Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусы – найбольш праэўрапейскія славяне з былога СССР”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава – гэтак піша ў сёньняшнім нумары польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza”, камэнтуючы вынікі апошняга апытаньня расейскіх сацыёлягаў.

“Масква хоча, каб з часам «чацьверка» – Расея, Казахстан, Украіна і Беларусь, ператварылася ў нешта накшталт усходняга адпаведніка Эўразьвязу, на што згодныя Менск і Астана. Гэта аднак, не перашкаджае беларусам быць найбольш праэўрапейскім славянскім народам на прасторы былога Савецкага Саюзу. Амаль 30% зь іх хочуць жыць у аб’яднанай Эўропе”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Паводле польскага штодзёньніка, гэта можна патлумачыць беднасьцю і павялічэньнем колькасьці беларусаў, якія адмоўна ставяцца да палітыкі Лукашэнкі.

“Gazeta Wyborcza” падкрэсьлівае, што дзяржаўны Ўсерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі, які рабіў апытаньне, зрабіў яго адмыслова, каб давесьці, што ідэя інтэграцыі славянскіх дзяржаваў, што ўваходзілі калісьці ў склад Савецкага Саюзу, надалей папулярная сярод жыхароў гэтых краінаў. Гэта, паводле штодзёньніка, слабы бок расейскага дасьледаваньня.

“Gazeta Wyborcza” падае таксама словы Ўладзімера Петухова – аднаго зь кіраўнікоў Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі, які кажа, што больш дэталёвае вывучэньне вынікаў дасьледаваньня паказвае, што на думку апытаных, ніякія інтэграцыйныя працэсы не павінны шкодзіць нацыянальным інтарэсам іхных краінаў.
XS
SM
MD
LG