Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Французы і ня хочуць бачыць "хрысьціянства" у Эўраканстытуцыі?


Кастусь Бандарук, Прага Пытаньне згадкі пра Бога і хрысьціянскія карані ў Канстытуцыі Эўразьвязу чарговы раз сталася прадметам спрэчак краінаў-сябраў Эўразьвязу. Сем з 25 краінаў Эўразьвязу патрабуюць адмыслова заявіць пра хрысьціянскую спадчыну Эўропы ў прэамбуле Канстытуцыі.

У прэамбуле праекту Канстытуцыі, які падрыхтаваў былы прэзыдэнт Францыі Валеры Жыскар дэ Стэн, гаворыцца толькі пра “культурную, рэлігійную і гуманістычную спадчыну Эўропы”. Згадку пра хрысьціянства і Бога некаторыя краіны лічыць занадта спрэчнай. Да іх належаць такія сэкулярызаваныя краіны, як Францыя і Бэльгія, а таксама пратэстанцкія, скандынаўскія краіны Швэцыя і Данія. Яны даводзяць, што не выпадае ігнараваць габрэяў і мусульманаў, і таму лепш увогуле ня згадваць ніякую рэлігію. Таксама міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэк Строў лічыць, што калі гаворыцца пра адну рэлігійную традыцыю, дык трэба сказаць і пра іншыя.

У якасьці кампрамісу прадстаўнікі хрысьціянскіх дэмакратаў у Эўрапарлямэнце прапанавалі запісаць пра “юдэа-хрысьціянскія карані” Эўропы, аднак Эўрапарлямэнт адкінуў і гэтую прапанову. Пасьля гэтага сем краінаў, у тым ліку Італія, Польшча, Літва, Мальта, Чэхія і Славаччына выступілі са спэцыяльным зваротам ў справе згадкі пра хрысьціянства ў Канстытуцыі.

“Гэтае пытаньне застаецца прыярытэтам як для нашых урадаў, так і для мільёнаў грамадзянаў Эўропы”, – напісалі яны, зьвяртаючыся да Ірляндыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.

Першапачаткова іх падтрымлівала і Гішпанія, аднак зьмяніла сваю пазыцыю пасьля перамогі сацыялістаў на выбарах у сакавіку сёлета. “Гішпанія – каталіцкая краіна, але ў пытаньні Канстытуцыі наш урад займае сьвецкую пазыцыю і выказваецца за тэкст Канстытуцыі ў цяперашнім выглядзе”, – заявіў міністар замежных справаў Гішпаніі Мігуэль Ангэл Марацінас.

Са свайго боку Польшча прапануе скарыстаць фармулёўку зь ейнай уласнай Канстытуцыі, дзе сказана пра тых, што “верыць у Бога, крыніцу праўды, справядлівасьці, дабра і прыгажосьці, як і тых, што ня вераць у Бога, але паважаюць гэтыя ўнівэрсальныя каштоўнасьці, хаця і выводзяць іх зь іншых крыніцаў”.

Польшча ня хоча расчараваць Папу, які выразна настойвае на тым, каб у Канстытуцыі была згадка пра хрысьціянства. У адгартацыі “Царква ў Эўропе” Папа пісаў: “Цягам стагодзьдзяў Эўропа была прасякнутая хрысьціянствам. Царква сфармавала духоўнае аблічча Эўропы... Зь біблійнай канцэпцыі чалавека Эўропа ўзяла тое, што найлепшае ў ейнай гуманістычнай канцэпцыі, чэрпала натхненьне для інтэлектуальнай і мастацкай працы, выпрацавала юрыдычная нормы і абараняла правы чалавека. Хрысьціянскія карані зьяўляюцца гарантам будучыні Эўропы”. Так лічыць Папа Ян Павал ІІ.

Урад Польшчы памятае, што сваёй заявай Папа выдатна паўплываў на палякаў, каб у часе рэфэрэндуму аб далучэньні да Эўразьвязу яны прагаласавалі за далучэньне.

Мяркуецца, што пытаньне згадкі хрысьціянства ня будзе вырашанае да саміту Эўразьвязу 17 чэрвеня, калі мае быць прынятая эўрапейская Канстытуцыя. Некаторыя лічыць, што да гэтага часу тэкст Канстытуцыі ўвогуле ня будзе ўзгоднены, і пры тым зь іншай прычыны. Рэч у тым, што краіны Эўразьвязу ня могуць дамовіцца ў іншым пытаньні: колькі краінаў і зь якой колькасьцю жыхароў могуць заблякаваць прыняцьце нейкага сумеснага рашэньня.
XS
SM
MD
LG