Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады перашкодзілі дэпутатцы гарсавету сустракацца са сваімі выбарцамі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Спадарыня Карач сталася адзінай з так званых “кандыдатаў ад апазыцыі”, каму ўдалося трапіць у Віцебскі гарсавет у часе апошніх мясцовых выбараў. І ейная апошняя сустрэча з выбарцамі была сарваная паводле распараджэньня асобных прадстаўнікоў тутэйшых уладаў.

Сустрэчау з выбарцамі, якая мусіла адбыцца ў двары аднаго з дамоў па вуліцы Смаленскай, Вользе Карач давялося праводзіць зусім ня так, як яна плянавала ад пачатку. А галоўнай перашкодаю, паводле ейных словаў, сталася адпаведнае распараджэньне віцебскага мэра Пятра Драздова.

(Карач: ) “Мы рыхтавалі творчую сустрэчу, і вельмі шмат моладзевых суполак рыхтаваліся паказаць свае мастацкія праграмы. Але Пётар Драздоў забараніў нам выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру, якая належыць управе культуры. І адбылося гэта за пяць хвілін да пачатку сходу, зь якое нагоды — сказаць цяжка. І гэта ўпершыню, у часе ранейшых сустрэчаў такога не было”.

Спадарыня Карач распавяла таксама, што і калегі-дэпутаты, і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў вельмі часта папракаюць яе за залішнюю актыўнасьць. Прыкладам, за тое, што яна штотыдзень праводзіць прыёмы грамадзянаў, за тое, што арганізавала для сваіх выбарцаў кансультацыі юрыста, за тое, што пэрыядычна правярае сумы камунальных плацяжоў на сваім выбарчым участку, і нават за тое, што з рознымі сваімі праблемамі людзі ўсё часьцей зьвяртаюцца не да іншых, нібыта “сваіх” дэпутатаў, а менавіта да яе.

(Карач: ) “Бывае, што па адным прыходзяць, а бывае, што й цэлымі дамамі: “Забярыце нас да сябе”. Між іншым, паводле заканадаўства, дэпутат мясцовага савету мае права працаваць у межах дзейнасьці свайго савету і бесьперашкодна сустракацца з выбарцамі. Я думаю, што ўлады проста напалоханыя маёй актыўнасьцю, іншага тлумачэньня ў мяне няма”.

Загадчык абласное ўправы культуры спадар Кібісаў асабіста прыехаў паглядзець, ці выконваецца ягоны загад “згарнуць” апаратуру. Так што Вользе Карач давялося размаўляць зь людзямі безь мікрафону ды абысьціся без канцэрту напрыканцы сустрэчы. Тым ня менш, людзі не сьпяшаліся разыходзіцца, бо ў іх знайшлося шмат пытаньняў да дэпутатаў гарсавету. Найбольш актыўна яны скардзіліся на тое, што дамы, пабудаваныя ў 1960-я гады, ніхто не рамантуе, а таксама абмяркоўвалі завялікія кошты камунальных паслугаў. Дарэчы, Вольга Карач мае пэўны досьвед у гэтым сэнсе: нядаўна ёй ня толькі ўдалося высьветліць, што адзін дом на ейным участку пераплаціў за камунальныя паслугі 4 мільёны рублёў, але й павяртаць гэтыя грошы выбарцам.

Зрэшты, адказваць на пытаньні выбарцаў давялося ня ёй адной: многім жыхарам гэтага мікрараёну ўпершыню давялося ўбачыць яшчэ аднаго дэпутата — дэпутата Палаты прадстаўнікоў Глеба Іванова, які прыехаў сюды адначасова з прадстаўнікамі ўладаў. Хаця спадар Іваноў ужо двойчы абіраўся на гэтым участку, падобных сустрэчаў ён не праводзіў ніколі, і людзі яго, вядома ж, не пазналі. Зрэшты, нават адрэкамэндаваўшыся, размаўляць зь людзямі на вуліцы дэпутат Палаты прадстаўнікоў ня стаў, чым нямала пакрыўдзіў некаторых сваіх выбарцаў.

(Cпадар: ) “Я падышоў да яго, пачаў задаваць пытаньні. Кажу: “Вы мой дэпутат, я жыву ў гэтым раёне, вуліца Cмаленская, дом 8, корпус 5…” А ён адказвае: “Я табе ня веру. Пакажы пашпарт з прапіскай”. Пашпарту ў мяне з сабой не было. Тады ён кажа “Ну й ідзі адсюль! Калі пашпарту няма, то й пытаньняў ніякіх быць ня можа!”

(Карэспандэнтка: ) “А раней вы да яго калі-небудзь зьвярталіся?”

(Спадар: ) “Ды я ня бачыў яго раней ніколі, нават ня ведаў, што ён такі ёсьць!”

Усіх ахвотных дэпутат Палаты прадстаўнікоў Глеб Іваноў запрашаў да сябе на прыёмы, якія ён час ад часу праводзіць у гарвыканкаме. Тым часам Вольга Карач размаўляла зь людзямі пра іхныя праблемы, бо яна перакананая, што мала хто з выбарцаў згодны хадзіць на прыём у чыноўніцкія кабінэты. Бо ўжо мала хто верыць, што ў гарвыканкаме або ў аблвыканкаме можна дабіцца праўды або дапамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG