Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадзіна памяці Васіля Быкава ў Полацку


Вінцэсь Мудроў, Полацак Сёньня ў цэнтральнай полацкай бібліятэцы імя Францішка Скарыны была зладжаная імпрэза пад назваю “Гадзіна памяці Васіля Быкава” з удзелам сталічных і мясцовых літаратараў. Пры гэтым у вялікай бібліятэчнай залі – што бывае вельмі рэдка – не было вольных месцаў.

Падчас імпрэзы гучала шмат добрых словаў на адрас вялікага пісьменьніка. Асабліва пранікнёным было спавешчаньне выкладчыцы Полацкай нацыянальнай гімназіі Тамары Гарэлікавай, якая апавядала пра творчасьць майстра са сьлязьмі на вачох.

Вядомы беларускі празаік Анатоль Кудравец расказаў пра свае сустрэчы з Васілём Быкавым, згадаўшы між іншага, як яны ў складзе пісьменьніцкіх дэлегацыяў наведвалі Заходнюю Нямеччыну. Паводле словаў сталічнага празаіка, Васіля Быкава на нямецкай зямлі найбольш уражвалі чысьціня на вуліцах і навачасныя аўтамабілі. А самога Кудраўца ўражвала павага тамтэйшых літаратараў да нашага клясыка, якія, убачыўшы беларускага калегу, узрадавана гукалі: “Wassil Bykau!”

Пры канцы “Гадзіны памяці” прагучалі вершы пра Васіля Быкава ў выкананьні кіраўнічкі тэатру-студыі “Гармонія” Валянціны Нагорнай, а спадар Кудравец падараваў бібліятэцы нумары часопісу “Новый мир” за 1966 год з аповесьцю “Мёртвым не баліць”, якія дагэтуль захоўваліся ў ягоным асабістым кнігазборы. Часопісы гэтыя папоўняць экспазыцыю кніжак, якія Васіль Быкаў свайго часу падараваў бібліятэцы, у даравальных надпісах неадменна называючы Полацак “сьвятым месцам”.
XS
SM
MD
LG