Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да магчымага адключэньня газу Беларусі засталося некалькі гадзін. Лукашэнка правёў тэрміновую нараду з урадам


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Маскве ў офісе “Газпрому” станам на 20 гадзін працягваліся перамовы наконт паставак расейскага газу ў Беларусь і транзыту яго ў Эўропу ў 2007 годзе. Кантракт не падпісаны. Расея можа адключыць Беларусі газ 1 студзеня а 9-й гадзіне раніцы. Беларускі бок, у сваю чаргу, прыгразіў спыненьнем транзыту расейскага газу ў Эўропу.

Першы віцэ-прэм''ер ураду Беларусі Уладзімер Сямашка ў нядзелю з раніцы праводзіў перамовы спачатку з намесьнікам старшыні “Газпрому” Валерыем Голубевым, а пасьля -- зь кіраўніком расейскай газавай манаполіі Аляксеем Мілерам.

Беларуская дэлегацыя меркавала завяршыць перамовы да 17 гадзін, каб да новага году вярнуцца дадому. Але квіткі на самалёт давялося здаць і прадоўжыць перамовы ў навагоднюю ноч.

Афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў паведаміў, што ягоная кампанія гатовая падпісаць кантракт на пастаўкі газу ў Беларусь хоць пад бой Курантаў.

Калі гэта не адбудзецца, то заўтра “Газпром” адключыць пастаўкі газу Беларусі. “Без кантракту ажыцьцяўляць пастаўкі мы не можам”, -- зноў заявіў Купрыянаў.

Пры гэтым транзытныя пастаўкі газу на Захад “Газпром” будзе ажыцьцяўляць ў поўным аб’ёме. Але раней беларускі бок прыгразіў, што закрые транзытныя вэнтылі, бо ў Расеі ня будзе і кантракту на транзыт газу праз Беларусь.

Самі перамовы падаюцца прадстаўніком “Газпрому” як напружаныя:

(Купрыянаў: ) “Пакуль падставаў для таго, каб мы маглі спакойна павіншаваць Беларусь з новым газам, на жаль, няма. З новым годам мы адзін аднаго павіншуем, але перамовы ідуць дастаткова напружана”.

Яшчэ ўчора спадар Сямашка ўпэўнена заяўляў пра дамоўленасьць наконт кошт газу для Беларусі ў 2007 годзе -- 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Акрамя таго спадар Сямашка паведамляў, што ёсьць дамоўленасьць аб грашовым варыянце аплаты Расеяй кошту акцыяў “Белтрангазу” – 2,5 мільярда даляраў.

Паводле беларускага боку, застаецца неўрэгуляваным пытаньне, якой будзе формула цэнаўтварэньня на газ Беларусі на 2008 – 2011 гады.

Расейскі "Газпром" настойвае на кошце газу для Беларусі ў 2007 годзе ў 105 даляраў за тысячу кубамэтраў і хоча аплочваць 50 адсоткаў акцыяў “Белтрансгазу” пастаўкамі газу.

На думку У. Сямашкі, кошт транзыту расейскага газу па тэрыторыі Беларусі мае падвысіцца з 0,5 даляра да 1,65 даляра за перампампоўваньне 1 тысячы кубамэтраў на 100 кілямэтраў.

Беларусь таксама прапануе з 2008 года па 2011 штогод прыбаўляць да кошту газу па 11 даляраў.

Прэсавы сакратар ураду Беларусі Аляксандар Цімашэнка, які знаходзіцца ў маскоўскай штаб-кватэры “Газпрому”, паведаміў Свабодзе, што станам на 20 гадзін менскага часу перамовы аб пастаўках газу ў Беларусь працягваліся.

(Цімашэнка: ) “ Перамовы працягваюцца. Спадзяюся, што яны завершацца яшчэ сёньня станоўчым вынікам. Хутчэй за ўсё мы тут застанемся да заўтра. Час ужо позьні. Цяжка сказаць, колькі будуць доўжыцца перамовы, нельга ваыключаць, што яны прадоўжацца і заўтра”.

У беларускім урадзе зазночаюць, што заўтра да перамоваў можа далучыцца і прэм’ер Сяргей Сідорскі.

У “Газпроме” таксама яшчэ спадзяюцца падпісаць кантракт да канца гэтага году – да бою курантаў. Віну за тое, што перамовы зацягнуліся да ночы, прадстаўнік Газпрому Сяргей Купрыянаў усклаў на беларускі бок. Калі кантракт ня будзе падпісаны, расейскі бок пагражае спыніць пастаўкі газу ў Беларусь заўтра раніцай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG