Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаны камітэт у абарону Марыніча


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вядомы журналіст расейскага тэлеканалу ОРТ Павал Шарамет заявіў пра стварэньне камітэта грамадзкай абароны Міхаіла Марыніча. Заснавальнікі камітэту лічаць, што рэпрэсіі да Міхаіла Марыніча працягваюць шэраг дзеяньняў, якія прадпрымаліся супраць Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Генадзя Карпенкі і іншых апазыцыянэраў.

26 траўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Цэнтры правоў чалавека вядомы журналіст ОРТ Павал Шарамет абвесьціў пра стварэньне камітэту грамадзкай абароны Міхаіла Марыніча. Паводле Паўла Шарамета, грамадзтва мусіць супрацьстаяць кампаніі палітычнага гвалту, якая зноў пачалася ў Беларусі.

(Шарамет: ) “Чым бліжэй будуць парлямэнцкія выбары, тым колькасьць гэтых пісталетаў у поліэтыленавым пакунку і ахвяраў падобных апэрацыяў спэцслужбаў будзе расьці з кожным днём. Марыніч — гэта першая ластаўка. Нездарма ён быў абраны ў якасьці першай ахвяры”.

Шарамет меў на ўвазе, што на лецішчы Міхаіла Марыніча супрацоўнікі КГБ знайшлі баявы пісталет у поліэтыленавым пакеце. Хоць на ім не знайшлі адбіткаў пальцаў Міхаіла Марыніча, палітыка ўсё роўна абвінавацілі ў незаконных дзеяньнях са зброяй і на гэтай падставе ўжо месяц утрымліваюць у ізалятары. Заявы Міхаіла Марыніча пра тое, што гэтую зброю яму падкінулі, сьледчыя да ўвагі не прымаюць. Адмовіліся сьледчыя КГБ і ад выкарыстаньня паручальніцтваў вядомых асобаў як ад падставы для замены арышту на падпіску аб нявыязьдзе. Між тым, усё новыя людзі дасылаюць свае паручальніцтвы за Міхаіла Марыніча, а ў шэрагу арганізацыяў, у тым ліку міжнародных, зьбіраюць подпісы ў абарону былога амбасадара.

Паводле Паўла Шарамета, камітэт грамадзкай абароны Міхаіла Марыніча створаны, каб узмацніць голас пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. “Марыніч, як у свой час Карпенка, стаў чалавекам, вакол якога пачалося аб’яднаньне дэмакратычных сілаў грамадзтва. Таму супраць яго гэтак дзейнічае ўлада”, — лічыць Павал Шарамет.

Тым часам адвакат Марыніча Вера Страмкоўская паведаміла, што некалькі разоў скардзілася ў пракуратуру на парушэньні закону з боку сьледчых, але гэтыя скаргі не былі задаволеныя. Адвакат заявіла, што мае намер зьвярнуцца ў суд, каб дамагчымся зьмены меры ўтрыманьня для Міхаіла Марыніча. Паводле яе, былы міністар утрымліваецца ва ўмовах, якія не адпавядаюць стану ягонага здароўя. Вось што яна паведаміла Свабодзе пра ўмовы ўтрыманьня Міхаіла Марыніча:

(Страмкоўская: ) “Ён утрымліваецца ў камэры для трох чалавек. А зараз не атапліваюць, вельмі вільготна ў гэтай камэры. Між тым, у яго хвароба сардэчна-сасудзістай сыстэмы. І хаця ён трымаецца, ц яго такая цудоўная ўсьмешка, але я бачу, што ён страчвае фізычныя сілы”.

Паводле Веры Страмкоўскай, Міхаіл Марыніч атрымлівае пошту, газэты і цяпер ужо мае магчымасьць глядзець у камэры тэлевізар.
XS
SM
MD
LG