Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандру Лукашэнку ўручаць ордэн Вызваліцеля



Працягваецца візыт афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Вэнэсуэлу. Галоўная мэта паездкі за акіян — асваеньне нафтавых радовішчаў у гэтай краіне, зь якіх Беларусь будзе мець 40% ад агульнага аб’ёму здабычы. Апроч таго, прадстаўнікі беларускіх вытворчых прадпрыемстваў намагаюцца перанакіраваць у гэтую лацінаамэрыканскую краіну прадукцыю, якая ня можа канкураваць на эўрапейскім рынку.

“Беларусы могуць арганізаваць свае рэзыдэнтуры”


У Каракасе Аляксандра Лукашэнку прымалі як найвышэйшага госьця — з вайсковым парадам, выкананьнем дзяржаўнага гімна Беларусі і г.д. Апроч таго, Лукашэнка вылучаны на атрыманьне найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Вэнэсуэлы — ордэну Вызваліцеля. Ордэн гэты, які ўручаецца за “выбітныя заслугі перад Радзімай”, прысуджае асабіста кіраўнік Вэнэсуэлы. Прадстаўнікоў Эўропы сярод кавалераў ордэну Вызваліцеля яшчэ не было.

У найбліжэйшым атачэньні кіраўніка Беларусі — дзяржсакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман, які часьцей за іншых чыноўнікаў наведваў Вэнэсуэлу, а таксама міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў, першы віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Сямашка.

Паводле афіцыйных крыніцаў, паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай падпісана 70 двухбаковых дакумэнтаў, а агульная сума кантрактаў перавысіла 650 мільёнаў даляраў. Пасьля візыту чакаецца істотная карэкцыя лічбаў у бок іх падвышэньня. Абвешчана, што бакі распачалі стварэньне сумесных прадпрыемстваў у галінах здабычы нафты, сэйсмавыведкі, вытворчасьці будматэрыялаў. Плянуецца пастаўка ў Вэнэсуэлу беларускай аўтамабільнай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай тэхнікі, а таксама побытавай — тэлевізараў, лядоўняў, пыласосаў, мікрахвалёвак і г.д. Ужо бліжэйшым часам у Вэнэсуэле паводле беларускага праекту будзе пабудаваны аграгарадок на 5 тысяч жыхароў.

Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што выхад на новыя рынкі, якія ў бальшыні выпадкаў ужо падзялілі паміж сабою прамыслова разьвітыя краіны, — гэта выключна станоўчы факт:

“Любы новы рынак прадугледжвае досыць істотную дынаміку ў разьвіцьці...”
Можна ствараць свае “рэзыдэнтуры”, зарабляць там грошы, гандлюючы іхнім таварам, іхнімі рэсурсамі.

Карэспандэнт: “А той факт, што краіна аддаленая ад Беларусі геаграфічна, можа накладаць свой адбітак?”

“Гэта, вядома, больш складаны варыянт. Але ж глябалізацыя прадугледжвае магчымасьць гандляваць на той тэрыторыі ня толькі сваім таварам, але і таварам гэтай дзяржавы. Можна ствараць свае “рэзыдэнтуры”, зарабляць там грошы, гандлюючы іхнім таварам, іхнімі рэсурсамі. Цяпер адлегласьці — ня самае галоўнае. Менавіта складнік, зьвязаны з паслугамі, з працай там, ён нашмат больш выгадны з гледзішча затратаў, у першую чаргу матэрыяльных. Матэрыяльныя выдаткі зьніжаюцца. І гэта вельмі добры фактар”.

В. Мацкевіч: “На Вэнэсуэле хтосьці добра заробіць”


Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Валянцін Мацкевіч не такі аптыміст, што да беларуска-вэнэсуэльскіх адносінаў. Ён перакананы, што геаграфічная аддаленасьць усё ж мае сваю спэцыфіку і кіраваць працэсамі праз інтэрнэт ці тэлефон не заўсёды прадуктыўна. Зь іншага боку, ён не выключае, што ў сумесных праектах дзяржаўныя інтарэсы шчыльна перакрыжоўваюцца з асабістымі:

“Вядома, любое супрацоўніцтва мае на мэце эканамічную выгаду. Але з прычыны значнай аддаленасьці адной краіны ад другой такія эканамічныя стасункі наўпрост на тую ж энэргетычную галіну ня вельмі будуць уплываць. Мне здаецца, што ўсё ж у першую чаргу тут задзейнічаныя нейкія прыватныя інтарэсы. І вось у такім, прыватным парадку асобныя людзі могуць з гэтага насамрэч мець вялікую выгаду.
Мне здаецца, што ўсё ж у першую чаргу тут задзейнічаныя нейкія прыватныя інтарэсы.

Наконт таго, што атрымае з гэтага Беларусь як дзяржава, — натуральна, дзяржаўныя структуры, далучаныя да некаторых праектаў, атрымаюць за сваю працу аплату. А калі глядзець па нафце, то ў жывым выглядзе да Беларусі яна, вядома, не даедзе, выгады ў гэтым ніякай няма. Абяцаюць, што яе здабудуць і потым прададуць. Але гарантыяў, што атрыманыя грошы пойдуць на тое, каб набыць нафту ў той жа Расеі, таксама няма. Бо ўсе схемы будуць непразрыстыя”.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка возьме ўдзел у адкрыцьці Нацыянальнай выставы Беларусі ў Каракасе, на якой маюць экспанаваць свае тавары і паслугі больш за 200 беларускіх вытворцаў. Пасьля гэтага пачнуцца перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса. Таксама плянуецца сумесная паездка прэзыдэнтаў у ваенны гарадок блізу вэнэсуэльскай сталіцы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG