Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд разгледзіць скаргу руху “За свабоду”


Судовы працэс пачнецца 18 сьнежня. Пра гэта нашаму радыё сёньня паведаміў Юрась Губарэвіч -- адзін з трох заяўнікаў скаргі.

Ён разам з Аляксеем Кавальцом і Аляксандрам Мілінкевічам ад імя заснавальнікаў Руху “За Свабоду” патрабуюць ад Міністэрства юстыцыі скасаваць рашэньне, якое адмаўляе ім у рэгістрацыі.

Юрась Губарэвіч гаворыць, што на сёньняшні дзень у міністэрства засталася толькі адна прэтэнзія – быццам, устаноўчы сход быў праведзены не ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону аб масавых мерапрыемствах:

“На іх думку, перад тым як сабрацца, мы мусілі падаваць заяву ў мясцовы выканкам, атрымаць дазвол і ўжо пасьля гэтага праводзіць устаноўчы сход.

А на нашу думку, гэта абсалютна не адпавядае заканадаўству, якое рэгулюе стварэньне грамадзкіх аб’яднаньняў. Там нідзе пра гэта не напісана. Гэта, як мы лічым, свавольства міністэрства”.

Рух “За Свабоду” ужо другі раз абскарджвае рашэньне міністэрства. Першы раз Вярхоўны суд прызнаў дзеяньні міністэрства адпавядаючымі заканадаўству. Пасьля гэтага заснавальнікі руху правялі паўторны ўстаноўчы сход і зноў падалі дакумэнты на рэгістрацыю. Аднак і другі раз Мінюст адмовіў ініцыятарам стварэньня руху.

XS
SM
MD
LG