Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газ будзе каштаваць Беларусі 100 даляраў за тысячу кубамэтраў?


Валер Каліноўскі, Менск У эфіры першага канала Беларускага тэлебачаньня першы віцэ-прэм''ер ураду Беларусі Уладзімер Сямашка паведаміў, што дасягнутая дамоўленасьць пра кошт газу Беларусі на 2007 год ў памеры 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Кантракт пакуль не падпісаны. Калі ў нядзелю ня будзе пазытыўнага выніку, Расея можа адключыць Беларусі газ 1 студзеня а 9-й гадзіне раніцы. Беларускі бок, у сваю чаргу, прыгразіў спыненьнем транзыту расейскага газу ў Эўропу.

Паводле спадара Сямашкі, дамоўленасьць пра кошт газу і транзыту ўжо дасягнутая ў часе ягоных пісьмовых кантактаў з кіраўніком "Газпрому " Аляксеем Мілерам.

(Сямашка : ) "Мы абмяняліся некалькімі лістамі ўчора і сёньня, і сёньня я магу сказаць, што на 2007 год кошт газу ўзгоднены -- 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Другі пункт, які мы, як я лічу, ўзгаднілі,-- мы дамовіліся, што акцыі “Белтрансгазу” будуць аплочвацца толькі ў грашовай форме. Пры гэтым ёсьць варыянты -- альбо адначасова, альбо з растэрміноўкай плацяжу цягам не больш году за пэўную банкаўскую стаўку".

Паводле Сямашкі, застаецца неўрэгуляваным пытаньне, якой будзе формула цэнаўтварэньня на газ Беларусі на 2008 – 2010 гады.

Расейскі "Газпром" настойваў на кошце газу для Беларусі ў 2007 годзе ў 105 даляраў за тысячу кубамэтраў і хацеў аплочваць 50 адсоткаў акцыяў “Белтрансгазу” пастаўкамі газу.

На думку У. Сямашкі, кошт транзыту расейскага газу па тэрыторыі Беларусі мае падвысіцца з 0,5 даляра да 1,65 даляра за перампампоўваньне 1 тысячы кубамэтраў на 100 кілямэтраў.

Беларусь таксама прапануе з 2008 года па 2010 штогод прыбаўляць да кошту газу па 11 даляраў.

Прэсавы сакратар "Газпрому" Сяргей Купрыянаў на гэтыя заявы У. Сямашкі адзначыў, што ягоная кампанія лічыць дамоўленасьцямі “толькі падпісаньне кантракту” і адмовіўся падрабязна камэнтаваць прамежкавыя вынікі перамоваў наконт падпісаньня пяцігадовага кантракту.

“Лічбы, агучаныя Сямашкам, з’яўляюцца ягоным пуктам гледжанья і перамоўнай пазыцыяй беларускага боку, але ніяк не рэальнымі дамоўленасьцямі з “Газпромам”,– цытуе Купрыянава агенцтва "Інтэрфакс".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG