Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску адкрылася мастацкая выстава “Арт-сэсія 2004”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Гэта ўжо 13-я штогадовая студэнцкая выстава, у ёй узялі ўдзел студэнты мастацкіх факультэтаў ВНУ, якія вывучаюць асновы жывапісу, графікі, скульптуры, дызайну. Уведзены сёлета курс “Асновы ідэалёгіі” ў студэнцкай творчасьці не адбіўся.

Выстава студэнцкіх мастацкіх працаў праводзіцца ў Віцебску ўжо не ўпершыню, і ніякіх надзвычайных здарэньняў, зьвязаных зь лічбаю “13”, у часе ейнае працы не было, калі ня ўлічваць таго, што з адкрыцьцём арганізатары крыху спазьніліся. Дарэчы, адным з арганізатараў выставы ёсьць тая самая спадарыня, Марына Раманоўская, якая ажыцьцявіла ідэю праводзіць у Віцебску Міжнародны фэстываль сучаснае харэаграфіі ды шэраг іншых мастацкіх праектаў.

Афіцыйна гэтая студэнцкая выстава завецца “Конкурс-выстава візуальных мастацтваў”. І цяпер гэтую выставу таксама можна называць міжнароднай, бо да студэнтаў зь Беларусі, як і летась, сёлета зноў далучыліся маладыя творцы з Расеі ды Латвіі.

Звычайна на імпрэзах міжнароднага ўзроўню прадстаўнікі розных краінаў мкнуцца прадэманстраваць іншым свае выразныя этнічна-нацыянальныя адметнасьці. Аднак вельмі няшмат гэткіх адметнасьцяў можна было заўважыць у працах беларускіх студэнтаў, за выключэньнем хіба адзінага твору, выкананага з такога традыцыйнага матэрыялу як саломка, ды пары выцінанак — гэта ўжо амаль “кананічныя” “Дрэва жыцьця” ды “Птушкі”.

Прыкладна дзясятая частка твораў беларускіх студэнтаў мела беларускамоўныя назвы, прыкладам “Ружовы ўздых” ды “Інстынкт сутоньня”. Аднак аўтарка гэтых карцінаў, спадарыня Тацяна, адразу зазначыла, што па-беларуску не размаўляе, а наконт адсутнасьці выразных нацыянальных адметнасьцяў заўважыла:

(Тацяна: ) “Гэта даўняя спрэчка: паэт — ён толькі паэт, або яшчэ і грамадзянін? Проста ў мастакоў асаблівае ўспрыманьне сьвету, і яны не заўсёды лічаць патрэбным “апускацца на зямлю”. А ў Віцебску мастацтва ўвогуле заўсёды было такім паветраным ды абстрактным”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці не ўплывае на творчасьць студэнтаў вывучэньне адмысловага новага курсу “Асновы дзяржаўнае ідэалёгіі”?”

(Тацяна: ) “Мне здаецца, што пэўная апалітычнасьць нашае моладзі — гэта недапрацоўка моладзевых грамадзкіх аб’яднаньняў. Спадзявацца на тое, што дзяржаўныя навучальныя ўстановы здольныя разьвіць адэкватны палітычны сьветапогляд, я думаю, ня варта!”

Спадарыня Тацяна заўважыла яшчэ адну, дастаткова паказальную, на ейны погляд, дэталь. Шмат якія студэнцкія творы 13-й “Арт-сэсіі” ня маюць назваў. Яны так і падпісаныя: “Бяз назвы”. На думку спадарыні Тацяны, гэта выклікана тым, што, можа, якраз цяпер у сьветапоглядзе маладых творцаў адбываюцца нейкія працэсы, нейкія якасныя зьмены, у тым ліку і ў сэнсе нацыянальнага самавызначэньня. А гэта, у сваю чаргу, сьведчыць пра вялікія пэрспэктывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG