Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Маркевічу наклад не вярнулі й далі штраф


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні разглядаліся дзьве адміністрацыйныя справы — адносна старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімера Чырвоненкі і галоўнага рэдактара газэты “День” Міколы Маркевіча. 7 красавіка ў Чырвоненкі міліцыя канфіскавала улёткі Народнай кааліцыі “5+”, і ў той жа дзень на Іўеўскім посьце ДАІ быў арыштаваны наклад газэты “День”.

Справай Міколы Маркевіча адміністрацыйная камісія займалася амаль дзьве з паловай гадзіны і прыняла рашэньне аштрафаваць яго на адну базавую велічыню, а наклад газэты “День” — канфіскаваць, хаця яго іўеўская міліцыя канфіскавала яшчэ напачатку мінулага месяцу. Пратакол на галоўнага рэдактара склалі толькі 29 красавіка па артыкуле 172, частка 3 — за распаўсюджваньне друкаваных выданьняў без выходных дадзеных.

Мікола Маркевіч давёў, што як рэдактар не займаецца распаўсюджаньнем, што газэта афіцыйна зарэгістравана і мае выходныя дадзеныя. Але камісія ўчапілася за тое, што ў канфіскаваным нумары было надрукавана меркаваньне кіраўніка незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага.

7 красавіка ў Горадні адбылася сустрэча грамадзкасьці з прадстаўнікамі кааліцыі “5+” з сталіцы. Неўзабаве міліцыянты затрымалі “Форд-Транзыт” Уладзімера Чырвоненкі. Улезьці ўнутры ён не дазволіў, запатрабаваўшы, каб былі панятыя і быў складзены пратакол. Пазьней прыехаў начальнік Ленінскага райаддзелу Ўладзімер Сычэўскі і сам адчыніў машыну. Там міліцыянтаў чакала багатая здабыча — наклад улётак кааліцыі 5+, прычым без выходных дадзеных. Сёньня на судзе высьветлілася, што міліцыянты пра ўлёткі зусім не ўспамінаюць, быццам іх і не было.

(Чырвоненка: ) “Каля сямі тысячаў было асобнікаў гэтых улётак. Але ня гледзячы на тое, што іх канфіскавалі, нідзе гэта не адлюстравана”.

Судзіць Чырвоненку вырашылі нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі, гэта артыкул 166 адміністрацыйнага кодэксу. Сьведкі, аднак, пацьвердзілі, што ўлезьці ў машыну міліцыянтам гаспадар не перашкаджаў. Прадстаўнік сп. Чырвоненкі Андрэй Кусяльчук выказаў пажаданьне, каб вярнулі ўлёткі, але прадстаўнік Ленінскага райаддзелу сказаў, што іх зьнішчылі.

(Кусяльчук: ) “Спадар Чырвоненка будзе пісаць скаргу, і гэтыя ўлёткі яны павінны будуць хіба што зноў надрукаваць. Бо, каб іх зьнішчыць, патрэбна было рашэньне суду. А да рашэньня суду яны павінны былі захоўвацца. Міліцыя парушыла правы Чырвоненкі, незаконна затрымаўшы яго, дык яна яшчэ і незаконна зьнішчыла гэтыя ўлёткі, калі яны сапраўды зьнішчаныя”.

Судовае паседжаньне па адміністрацыйнай справе Ўладзімнра Чырвоненкі будзе працягнутае на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG