Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Міжнародная арганізацыя “Transparency international” зрабіла справаздачу, прысьвечаную карупцыі ў судовай сыстэме. Экспэрты адзначаюць пагаршэньне сытуацыі з карупцыяй сярод судзьдзяў у Расеі, Малдове, Грузіі, Азербайджане, іншых краінах СНД. Ці ўласьціва Беларусі праблема карупцыі судовай сыстэмы?

Агульны карупцыйны рэйтынг Беларусі штогод зьніжаецца: чатыры гады таму Беларусь была на 54 месцы, праз год на 74, у 2005 годзе ўжо на 107. Паводле апошніх дасьледаваньняў міжнародных экспэртаў у галіне карупцыі Беларусь апусьцілася ніжэй за 150 месца.
Агульны карупцыйны рэйтынг Беларусі штогод зьніжаецца

Сёлета “Transparency international” правяла адмысловыя дасьледаваньні карупцыі ў судовай сыстэме і высьветліла пагаршэньне становішча найперш у краінах Усходняй Эўропы і СНД. Адносна Расеі экспэрты зрабілі выснову: “Палітычныя сілы павялічылі ступень свайго ўплыву на судовую сыстэму ў Расеі”.

Ці ўласьціва гэта і Беларусі? “Наша судовая сыстэма ня менш карумпаваная. Калі хабар бяруць іншыя чыноўнікі, то і судзьдзям дастаецца”, — мяркуе былы судзьдзя Гары Паганяйла. Вядомы праваабаронца адзначае палітычны складнік праблемы.

“Калі мы кажам пра карупцыю, то вядзем гаворку ня толькі пра атрыманьне патрэбнага рашэньня за хабар. Гэта таксама і тое, калі суд кіруецца не законам, а іншымі меркаваньнямі. Прыкладам, дагадзіць уладзе, зрабіць так, каб грамадзянін прайграў у спрэчцы з дзяржаўным чыноўнікам. Фактычна суды бяруць бок не грамадзяніна, а ўлады, яны ляглі пад уладу”.

Паводле дасьледчыкаў з “Transparency international”, карупцыі ў судовай сыстэме спрыяе закрытасьць і залежнасьць судзьдзяў ад адной з галінаў улады. У Беларусі права прызначаць судзьдзяў мае толькі прэзыдэнт. Гары Паганяйла ведае толькі адзін выпадак, калі судзьдзю вызвалілі ад пасады за карупцыю. “Гэта адбылося ў Магілёўскай вобласьці. Магчыма, ёсьць і іншыя выпадкі, калі адпраўляюць у адстаўку ці на пэнсію, але шырока пра гэта ня кажуць”, — мяркуе праваабаронца.

А як стаяць справы з адкрытасьцю працэсаў над карупцыянэрамі?

На мінулым тыдні зьявілася інфармацыя пра прысуд былому першаму намесьніку кіраўніка ідэалягічнай управы адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімеру Холаду. Чыноўніка прызналі вінаватым у хабары і асудзілі на 8 гадоў калёніі. Ня толькі гэты працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, але і прысуд быў абвешчаны без журналістаў і сваякоў. Пра гэта даведалася журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш, правёўшы адмысловае расьсьледаваньне.

“Я размаўляла з жонкай спадара Холада, і яна мне сказала, што яе ў суд не запрасілі. Сказалі, што працэс закрыты і яна ня мае права прысутнічаць. І тое самае сказалі сваякі супрацоўнікаў КДБ, якіх асудзілі за зьбіцьцё Зянона Ломаця. Ім таксама сказалі, што працэс закрыты і нават на прысуд не пусьцілі”.

Незалежныя назіральнікі адзначаюць, што раней у Беларусі не было выпадкаў, каб людзей не пускалі на абвяшчэньне прысуду нават у закрытым працэсе.
5 гадоў асудзілі за атрыманьне хабару дваіх судзьдзяў

Прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Анастасія Цымановіч паведаміла: за апошнія 5 гадоў асудзілі за атрыманьне хабару дваіх судзьдзяў. Але абвінавачаньне ў карумпаванасьці ўсёй судовай сыстэмы супрацоўніца суду не прыняла.

“Штогод значную колькасьць судзьдзяў караюць у службовым парадку за парушэньні закону пры разглядзе справаў: за несвоечасовасьць разгляду, за нізкую культуру судовай дзейнасьці. Але гэта не зьвязана з карупцыяй”.

XS
SM
MD
LG