Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У замежнай палітыцы Літвы стасункі зь Беларусьсю вылучаныя асобным пунктам


Уладзімер Глод, Менск Літва будзе “актыўна падтрымліваць намаганьні, якія дапамогуць Беларусі стаць прадказальнай, дэмакратычнай і незалежнай эўрапейскай дзяржавай, садзейнічаць прасоўваньню цесных сувязяў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, а таксама НАТО дзеля таго, каб пашырыць бясьпеку, стабільнасьць і дэмакратыю далей на Ўсход”. Пра гэта заявіў дзейны прэзыдэнт Літвы Артурас Паўлаўскас.

Новую канцэпцыю зьнешняй палітыкі Літвы спадар Паўлаўскас абвесьціў на сустрэчы з калектывам Віленскага ўнівэрсытэту 24 траўня. Паводле ягонага тлумачэньня, папярэдняя канцэпцыя, якая складалася з трох пунктаў — уступленьне Літвы ў Эўразьвяз, у НАТО і ўсталяваньне добрых стасункаў са сваімі суседзямі, — выкананая.

У новай доўгатэрміновай праграме 10 пунктаў: ад поўнай інтэграцыі краіны ў структуры Эўразьвязу да сумесных дзеяньняў з новай і старой літоўскай эміграцыяй. Стасункі зь Беларусьсю дзейны прэзыдэнт абвесьціў пад сёмым нумарам. З асобных краінаў вышэй стаяць толькі Расея і Польшча. Акрамя іх і Беларусі, дарэчы, адмысловую ўвагу афіцыйная Вільня зьвяртае яшчэ толькі на Ўкраіну.

Дэпутат сэйму Літвы Вацлаў Станкевіч тлумачыць асбалівую ўвагу сваёй краіны да Беларусі ня толькі суседзтвам і агульнай гісторыяй. На ягоную думку, Беларусь цяпер нельга пакідаць адну:

(Станкевіч: ) “Давайце глядзець рэальна на гэту справу. Мы можам не любіць Лукашэнку, мы можам не любіць, не паважаць вэртыкаль. Але ёсьць супольная мяжа, нелегальная міграцыя, тэрарызм, наркотыкі… Нашы міністры павінны размаўляць з вашымі міністрамі. Мы павінны глядзець стратэгічна на Беларусь. Мы будзем падтрымліваць апазыцыю, мы яе падтрымліваем. Але ня мець суадносінаў, не размаўляць зь міністрамі, намесьнікамі міністраў, губэрнатарамі, кіраўнікамі гарадоў і міністэрстваў — з гэтым я пагадзіцца не магу”.

Такі погляд Вацлава Станкевіча ўмацаваўся на апошнім літоўскім досьведзе:

(Станкевіч: ) “Мы прайшлі цяпер імпічмэнт. На працягу імпічмэнту Літва ўступіла ў НАТО і ўступіла ў Эўразьвяз. Заходнія краіны не адвярнуліся ад нас, што ў нас прэзыдэнт нейкі не такі. З былым прэзыдэнтам Паксасам не было ніякіх суадносінаў. Нашы міністры ўсюды езьдзілі, прэм’ер езьдзіў, парлямэнтары працавалі. Калі мы цяпер ня будзем размаўляць зь міністрамі, з прэм’ерам Беларусі, Лукашэнка нам будзе толькі ўдзячны. Трэба даць Беларусі шанец. Інакш мы загонім яе ў кут, і тады для Беларусі застанецца толькі адзін выбар — чырвоныя рэгіёны Расеі”.

Другая асоба Міністэрства замежных справаў Літвы — сакратар МЗС Эвалдас Ігнатавічус, які прымаў беларускіх журналістаў, упэўнены, што адмысловая палітыка ягонай краіны адносна Беларусі ня будзе супярэчыць агульнай палітыцы Эўразьвязу:

(Ігнатавічус: ) “Новая палітыка патрэбная якраз перадусім тут, на Ўсходзе. Мы вельмі актыўна ўключыліся ў гэты працэс: працуем і цяпер, і да нашага сяброўства ў Эўразьвязе. Мы падалі Брусэлю і свае прапановы, і сумесныя з Польшчай адносна палітыкі зь Беларусьсю. Пакуль канчатковых рашэньняў з боку Эўразьвязу няма. Цяпер, дарэчы, там дыскутуюцца і прапановы Эўракамісіі адносна абрысаў новага суседзтва. Мы лічым, і, падаецца, знаходзім усё больш саюзьнікаў, што Эўразьвязу зь Беларусьсю трэба працаваць у любым выпадку. Але рэалізацыя эўрапейскіх прапановаў залежыць перадусім ад Беларусі. Правілы гульні, прапанаваныя Эўразьвязам, ясныя: яны абапіраюцца на крокі беларускага ўраду насустрач у сфэрах правоў чалавека, выбарчага працэсу, доступу да сродкаў масавай інфармацыі”.
XS
SM
MD
LG