Лінкі ўнівэрсальнага доступу

38 працэнтаў беларусаў лічаць, што ў СССР было менш карупцыі



9 сьнежня у сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень супраць карупцыі. Адпаведнае рашэньне прыняла Генэральная асамблея ААН у 2004 годзе. Годам раней Генасамблея зацьвердзіла Канвэнцыю ААН супраць карупцыі, якую на гэты момант падпісалі больш за 140 дзяржаваў. Амэрыканскі фонд Gallup правёў сусьветнае апытаньне з мэтай высьветліць, як людзі ацэньваюць узровень карупцыі ў сваіх краінах.

Вынікі сусьветнага апытаньня Gallup’а сьведчаць, што на прасторы былога Савецкага Саюзу становішча з карупцыяй стала горшым, чым у часы СССР. Прынамсі, так думаюць 57 працэнтаў апытаных у 14 краінах былога СССР. Апытаньне не праводзілася ў Туркмэністане. 18 працэнтаў апытаных заявілі, што ў параўнаньні з СССР узровень карупцыі застаўся ранейшым, а 8 працэнтаў лічаць, што ён зьменшыўся.

Лічба 57 працэнтаў – гэта сярэдняя па ўсіх 14 краінах. Экспэрты Gallup’а склалі і рэйтынг карумпаванасьці ў былым СССР, як гэта цяпер ёсьць ва ўспрыманьні жыхароў на гэтай тэрыторыі. На першым месцы апынуўся Кіргізстан – у гэтай краіне 85 працэнтаў апытаных заявілі, што цяпер карупцыі стала больш, чым было ў савецкія часы. На другім месцы Расея – там такой думкі прытрымліваюцца 75 працэнтаў апытаных. Першую тройку замыкае Літва з 74 працэнтамі.

Суседка Беларусі Ўкраіна займае чацьвёртае месца – 66 працэнтаў апытаных там заявілі, што цяпер з карупцыяй горш, чым было раней. Экспэрты зьвяртаюць увагу, што партыя Юліі Цімашэнкі, якая выступае пад антыкарупцыйнымі лёзунгамі, мела посьпех на нядаўніх парлямэнцкіх выбарах менавіта на хвалі засьцярогаў грамадзтва, што іх вынікі будуць сфальшаваныя. Перад выбарамі партыю Цімашэнкі зарэгістравалі толькі дзякуючы суду.

Беларусь сярод 14-ці краінаў заняла 12-е месца – 38 працэнтаў апытаных беларусаў заявілі, што цяпер з карупцыяй стала горш, чым было ў СССР. Экспэрты лічаць гэта неблагім паказьнікам. Пасьля Беларусі ідуць Эстонія (37%) і Ўзбэкістан (34%).

Беларусь знаходзіцца сярод некалькіх дзясяткаў дзяржаваў сьвету, якія ня толькі падпісалі Канвэнцыю ААН супраць карупцыі, але і ратыфікавалі яе.
XS
SM
MD
LG