушэньні. Цяпер закупкамі для патрэбаў гораду займаецца тэндэрная камісія, якая падае на конкурс усе заяўкі коштам вышэй за тры тысячы даляраў. І цяпер пагроза карупцыі нібыта зьменшаная. Пра сытуацыю ў Менскім гарвыканкаме гаворыць ягоная супрацоўніца Алена Аўрынская:

(Аўрынская: ) “Вядома ж, несьвяточны настрой, безумоўна. Вельмі дзелавы, строгі, нават прыдзірлівы, я бы сказала. Цяпер правяраюцца іншыя службы. Гэта будзе доўга асэнсоўвацца, вядома, і правярацца будуць іншыя арганізацыі”.

Алена Аўрынская паведаміла, што Менскі гарвыканкам ужо разгледзеў вынікі праверкі Дзяржкантролю і падрыхтаваў адпаведнае распараджэньне, у якім будуць і кадравыя высновы. Аднак пакуль дакумэнт не падпісаны. Не выключаецца магчымасьць і крымінальнага перасьледу пэўных чыноўнікаў, пра гэта казаў спадар Паўлаў.

Аднак у Камітэце дзяржкантролю ніякіх прапановаў наконт звальненьняў ці крымінальнага перасьледу менскіх чыноўнікаў, што дапусьцілі карупцыю і іншыя парушэньні, не зрабілі, — паведаміў прэсавы сакратар КДК Якаў Аляксейчык:

(Аляксейчык: ) “Якія могуць быць прапановы, калі прэзыдэнт сказаў, што ён цалкам давярае кіраўніку Менскага выканкаму. Што тут можна прапаноўваць?”

Якаў Аляксейчык зазначае, што ўсе кадравыя пытаньні ў кампэтэнцыі Міхаіла Паўлава і гарадзкіх уладаў у цэлым. У Пракуратуры Беларусі і пракуратуры Менску таксама ніякай інфармацыі пра перасьлед карумпаваных чыноўнікаў паведаміць не змаглі. Кіраўнік нядаўна зачыненага ўладамі Беларускага цэнтру канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледаваньняў Сяргей Альфер адзначае, што карупцыя ёсьць ва ўсіх краінах, і дэмакратычных і аўтарытарных:

(Альфер: ) “Калі чалавек распараджаецца грашыма, а чалавек слабы, у яго зьяўляецца жаданьне ўзяць крыху гэтых грошай сабе ў рукі. Але тое, што датычыць дэмакратычных краінаў, то там гэты чалавек атрымлівае і вельмі вялікі заробак, і вельмі высокі ўзровень з боку грамадзкасьці і мясцовага савету. Таму ў іх гэта намнога цяжэй і меней. Тут жа грошы, якія выкарыстоўвае Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, расходуюцца абсалютна бескантрольна ад грамадзкасьці. На сёньня застаўся толькі адзін кантралёр — гэта прэзыдэнт. Але які б ён ні быў пільны, усё роўна ўсіх упільнаваць немагчыма”.

Сяргей Альфер кажа, што для чыноўніка найбольш зручны спосаб атрымаць незаконны прыбытак — пачаць вялікае будаўніцтва, “закапаць грошы ў зямлю”, там пракантраляваць расходаваньне сродкаў вельмі цяжка. Асабліва нэгатыўна спадар Альфер ацаніў бязьдзейнасьць цалкам падкантрольнага вэртыкалі Менскага гарадзкога савету.

(Альфер: ) “Ён абраны па сьпісах, якія рабіў той самы выканкам. Я ня ведаю выпадку пасьля абраньня гэтага савету, каб ён штосьці кантраляваў у выканкаме, каб ён не згадзіўся зь нейкімі прапановамі выканкаму. Там абсалютна паслухмяныя людзі, якія прыйшлі ў савет для таго, каб маючы дэпутацкі значок, працаваць на сябе”.

Спадар Альфер упэўнены, што пакуль ня будзе нармальнага дэмакратычнага грамадзтва, карупцыі пераадолець ня ўдасца, які б жорсткі кантроль ні ажыцьцяўляў аўтарытарны рэжым у краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG