Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя сустракаецца з кіраўніцтвам Эўразьвязу


Валер Каліноўскі, Менск У Брусэлі з трохдзённым візытам знаходзіцца прадстаўнічая дэлегацыя беларускай апазыцыі. На запрашэньне старшынства Рады міністраў Эўрапейскага зьвязу ў сталіцу Бэльгіі накіраваліся 10 лідэраў беларускіх палітычных партыяў, арганізацыяў і рухаў. Яны прапанавалі Эўразьвязу сваю праграму дачыненьняў зь Беларусьсю — “Пяць крокаў да дэмакратызацыі Беларусі”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі ад імя старшынства Эўразьвязу, мэта гэтага візыту — “правядзеньне сустрэчаў з вышэйшым кіраўніцтвам эўрапейскіх інстытутаў”, а менавіта зь вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў справе зьнешняй палітыкі і абароны Хаўерам Салянам, генэральным дырэктарам Эўракамісіі па зьнешніх сувязях Энэка Ландабуру, камісарам у справе Эўрапейскай палітыкі суседзтва Гюнтэрам Фэрхойгенам, дзяржміністрам ураду Ірляндыі ў справе міжнароднага супрацоўніцтва і правоў чалавека Томам Кітам ды іншымі афіцыйнымі асобамі.

Адзін зь сяброў беларускай дэлегацыі лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў Свабодзе пра вынікі сустрэчаў з Энэка Ландабуру і Томам Кітам, якія прайшлі ў першай палове дня:

(Лябедзька: ) “Па-першае, было адзначана, што Эўрапейскі зьвяз не практыкуе сустрэчаў з апазыцыяй. Гэта выключны выпадак, і ён падкрэсьлівае тое, што Эўразьвяз разглядае Беларусь як пэрспэктыўную для дэмакратыі краіну. На сустрэчах у нас была адна супольная пазыцыя, выпрацаваная і збалянсаваная. Мы прэзэнтавалі “Пяць крокаў Эўрапейскага зьвязу да дэмакратызацыі Беларусі”: гэта падтрымка на палітычным узроўні, узмацненьне прысутнасьці Эўразьвязу ў Беларусі праз адкрыцьцё свайго прадстаўніцтва ў Менску альбо стварэньне спэцыяльнай місіі, каардынацыя дзейнасьці суб’ектаў міжнароднай супольнасьці, прыняцьцё эўрапейскіх ініцыятываў па Беларусі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. І ўсе гэтыя прапановы былі прынятыя да ведама. Было заяўлена, што адбудзецца іх аналіз, і натуральна, што Эўразьвяз будзе рабіць адпаведныя захады”.

Анатоль Лябедзька таксама паведаміў, што зь беларускага боку прапаноўваліся і канкрэтныя ініцыятывы, напрыклад, распаўсюджваньне ў Беларусі вялікім накладам дакладу Хрыстаса Пургурыдэса ды іншыя.

Спадар Лябедзька выказаў задаволенасьць беларускай дэлегацыі першымі сустрэчамі, зазначыў, што міністар Том Кіт, напрыклад, ведаў сытуацыю ў Беларусі ў дэталях. Кіраўніцтва Эўразьвязу не атаясамлівае народ Беларусі з уладай, самаізаляцыя якой не павінна перашкаджаць супрацоўніцтву з грамадзянскай супольнасьцю і народам Беларусі, — такі тэзыс гучаў падчас сёньняшніх перамоваў у Брусэлі. Сама паездка апазыцыі сьведчыць пра такую волю Брусэлю, — упэўнены А. Лябедзька. Ён кажа, што апазыцыя паспрабуе ўзьняць цікавасьць да Беларусі, да будучай выбарчай кампаніі.

Сёньня ўвечары беларуская дэлегацыя сустракаецца з камісарам Эўразьвязу ў справе эўрапейскай палітыкі суседзтва Гюнтэрам Фэрхойгенам і возьме ўдзел у сэмінары, прысьвечаным сытуацыі і праблемам у Беларусі ў Цэнтры эўрапейскай палітыкі. На заўтрашнюю раніцу заплянаваныя перамовы прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з кіраўніком зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хаўерам Салянам.
XS
SM
MD
LG