Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Філарэт узнагародзіў Янку Запрудніка


Мітрапаліт Філарэт узнагародзіў мэдалём сьвяціцеля Кірылы Тураўскага вядомага беларускага эмігранта Янку Запрудніка. Уганараваць сябра прэзыдыюму Рады БНР прапанавалі сьвятар і прыхаджане Івянецкай царквы Эўфрасіньні Полацкай. Янка Запруднік цягам дзесяці гадоў спрыяў будаўніцтву храма.

Пра ўзнагароджаньне Янкі Запрудніка “Свабодзе” паведаміў прэсавы сакратар мітрапаліта Філарэта Андрэй Петрашкевіч.

“За спрыяньне ў будаўніцтве храма сьвятой прападобнай Эўфрасіньні Полацкай у гарадзкім пасёлку Івянец”.

Храм у Івянцы паўстаў на месцы, дзе раней стаяла царква дванаццатага стагодзьдзя. За савецкім часам у ёй зрабілі дрэваперапрацоўчы цэх, які потым згарэў. Адбудоўвалі царкву амаль дзесяць гадоў. І ўвесь гэты час Янка Запруднік з жонкай Надзеяй і Лізай Літаровіч дапамагалі вернікам.

“Згуртаваўшы людзей вакол царквы ў Амэрыцы, беларусы падтрымліваюць лучнасьць з царквой у Івянцы”

Па завяршэньні будаўніцтва сёлета ў кастрычніку настаяцель івянецкай царквы айцец Віктар Перагудаў разам з вернікамі напісалі прашэньне ўладыку Філарэту з просьбай узнагародзіць Янку Запрудніка.

“Кожны раз, прыяжджаючы ў Беларусь, Янка Запруднік наведвае Івянец. Мы разам молімся, размаўляем пра нашы пляны. Згуртаваўшы людзей вакол царквы ў Амэрыцы, беларусы падтрымліваюць лучнасьць з царквой у Івянцы. Дапамагалі нам у будаўніцтве, найперш малітвай. Потым былі гуманітарная дапамога і матэрыяльныя сродкі. Уладыка Філарэт станоўча прыняў наша прашэньне . І як вынік – узнагарода, мэдаль Кірылы Тураўскага. Гэта сьведчаньне таго, што нягледзячы на тое, дзе мы жывем, у нас адны сьвятыя, апекуны і заступнікі”, -- лічыць айцец Віктар Перагудаў.

Царква ў Івянцы


”Дзякуй вялікі Янку Запрудніку”

Жыхар Івянцу Мікалай Куксо разам з жонкай дапамагаў будаваць царкву і неаднаразова сустракаўся з Янкам Запруднікам.

“Гэта такі вельмі прыемны чалавек. Вельмі добра да нашай царквы паставіўся, да нашых вернікаў і дапамагаў матэрыяльна. Мы ўсе хадзілі дапамагаць будаваць. Я сам бэтон мяшаў на купала. Дзякуй вялікі Янку Запрудніку”, -- кажа Мікалай Куксо.

“Сэрца нашае лягло да гэтай сьвятой справы”

Янку Запрудніку паведамілі пра ўзнагароду праз электронную пошту, а пазьней пераслалі ў Амэрыку і мэдаль. Янка Запруднік і ягоная жонка Надзея – прыхаджане царквы імя сьвятой Эўфрасіньні Полацкай ў Саўт-Рывэры.

“Мы ўвесь час падтрымлівалі вернікаў. Мая жонка Надзя -- з Жыткавічаў. Некалі мы зь ёй там адбудоўвалі царкву. А ў Івянцы мы сустрэліся з айцом Віктарам Перагудавым. Пабачылі гэтага шчырага чалавека , добрага беларускага патрыёта і вялікага хрысьціяніна. Паслухалі іхнія малітвы па-беларуску, у тым ліку малітву “Магутны Божа”. І сэрца нашае лягло да гэтай сьвятой справы. мы дапамагалі ня толькі грашыма, але і пасылкамі, вопраткай, абуткам”, -- расказаў Янка Запруднік.

Мэдалямі сьвяціцеля Кірылы Тураўскага звычайна ўзнагароджваюць сьвятароў, грамадзкіх і дзяржаўных дзеячаў. Раней гэтую ўзнагароду атрымлівалі доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін, былы старшыня Менаблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч, кіраўніца хору Сьвята-Петрапаўлаўскага сабору Менску Ірына Дзянісава, калектыў Армянскага камэрнага хору Дзяржаўнай філярмоніі Армэніі ды іншыя.

Янка Запруднік нарадзіўся ў Наваградзкім павеце. У 1942 – 1944 гадах вучыўся ў прагімназіі й гандлёвай школе ў Баранавічах. Зь лета 1944-га - на эміграцыі. Браў удзел у беларускім скаўцкім руху. У 1948 – 1950 г. працаваў на шахтах у Вялікай Брытаніі. Скончыў гістарычны факультэт Лювэнскага ўнівэрсытэту, працаваў рэдактарам беларускай службы радыё "Свабода". З 1957 году ў ЗША. Абараніў у Калюмбійскім унівэрсытэце доктарскую дысэртацыю "Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай думе". Працаваў у нью-ёрскім аддзеле Радыё Свабода. Рэдагаваў газэту "Беларус". Аўтар кніг "Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях" і "Гістарычны слоўнік Беларусі".

Янка Запруднік уваходзіць у прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у склад Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, фонду імя П.Крэчэўскага, зьяўляецца сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Асацыяцыі амэрыканскіх славістаў, Украінскай акадэміі навук у Нью-Ёрку.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG