Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыніча не выпускаюць з-пад варты


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сьледчыя, якія вядуць справу Міхаіла Марыніча, адхілілі шэраг паручыцельстваў, якія падалі вядомыя ў Беларусі асобы з просьбай да суду вызваліць Марыніча з-пад варты. Між тым, кампанія за вызваленьне былога міністра, якога ўтрымліваюць ў ізалятары КГБ “амэрыканка”, працягваецца.

25 траўня Ўладзімер Ганчарык даведаўся, што ягонае паручыцельства за Міхаіла Марыніча сьледчы КГБ адхіліў. Гэткае рашэньне сьледзтва былога кандыдата на прэзыдэнта не зьдзівіла. Уладзімер Ганчарык не сумняецца ў палітычных прычынах перасьледу Міхаіла Марыніча:

(Ганчарык: ) “Ён цывілізаваным шляхам ідзе да сваёй мэты. Мэту гэтую пазначыў — удзел у парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах. Таму я мяркую, супраць яго гэта такія палітычныя гульні. Няма доказаў, дык трэба сабраць улікі, каб сфальшаваць нейкую справу”.

На мінулым тыдні разам з Уладзімерам Ганчарыкам аб вызваленьні Міхаіла Марыніча праз асабістыя паручыцельствы хадайнічалі таксама былыя судзьдзі Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў і Міхаіл Пастухоў, кіраўнік аб’яднаньня “Альтэрнатыва 21”Сяргей Балыкін, рэдактар “Белорусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна, прафэсар Георгі Лепін. Гэтыя паручыцельствы таксама не прынятыя да ўвагі.

Міхаіла Марыніча з 26 красавіка, ужо амаль месяц, утрымліваюць у сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка”. Яго абвінавачваюць у незаконных дзеяньнях зь пісталетам, які паводле сьледзтва нібыта знайшлі ў яго на лецішчы. Між тым, Міхаіл Марыніч заяўляе, што гэты пісталет яму падкінулі.

Адвакат Вера Страмкоўская падала ў пракуратуру чарговую скаргу на сьледчых КГБ. Гэтым разам абаронца зьвяртае ўвагу на тое, што паводле закону, справу аб захаваньні незаконнай зброі мусяць расьсьледаваць не ў КГБ, а ў мясцовым райаддзеле міліцыі.

У сваякоў Міхаіла Марыніча свая вэрсія наконт таго, чаму гэтай звычайнай справай дагэтуль займаюцца спэцслужбы:

(Ігар Марыніч: ) “У камітэту сілаў і магчымасьцяў нашмат болей. Таму апасаюся, як бы ім не захацелася знайсьці якога-небудзь крымінальніка, які возьме на сябе адказнасьць за пранікненьне на лецішча. Скажа: маўляў, я туды залез, знайшоў там пісталет, спалохаўся ды ўцёк. Такі прыём дастаткова вядомы”, — казаў сын Міхаіла Марыніча Ігар.

Тым часам працягваецца змаганьне за тое, каб да суду Міхаіла Марыніча вызвалілі з-пад варты. Чарговыя паручыцельствы за экс-міністра падалі дэпутаты парлямэнцкай групы “Рэспубліка” Валер Фралоў, Уладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец і дэпутат Уладзімер Навасяд.

А дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Людміла Гразнова сабрала подпісы 32 эўрапейскіх палітыкаў з аб’яднаньня “Эўрапейскі рух”. Паводле Людмілы Гразновай, у гэтым звароце да беларукіх уладаў зьмешчанае патрабаваньне вызваліць Міхаіла Марыніча, а таксама спыніць перасьлед апазыцыйных палітыкаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і незалежных мэдыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG