Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меру стрыманьня для Леванеўскага пакінулі бязь зьменаў — два месяцы ў СІЗА


Сяргей Астраўцоў, Горадня Старшыня страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі надалей застанецца ў сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы. Суд, які адбыўся сёньня, пакінуў меру стрыманьня для яго ранейшай — два месяцы за кратамі. Леванеўскі абвінавачаны ў крымінальным злачынстве — публічнай зьнявазе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, спалучанай з абвінавачаньнем яго ў зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства. За гэта ў Крымінальным кодэксе прадугледжана турэмнае зьняволеньне.

Валеры Леванеўскі і ягоны адвакат Аляксандар Бірылаў падалі скаргу на меру стрыманьня для абвінавачанага. Леванеўскага пасадзілі ў сьледчы ізалятар на два месяцы — на час, пакуль сьледзтва па ягонай справе будзе праводзіць Ленінская раённая пракуратура гораду. Сёньня Ленінскі раённы суд разгледзеў скаргу і пакінуў меру стрыманьня ранейшай.

Кіраўніка страйкаму абвінавачваюць у тым, што ён распаўсюдзіў улётку з заклікам прадпрымальнікаў да страйку, а таксама “з тэкстам яўна абразьлівага характару, які выражаны ў зьнявазе гонару і годнасьці прэзыдэнта РБ”. Далей у сьледчай пастанове удакладнена, што адначасова ў тэксьце ёсьць “абвінавачаньне прэзыдэнта ў зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства — у злоўжываньні ўладай асобай пры пасадзе, якая займае адказнае становішча”. А значыцца, падсумавалі сьледчыя, — у наяўнасьці публічная абраза прэзыдэнта.

З гэтай казуістыкі немагчыма зразумець — што за тэкст быў надрукаваны ва ўлётцы. А справа ў вершыку на расейскай мове, які падпісаны прозьвішчам “Чукоўскі”. Верш месцамі непрыстойны. У ім, аднак, няма ні імя, ні пасады кіраўніка краіны. Сьледчыя, тым ня менш, працягваюць шукаць аўтара гэтага вершыка. Перш за ўсё, іх цікавяць сваякі Леванеўскіх, прычым ня толькі ў Горадні.

(Леванеўская: ) “Зьвяртаюцца да сваякоў і шукаюць “Чукоўскага”, хочуць знайсьці аўтара гэтага верша. Шукаюць таксама і ў Гарадзенскай вобласьці. У вёску Сямёнаўка прыяжджалі, шукалі”.

Вёска Сямёнаўка знаходзіцца ў Бераставіцкім раёне, зь якога паходзіць маці Марыны Леванеўскай. Марына Леванеўская сёньня першым разам панесла перадачу для Валерыя ў сьледчы ізалятар. Ёй сказалі, што можна двойчы на месяц перадаць да 15 кіляграмаў прадуктаў і рэчаў.

(Леванеўская: ) “Лекі буду перадаваць: анальгін, асьпірын, валер’янку — як звычайна. Якія-небудзь вітаміны трэба, яблыкі, апэльсіны. Што яшчэ — бялізну, адзеньне”.

Аднак перадаць гэта аказалася ня так проста. У маленькім памяшканьні пры турме было шмат людзей. Спадарыня Леванеўская пачакала, а потым запісалася ў чаргу. Каля трох гадзінаў дня яна яшчэ ня ведала, ці ўдасца сёньня ўвогуле перадаць мужу ўсё патрэбнае, ці ўжо давядзецца заўтра з самай раніцы займаць чаргу.

У сьледчым ізалятары Валеры Леванеўскі знаходзіцца з 19 траўня.
XS
SM
MD
LG