Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе адпачыць беларускамоўным дзецям?


Севярын Квяткоўскі, Менск Цікавасьць да беларускамоўных летнікаў за апошнія гады заўважна ўзрасла. Але шараговы грамадзянін вымушаны сутыкацца зь немалымі цяжкасьцямі дзеля таго, каб скіраваць сваё дзіця на адпачынак у беларускамоўны асяродак. Дасьледаваньне сытуацыі, а таксама агляд беларускамоўных летнікаў.

Гэтым летам будуць працаваць некалькі летнікаў, скіраваных найперш на студэнцкую моладзь. Так, у канцы ліпеня моладзевае аб’яднаньне “Гісторыка”, Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў і гістарычна-краязнаўчае таварыства беларускага ўнівэрсытэту культуры “Этна” адкрыюць летнік у Крэве. Распавядае адзін з арганізатараў Зьміцер Рагачоў:

(Рагачоў: ) “Плянуюцца аварыйныя працы на замку, працы па стварэньні музэю. І культурніцкая частка, адпачынак. На апошнія выходныя плянуецца зрабіць невялікі фэст, у далейшым плянуецца, што ён будзе рэгулярны”.

У жніўні жодзінскія студэнты з аб’яднаньня “Экаскоп” зладзяць традыцыйны экасплаў на плытах па адной з рэчак свайго рэгіёну. Звычайна юнакі прыбіраюць берагі, ды агітуюць мясцовых жыхароў за чысьціню і пашану да прыроды.

Таксама на жнівень заплянаваная экалягічна-палітычная акцыя Партыі БНФ. Маладыя фронтаўцы маюць абысьці вёскі, што месьцяцца вакол расейскіх вайсковых радыёлякацыйных станцыяў (РЛС) ля Вялейкі ды Баранавічаў.

(Батуеў: ) “Моладзь будзе хадзіць ад хаты да хаты, з кожным чалавекам будзе размова пра тое, наколькі гэта шкодна для іхнага здароўя. І чаму партыя БНФ выступае супраць знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі вайсковых аб’ектаў іншых дзяржаваў. Гэта больш за 100 кілямэтраў”, — патлумачыў Павал Батуеў, адзін з арганізатараў акцыі.

Цягам лета іншыя шматлікія арганізацыі ды суполкі будуць ладзіць свае традыцыйныя летнікі: скаўцкія, археалягічныя, краязнаўчыя, вайскова-спартовыя ды іншыя. Адзін з самых цікавых будзе пад Браславам, дзе ўжо традыцыйна хлопчыкі займаюцца экспэрымэнтальнай археалёгіяй: жывуць ва ўмовах, набліжаных да раньняга Сярэднявечча. Некалькі гадоў таму ўдзельнікаў было адно некалькі чалавек, цяпер летнік можа прыняць толькі невялікую частку ад усіх ахвотных.

Многім яшчэ памятны славуты летнік “Грунвальд”, які на пачатку 1990-х ладзіўся на базе колішніх піянэрскіх лягераў, і куды можна было патрапіць амаль кожнаму беларускамоўнаму дзіцёнку. Чаму цяпер сытуацыя зьмянілася? Тлумачыць адзін з ініцыятараў “Грунвальду” Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Немагчыма сіламі некалькіх соцень сем’яў. Плаціць трэба немалыя грошы”.

Зрэшты, у Беларусі ёсьць людзі, гатовыя плаціць немалыя грошы за эксклюзіўны адпачынак сваіх дзяцей. Але арганізатары такіх летнікаў просяць не разгалошваць інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG