Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэчы на "Таўкачыках"


Зьміцер Падбярэскі, Менск Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Выданьне “Па-за тактам” мы пачынаем у незвычайных абставінах. Справа ў тым, што мы прыехалі на Любаньшчыну, дзе адзначаецца сьвята Юр’я і адначасова праходзіць трэці дзень фэстывалю “Таўкачыкі”. Нас сустракае проста нейкі фэнамэнальны эскорт зь людзей, з народных выканаўцаў, і тое, што тут будзе наогул адбывацца, мы й пачуем далей на працягу гэтай праграмы. Такім чынам, мы ў Любані, мы на трэцім дні фэстывалю “Таўкачыкі”.

Канечне, трэба адзначыць, што ўмовы для натурных, аўтэнтычных запісаў сёньня ня вельмі спрыяльныя: моцны вецер, дождж час ад часу, але ж я вельмі ўражаны тым, што тут адбываецца. Адразу некалькі гуртоў сьпяваюць юраўскія, веснавыя песьні, і гэта робіць надзвычайнае ўражаньне. І самае дзіўнае, што побач з сталага ўзросту жанчынамі шмат моладзі, якая сьпявае гэтыя старадаўнія беларускія песьні”.

Уласна кажучы, заключны, трэці дзень фэстывалю “Таўкачыкі” складаўся зь дзьвюх частак. Спачатку мы зрабіліся сьведкамі рэстаўрацыі абраду сьвяткаваньня Юр’і, калі вялізны ланцуг людзей, апранутых у народныя строі, зь юраўскімі песьнямі выправіўся ў поле да сьвятога каменя, вакол якога наладзілі карагод. Потым непасрэдна ў полі пасярод узыходзячага жыта абрад працягваўся, а сталых гадоў кабеты згадвалі, як трэба сустракаць гэтае сьвята. Паслухаем”.

(Спадарыня: ) “А на Юр’ю красныя яйца каталі, усялякія абярогі рабілі — ад ведзьмаў там. Старыя людзі выходзілі ў поле, і дзетак нас вадзілі — раніцай да сонца, мыцца на росу на гэтую на жыце. Вот так во набіралі расу й мыліся, і расу тую зьбіралі ў бутэлечкі, несьлі дадому”.

(Другая спадарыня: ) “Калі там нехта занядужае, там якое дзіця, дык гэтай росай мазалі”.

(Падбярэскі: ) “Пасьля таго, як мы зрабіліся сьведкамі сьвята Юр’і, нас сустрэлі ў Любаньскім раённым Доме культуры скокамі беларускімі. Зь Менску прыехалі групы “Юр’я”, “Палац”, “Нагуаль”, дзяўчаты з ансамблю “Госьціца”, Натальля Матыліцкая, якіх годна падтрымалі мясцовыя артысты. Варта адзначыць, што прыём быў надзвычай цёплы, калі не сказаць — энтузіястычны. А прапанова наладзіць заключны канцэрт “Таўкачыкаў” менавіта ў Любані зыходзіла ад начальніка раённага аддзелу культуры спадара Каткаўца, якому я і задаў колькі пытаньняў. Спадар Васіль! А нашто вам усё гэта трэба?”

(Васіль Каткавец: ) “Я думаю, што трэба. Народныя карані, народныя вытокі, тыя абрады і сьвяты, якія існавалі, мы сёньня спрабуем адрадзіць. На тое, каб сучасная моладзь, нашыя людзі не забывалі, адкуль іхны карані, не забывалі сваіх традыцыяў, сваіх песень, сваіх танцаў і абрадаў. Мы адрадзілі такі абрад як масьленіца, у нас ён як провады зімы робіцца, на нашым рэгіянальным матэрыяле, у нас ёсьць цэлы русальны тыдзень, у нас ёсьць цудоўны фальклярыст Павал Міхайлавіч Шпілеўскі, які 180 гадоў таму нарадзіўся ў вёсцы Шыпілавічы нашага Любаньскага раёну. Ён з тых энтузіястаў, адзін з тых краязнаўцаў, фальклярыстаў, хто паказаў прыгажосьць нашага народу, яго мілагучную мову, традыцыі і абрады. У яго ёсьць юраўскі абрад, запісаны ў нашай Менскай губэрні, у яго ёсьць дажынкі, у яго ёсьць цудоўныя падарожныя нататкі. Таму я лічу, што вялікая праграма, якую мы цяпер склалі — “Зьбірайма сваё беларускае”, у рамках гэтай праграмы ажыцьцявілі цэлы праект “Танцавальны фальклёр і дзеці”. Лягічным вынікам гэтага ўсяго і сталася гэтае народнае сьвята Юр’я”.

(Падбярэскі: ) “Вы на Любаньшчыне далучыліся да адноўленага фэстывалю “Таўкачыкі”. Вось на гэтых “Таўкачыках” часам гучыць музыка, якую можна аднесьці да стылю фолк-мадэрну. Як вы асабіста адносіцеся да таго, што маладыя беларускія музыканты па-новаму, па-сучаснаму чытаюць фальклёрную спадчыну?”

(Каткавец: ) “Станоўча! І падтрымліваю, таму што ідзе час, мяняюцца людзі, атмасфэра. Разам з тым тая народная песьня, хоць яна і атрымлівае інтэрпрэтацыю ў сучаснай манеры, але яна ўспрымаецца, і ўспрымаецца ў першую чаргу моладзьдзю! А калі яна ўспрымае яе ў такой варыяцыі, то яна, мабыць, далучаецца і да народнай песьні”.

(Падбярэскі: ) “Дык фальклёр для вас — гэта музэй ці зьява, якая разьвіваецца?”

(Каткавец: ) “Для нас фальклёр ні ў якім разе не музэй! Для нас гэта частка той вялікай работы, частка нават той вялікай асьветніцкай працы, якую сёньня робяць і работнікі культуры, і мы далучаем да гэтай справы нашыя калектывы, а праз калектывы далучаем нашую моладзь. Так што я думаю, што гэта толькі частка вялікай справы”.

(Падбярэскі: ) “Калі казаць пра вынікі сёлетніх “Таўкачыкаў” у цэлым, неабходна адзначыць, што фэстываль адкрыў некалькі новых калектываў, сярод якіх я адзначыў бы найперш групу “Яваровы людзі”. Фэстываль засьведчыў, што фальклёрная і фолк-мадэрнавая плыні ў сучаснай беларускай музыцы разьвіваюцца, пашыраючы арсэнал сродкаў выразнасьці і выказваньня, а таму ў гэтым сэнсе “Таўкачыкі” маюць усе шанцы вырасьці з часам у значны, эўрапейскага маштабу фэст, бо гэта ўжо сёньня такое сьвята музыкі, якое мае непадробную, шчырую атмасфэру. Што пацьвярджае, між іншых, удзельнік групы “Палац” Зьміцер Карабач”.

Зьміцер! Гэты фэстываль, які адбыўся ў Менску, у Любані — ён нясе ў сабе нейкія прыкметы той савецкасьці, якая існавала ў ранейшыя гады?”

(Зьміцер Карабач: ) “Ну не! Той камень, што ляжаў на полі… Калі я падыходзіў да яго і ліў такі вялікі дождж, я пачаў яго адводзіць рукамі, і хутка ён прапаў, гэты дождж. Я тады падышоў да гэтага каменя, а гэты камень, ведаеш, такі магічны, я хацеў да яго дакрануцца, а камень той не хацеў, каб я да яго дакрануўся, але я яго ўсё ж такі ўзяў. І дождж скончыўся”.

(Падбярэскі: ) “Я крыху пра іншае. Скажам, у параўнаньні з 1994 годам, калі мы разам былі ў Рудольштаце, гэты фэстываль пакінуў нейкія ўражаньні?”

(Карабач: ) “Я думаю, што гэта пачатак нечага незвычайнага і цікавага, таго, што можа заінтрыгаваць, уразіць хоць бы тых жа немцаў, таму што ў іх такога вось няма! Гэтыя коўдры, посьцілкі, што былі вывешаныя на платах у вёсцы, — гэта мяне так уразіла! А гэты стол, што вяскоўцы зрабілі пасярод вуліцы, — гэта таксама было супэр!”
XS
SM
MD
LG