Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі з правамі чалавека?


World - Human rights logo

World - Human rights logo


Прайшло яшчэ амаль два стагодзьдзі, перш чым была прынятая Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека. Гэты дакумэнт 10 сьнежня 1948 года ў парыскім палацы Шаё зацьвердзілі дэлегаты трэцяй сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. І з 1950 году 10 сьнежня ва ўсім сьвеце адзначаецца як Дзень правоў чалавека.

“За тэкст Дэклярацыі галасавалі 1400 разоў”

Прыняцьце Ўсеагульнай дэклярацыі – першы досьвед калектыўнай распрацоўкі ўнівэрсальнага дакумэнту па правах чалавека. Наколькі сур’ёзна паставіліся дэлегаты сэсіі Генэральнай асамблеі ААН да тэксту Дэклярацыі, распавядае Аляксандар Крэц, дарадца па пытаньнях чалавечага вымярэньня офісу АБСЭ ў Менску:

“Калі тэкст Дэклярацыі паступіў ў Генэральную асамблею ААН, 58 краінаў-сяброў арганізацыі галасавалі 1400 разоў па тэксту, літаральна па кожнаму слову. Але Дэклярацыю ўрэшце прынялі (8 краінаў – сяброў ААН устрымаліся). У працэсе дапрацоўкі дэклярацыі ўдзельнічаў увесь сьвет”.

У СССР тэкст Дэклярацыі па правах чалавека немагчыма было знайсьці ў ніводнай бібліятэцы. Толькі на пачатку 1980-х гадоў тэкст быў надрукаваны ў “Литературной газете”. Гэта было сапраўдным прарывам – савецкія людзі даведаліся, да прыкладу, што яны маюць права абіраць краіну пражываньня, свабодна перамяшчацца па сьвеце...

Беларускі праваабарончы рух фармальна пачаўся пры канцы 1980-х, калі быў створаны “Мартыралёг Беларусі”. Але значная частка грамадзкіх праваабарончых арганізацыяў зьявілася ў сярэдзіне 1990-х. Найбольш сур’ёзныя і ўплывовыя, якія працуюць зараз – Беларускі Хэльсынскі камітэт, які днямі адзначыў сваё 12-годзьдзе, “Вясна”, зарэгістраваныя ў Літве “Праваабарончы альянс”, “Над бар’ерам”.

“З сацыяльнымі правамі становіцца ўсё горш”

Якія правы чалавека часьцей за ўсё парушаюцца ў Беларусі? Меркаваньне выканаўцы абавязкаў старшыні Беларускага Хэльсынскага Камітэту Алега Гулака:

Канечне, найбольшыя праблемы ў сфэры палітычных і грамадзянскіх правоў. Але апошнім часам мы бачым, што і з сацыяльнымі правамі становіцца намнога горш, і яны таксама парушаюцца досыць сур’ёзна”.

Вось ужо дзясятак гадоў праваабарончыя арганізацыі рыхтуюць аналітычныя агляды “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі”. І мінулагодні агляд “Вясны”, да прыкладу, склаў больш за 500 старонак. Колькі чалавек у Беларусі было затрымана і рэпрэсавана па палітычных матывах – дакладнай лічбы ня ведае ніхто. Паводле ацэнак праваабаронцаў – некалькі тысяч (толькі летась за падзеі на Кастрычніцкай плошчы адбывалі адміністрацыйныя пакараньні каля 600 чалавек).

У Беларусі цяпер чатыры палітзьняволеныя

Вязьнямі сумленьня “Міжнародная амністыя” прызнала ў розныя гады каля 50 беларусаў. Цяпер у краіне чатыры палітзьняволеныя: Аляксандар Казулін, Андрэй Клімаў, Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч.

У сёньняшняй заяве праваабарончага цэнтру “Вясна”, у прыватнасьці, адзначаецца: “У Беларусі выкарыстоўваецца крымінальны і іншы перасьлед грамадзка-палітычных апанэнтаў рэжыму, актыўна ўжываюцца прэвэнтыўныя, адвольныя затрыманьні і адміністратыўныя арышты. Узмацніўся ціск КДБ на грамадзянскую супольнасьць краіны”.

Уплывовыя міжнародныя арганізацыі ўважліва сочаць за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Сёлета на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН выступіў спэцыяльны дакладчык па пытаньнях аб становішчы ў Беларусі Адрыян Сэвэрын; рэгулярна зьяўляюцца заявы “Amnеsty International”, “Freedom House”, Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, Дзярждэпартамэнту ЗША. Адна з 12-ці ўмоваў Эўразьвязу для больш шчыльных кантактаў зь Беларусьсю – вызваліць палітвязьняў у Беларусі, даць свабоду СМІ.

Алесь Бяляцкі: “Зрухі ёсьць. Я б назваў іх гайданьнем...”

Старшыня праваабарончай арганізацыі “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначае, сытуацыя з правамі чалавека застаецца па-ранейшаму складанай, але апошнім часам зрухі ёсьць:

“Крыху ёсьць. Я б назваў іх гайданьнем то ў адзін бок, то ў другі. Што тычыцца гэтага году, ён, мабыць, вызначаецца адносным спакоем. З аднаго боку, адчуваецца ўсё той жа прэсінг на актывістаў грамадзянскай супольнасьці, з другога боку, больш за 20 крымінальных спраў, якія былі заведзеныя сёлета, скончыліся толькі зьняволеньнем аднаго Андрэя Клімава. І гэта ёсьць паказьнікам пэўнай асьцярожнасьці беларускіх уладаў”.

Гутару з выканаўцам абавязкаў старшыні БХК Алегам Гулакам:

Карэспандэнтка: “На вашу думку, якія найбольш вострыя зараз праблемы?”

Гулак: “Тут гледзячы па чым лічыць вастрыню. Калі па жорсткасьці – перш за ўсё, рэпрэсіі палітычныя супраць актывістаў дэмакратычнага руху – пасадкі незаконныя, крымінальныя справы. Але калі глядзець па маштабах, у колькасным вымярэньні – то намнога часьцей парушаюцца правы простых грамадзян, шмат людзей сутыкаецца з парушэньнем права на справядлівы суд, з катаваньнямі, з парушэньнем працоўных правоў”.

У Беларусі няма амбудсмэна

Афіцыйны Менск лічыць, што з правамі чалавека ў краіне ўсё ў парадку. Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў, дзе няма ўпаўнаважанага па правах чалавека, амбудсмэна. Затое ў парлямэнце ёсьць адмысловая камісія па правах чалавека на чале з Юрыем Кулакоўскім. Сёньня, у Дзень правоў чалавека, ніводнага з сямі сяброў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у парлямэнце не было – маўляў, працуюць у акругах. І таму запытацца, якія з правоў чалавека ў Беларусі ніколі не парушаюцца, якія правы дзяржава гарантуе і выконвае, не было ў каго.
XS
SM
MD
LG