Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Арашонак – удзельнік праграмы “Ў што я веру”



Яшчэ два гады таму я верыў у Буду, у Крышну, у саенталёгію, у афрыканскае боства Мулунгу, у антрапаморфныя палачкі айнаў… Я верыў шмат у што, але ня верыў у сябе.

У душы не было пастаянства, маё пачуцьцё аўтэнтычнасьці знаходзілася пад пагрозай – я залежaў ад меркаваньня іншых людзей, чакаў ад іх адабрэньня, імкнуўся ім спадабацца. A cам-насам мне рабілася невыносна. Здавалася, што нават вазонная кветка – альяс “Вера” – на падвоканьні адчувае сябе больш шчасьлівай.

І мне хацелася нарадзіцца нанова – нарадзіцца альясам “Вера”, жыць у вазоне, каб пяшчотныя рукі праціралі мае смарагдавыя лісьцікі, даглядалі, выстаўлялі штодня на сонца...

Сваё жаданьне перанарадзіцца расьлінай я абвясьціў у лісьце да Ангелікі – нямецкай сяброўкі, якая шмат год захаплялася Ўсходам. Адказ прыйшоў на двух аркушах, але галоўнае зьмяшчалася ў трох кароткіх сказах: “Du steckst noch ganz im Aberglauben. Such den Ausweg in deiner eigenen Seele. Glaube, weil ich an dich glaube!” / “Табой яшчэ бязьмежна кіруюць забабоны. Шукай выйсьця ва ўласнай душы. Вер, бо я веру ў цябе!”

І я зрабіў крок ва ўласную душу. І ўбачыў неабсяжны прастор веры, на якім зьявіліся парасткі рацыянальнага і стваральнага. Незаўважна зьнікла жаданьне нарадзіцца альясам – павага да жыцьця і чалавецкасьці зрабіліся падмуркам душы. Я зразумеў, што паверыць у сябе – гэта паверыць у жыцьцё, у жыцьцё, падпарадкаванае заўсёдным каштоўнасьцям.

Цяпер я веру ў сябе: магу мець уласнае меркаваньне, зьмяняць яго, пагаджацца зь меркаваньнямі іншых, ствараць новае меркаваньне, але вера ў сябе нязьменная, яна не залежыць ад абставінаў і пачуцьцяў.

Я веру ў сваю хросную дачку Кацю. Нашы душы злучаюцца ў цэлы космас, мы вольныя сярод яго мірыядаў зор, бо верым адзін у аднаго.

“Заўтра патэлефаную. Мы абавязкова сустрэнемся”, – чуе мая сяброўка па тэлефоне і ведае, што гэта адбудзецца, бо яна верыць мне. Яна верыць, што ў заўтрашні дзень вярнуся сёньняшні я.

Мая ўнутраная вера надае мне крылы, я лячу верабейкам на яе вэранду. Мы верым, што і верасьнёўскім ранкам бывае цёпла…

Я веру ў сваю душу, як верыць бацька ва ўласную дачку. У яе ёсьць дзіця, імя якому – Свабода. Маю душу і маю свабоду немагчыма забараніць, бо немагчыма забараніць маю ўнутраную веру.

Я веру ў сябе і ў цябе таксама, мой дарагі слухач Радыё Свабода. Я веру ў цябе, як у частку чалавецтва, якому сёньня, як ніколі, так неабходныя любоў, справядлівасьць і міласэрнасьць.

* * *

Арцём Арашонак – малады літаратар зь Віцебску. Ляўрэат літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай, перастварыў кнігу Германа Гесэ “Сідхартха” (2007), выдаў уласную кнігу паэзіі “Сэнр’ю” (2007).
XS
SM
MD
LG