Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца супрацьстаяньне ў Наджафе


Кастусь Бандарук, Прага Ірацкія паўстанцы ў Наджафе заявілі, што не пакінуць горад пакуль амэрыканцы ня выканаюць іхныя патрабаваньні. Дараднік радыкальнага шыіцкага клірыка Мугтады Аль-Садра – Кайс Аль-Хазалі сказаў, што вывад паўстанцаў з Наджафу прыпыняецца, паколькі амэрыканцы не адказалі на іхную ранейшую прапанову.

Паўстанцы павінны былі пакінуць Наджаф да поўдня паводле мясцовага часу ў адпаведнасьці з апошняй прапановай Мугтады Аль-Садра. Ён выклаў свой плян спыненьня агню з чатырох пунктах, які ў Багдадзе зачытаў дараднік нацыянальнай Рады Бясьпекі Іраку Мувафак Аль Рубае.

(Рубае: ) “Я абвяшчаю маю згоду на наступны плян: заканчэньне ўсіх узброеных выступленьняў, вызваленьне ўсіх ўрадавых офісаў і ўстановаў, вывад з Наджафу ўсіх паўстанцаў арміі Магдзі, якія не паходзяць з гэтага гораду”.

Таксама ў адпаведнасьці з прапановай амэрыканцы павінны вярнуцца ў свае базы, а ў Наджафе іх павінна замяніць ірацкая служба бясьпекі. У замен, Мугтада Аль-Садр спадзяецца прыпыненьня крымінальнай справы супраць, пакуль ўладу ў Іраку не пяройме поўнасьцю сувэрэнны, ірацкі ўрад. Аль-Садр абвінавачваецца ў тым, што летась ён загадаў забіць Маджыда Аль-Хоэй, памяркоўнага, праамэрыканскага клірыка. Амэрыканскае камандаваньне ў Іраку абяцала, што пасьля апэрацыі раззбраеньня паўстанцаў, Мугтада Аль-Садр будзе перададзены ірацкім ўладам.

Патрабаваньні з боку Аль-Садра ўдакладніў ягоны прадстаўнік Асад Туркі Свары:

(Свары: ) “Патрабаваньні Мугтады ясныя – амэрыканцы мусяць пакінуць горад, вызваліць вязьняў, асабліва шыіцкіх студэнтаў, перастаць атакаваць сьвятыя месцы і прыніжаць мусульманаў, дазволіць правесьці свабодныя і справядлівыя выбары пад наглядам ісламскай арганізацыі і Арабскай лігі, запэўніць свабоду слова і не выступаць супраць народу з кулямі, як гэта рабіў Садам Хусэйн”.

“Мы згадзіліся на спыненьне агню, каб аднавіць двухбаковыя перамовы, і абодва бакі пагадзіліся на гэта”, – паведаміў генэральны сакратар Арганізацыі ісламскай акцыі шэйх Мухамэд Мусаві. Ён выказаў спадзяваньне, што ў перамовах возьмуць удзел прадстаўнікі Аль-Садра, амэрыканскага Кангрэсу, а таксама Вялікабрытаніі й ААН. Сёньня ў Наджаф з пасярэдніцкай місіяй прыбылі два сябры Кіроўнай рады Іраку.

Паўстанцы з арміі Магдзі выступалі з падобнымі прапановамі некалькі разоў, аднак гэтая прапанова зьявілася пасьля некалькіх тыдняў крывавых баёў у Наджафе, у якіх прыхільнікі Аль-Садра панесьлі вялікія страты. У сераду быў арыштаваны адзін з блізкіх памочнікаў Аль-Садра – Рыяд Аль-Нуры. У часе апошніх баёў як мінімум 24 чалавекі загінулі, а 50 былі параненыя. Сёньня ў Наджафе адбылося некалькі пахаваньняў, якія ператварыліся ў антыамэрыканскія дэманстрацыі.

Баі ў некалькіх гарадох распачаліся ў красавіку пасьля таго, як амэрыканскі адміністратар загадаў закрыць газэту Аль-Садра. Пакуль не вядома, ці амэрыканскі бок згадзіўся выканаць яго патрабаваньні. Кааліцыйныя сілы адмаўляюцца ад перамоваў з Аль-Садрам. Яны настойваюць на тым, каб сілы паўстанцаў былі распушчаныя, а сам шыіцкі клірык паўстаў перад судом.

Раней паступалі супярэчлівыя паведамленьні аб тым, што бакі падпісалі дамову, якая павінна закончыць працяглыя баі ў гэтым сьвятым для шыітаў горадзе. “Выглядае, што ўдалося разьвязаць сытуацыю мірным шляхам. Гэта вялікі посьпех”, – заявіў агенцтву АФП ананімны прадстаўнік амэрыканскага ўраду. Паводле іншага прадстаўніка адміністрацыі ЗША, пагадненьне ўдалося падпісаць “дзякуючы высілкам шыіцкага духавенства, якое намагалася схіліць Аль-Садра да спыненьня баёў”. Аднак шэйх Ахмэд Аль-Шайбані з Наджафу заявіў, што абвешчанае толькі спыненьне агню, аднак ніякага пагадненьня не было падпісана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG