Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя сустрэлася з Хаўерам Салянам


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнічая дэлегацыя беларускай апазыцыі, якая на запрашэньне старшынства Рады міністраў Эўрапейскага зьвязу знаходзілася ў Брусэлі, сустрэлася зь вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў справе зьнешняй палітыкі й абароны Хаўерам Салянам і правяла перамовы ў МЗС Бэльгіі. Якія вынікі візыту беларускай дэлегацыі ў сталіцу Бэльгіі і перамоваў з кіраўніцтвам Эўразьвязу?

Як сьцьвярджаецца ў афіцыйным прэсавым рэлізе Эўразьвязу па выніках сёньняшніх перамоваў Хаўера Саляны зь беларускай апазыцыяй, гэтая сустрэча дазволіла кіраўніцтву Эўрапейскага зьвязу сфакусавацца на палітычнай сытуацыі ў Беларусі, асабліва напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. “Эўрапейскі зьвяз зацікаўлены бачыць Беларусь, якая скончыла бы палітыку ізаляцыі і далучылася да агульнай Эўропы. Кастрычніцкія выбары — гэта магчымасьць для ўладаў Беларусі прадэманстраваць сваю гатовасьць ісьці да дэмакратыі і агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцяў”, — сьцьвярджаецца ў сёньняшнім паведамленіі Эўразьвязу.

Адзін зь сяброў беларускай дэлегацыі Вінцук Вячорка гэтак ацаніў вынікі перамоваў у Брусэлі:

(Вячорка: ) “Сам факт сустрэчы найвышэйшага магчымага ўзроўню з кіраўніцтвам Эўрапейскага зьвязу ёсьць палітычным учынкам. І як сказаў сам спадар Саляна, гэта ёсьць пачатак пастаянных і сыстэмных кантактаў. Вельмі важным было тое, што спадар Саляна падкрэсьліў двайны падыход да цяперашніх урадаў Беларусі і да грамадзянскай супрльнасьці. Натуральна, гаворка ішла пра эвалюцыйную зьмену сытуацыі ў Беларусі, якая вельмі важная для Эўрапейскага зьвязу. Будуць уважліва прааналізаваныя тыя крокі, якіх мы бы чакалі ад Эўразьвязу ў пляне стварэньня яснай канцэпцыі стасункаў зь Беларусьсю, у пляне каардынацыі стаўленьня да Беларусі паміж усімі асноўнымі арганізацыямі, падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, адкрытасьці Эўрапейскага зьвязу для беларускага грамадзтва і народу, але не для рэжыму”.

Вінцук Вячорка паведаміў, што на адрозным стаўленьні Эўразьвязу да ўладаў і грамадзтва Беларусі настойвала беларуская дэлегацыя, і гэта было адразу прынята спадаром Салянам. Гэта значыць, што любая праграма падтрымкі Беларусі з боку Эўразьвязу будзе скіраваная на грамадзтва і народ, але не на ўмацаваньне рэжыму.

(Вячорка: ) “Зразумела, гэта ўзровень палітычнай размовы, і да канкрэтыкі мы будзем пераходзіць па меры рэалізацыі дасягнутых першых паразуменьняў”.

Спадар Вячорка зазначыў, што падчас учорашняга сэмінару па праблемах Беларусі ў брусэльскім Цэнтры эўрапейскай палітыкі дыпляматы з краінаў-сяброў Эўразьвязу цікавіліся чаканьнямі апазыцыі ад Эўразьвязу напярэдадні восеньскіх выбараў, пыталіся пра магчымы рэфэрэндум аб трэцім тэрміне А.Лукашэнкі і наконт ролі Расеі ў беларускай сытуацыі. Беларускія палітыкі ў шматлікіх перамовах казалі і пра тое, што прыхільнікам эўрапейскай інтэграцыі ў Беларусі патрэбны зварот ад імя Эўразьвязу, што пры ўмове вяртаньня да дэмакратычных каштоўнасьцяў Беларусь можа быць правадзейным сябром Эўрапейскага зьвязу. Вінцук Вячорка пераказвае рэакцыю на гэтую прапанову камісара Эўразьвязу ў справе пашырэньня і палітыкі суседзтва:

(Вячорка: ) “Гюнтэр Фэрхойген сказаў, што безумоўна, мы ўправе паставіць такое пытаньне пра сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе”.

Іншы сябар беларускай дэлегацыі Мікола Статкевіч пацьвердзіў, што пазыцыя ўсіх беларускіх апазыцыянэраў была супольнай. Галоўны вынік перамоваў у Брусэлі, на думку Статкевіча, такі:

(Статкевіч: ) “Эўрапейскі саюз будзе надаваць шмат увагі Беларусі, ён адмаўляецца працаваць зь беларускім урадам, а будзе актыўна працаваць зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Спадар Саляна сказаў, што неабходна адзінства апазыцыі, што трэба даць зразумець грамадзтву, што ёсьць альтэрнатыва, скарыстацца выбарамі, каб пазыцыянавацца і зрабіць так, каб наш голас быў пачуты. І сказаў, што Эўрапейскі саюз будзе дапамагаць беларускай дэмакратыі”.

Паводле Мікалая Статкевіча, прадстаўнікі Эўразьвязу заявілі пра сваю гатовасьць шукаць магчымасьцяў працаваць зь Беларусьсю, мінуючы афіцыйныя ўлады. Сёньня частка апазыцыйнай дэлегацыі, лідэры партыяў і дэпутаты, накіраваліся ў Бэрлін, дзе заўтра пачнуцца перамовы з прадстаўнікамі ўраду і парлямэнту Нямеччыны.
XS
SM
MD
LG