Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы пакуль ня ведаем, хто перамог на выбарах Старшыні БНФ. Але мы ведаем, што Фронт глыбока і радыкальна падзелены.


Калі б нейкі далёкі ад палітыкі чалавек увайшоў у залю ДК МАЗ падчас выступу Вінцука Вячоркі, ён бы ніколі не падумаў, што прамаўляе лідэр партыі, палова якой хоча яго адстаўкі. Ніякія абставіны ня могуць зьмяніць непахісны вячоркаўскі стыль – сухі, бездакорны, прафэсарскі. Не было аніякіх рытарычных прыёмаў, эмацыйных усплёскаў, удалых жартаў. Як экспрэсіўна адзначыў Пётра Садоўскі, “справаздача Вячоркі была занадта паліткарэктная”: “Вячорка працаваў у сто разоў лепей, чым ягоная справаздача”. Нават у такой крытычнай сытуацыі Вячорка не пажадаў (альбо ня здолеў) вырвацца за рамкі свайго палітычнага падыходу, палітычнага тэмпэрамэнту.

Што павінен такога зрабіць кіраўнік партыі, каб заслужыць наступныя словы ад дэлегата Андрэя Юркова: “Ня ведаю, ці зробіць лепш замена лідэра, але ведаю, што горш ня будзе”.

“Шэры кардынал ня можа быць каралём”?


Калі кажуць, што ў Вячоркі няма харызмы, то здаецца, у Міхалевіча яе яшчэ менш. Ці, можа, ягоныя прыхільнікі лічаць, што яна можа раскрыцца толькі на пасадзе старшыні? Затое дакумэнты ягоныя на зьезьдзе былі падрыхтаваныя лепш за іншых, у іх, як у добрай рэклямнай брашуры, пра героя выказваюцца вядомыя людзі – Мілінкевіч, Севярынец, старшыня “Бацькаўшчыны” Макоўская, лідэр прадпрымальнікаў Шумчанка. Міхалевіч дзейнічае тэхналягічна, ён размаўляў пэрсанальна ці ня з кожным дэлегатам зьезду, ён абяцае, што падчас ягонага кіраўніцтва БНФ павінен прыйсьці да ўлады. У Вячоркі, відаць, не хапае нахабства абяцаць такое...

Мне гэта міжволі нагадвае Вярхоўны Савет 12-га скліканьня – “на віду” былі палымяныя трыбуны, але раптам на важныя пасады вылучаліся і выбіраліся людзі, якіх ніхто з журналістаў амаль ня ведаў. Віктар Івашкевіч пасьля першага туру (у якім ён атрымаў 26 галасоў) сказаў: “Алесь Міхалевіч яшчэ ня стаў публічным палітыкам. Журналісты дасюль у мяне пытаюцца, хто гэта такі...”

Але самае парадаксальнае, што Міхалевічу, здаецца, гэта і ня трэба, ён кулюарны баец, яму патрэбныя галасы дэлегатаў, а ня індэкс цытаваньня ў прэсе, якім ганарыцца Івашкевіч. Але – як сказаў гарадзенскі дэпутат Сяргей Мальчык, “шэры кардынал ня можа стаць каралём”.

Апошняя ідэйная партыя?

Зрэшты, сёньняшняе супрацьстаяньне ў БНФ – гэта ня столькі процістаяньне асобаў і характараў. Гэта прынцыпова розны падыход да палітычнай дзейнасьці.

“Не хачу і не дазволю, каб БНФ, – на маю думку, адзіную ў Беларусі ідэйную партыю – ператварылі ў “NGO-шку” для палітбізнэсу невялікай групы”, – здаецца, самая яркая цытата Вячоркі і самы “празрысты” ўкол у бок Міхалевіча. І яшчэ адна – “не хачу і не дазволю, каб Народным фронтам маніпулявалі звонку”. Некаторыя дэпутаты адкрыта казалі, што рух Аляксандра Мілінкевіча “За свабоду” вярбуе сваіх сяброў у шэрагах Фронту і АГП.

Дылема ў тым, ці застанецца БНФ ідэйнай партыяй, партыяй з 1990-х гадоў, заснаванай на агульных каштоўнасьцях і гісторыі, ці яна стане больш падобнай на тыя партыйныя і грамадзкія структуры 2000-х, дзе ўспрымаюць палітычную дзейнасьць як звычайную працу, якая павінна аплачвацца. Скажам умоўна, “рамантычны” і “прагматычны” падыход. Забаўна было слухаць, як некаторыя дэлегаты, падтрымліваючы Міхалевіча, распавядалі, як ён дапамог ім у цяжкую хвіліну. Чым дапамог? Добрым словам, мудрай парадай?

Як бы ні скончыўся ў нядзелю зьезд БНФ, Фронт не застанецца тым самым.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG