Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея знайшлі паразуменьне ў коштах газу і транзыту?


Валер Каліноўскі, Менск Беларусь і Расея знайшлі паразуменьне ў пытантьнях кошту газу беларускім спажыўцам і тарыфу на транзыт расейскага паліва ў Эўропу на 2007 год. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў прэсавы сакратар ураду Беларусі Аляксандар Цімашэнка.

Ён таксама паведаміў, што ёсьць паразуменьне аб умовах аплаты расейскім бокам 50 адстокаў акцыяў “Белтрангазу”. Канкрэтныя лічбы спадар Цімашэнка ня змог агучыць. З гэтай нагоды чакаецца заява першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі.

Пацьвярджэньня гэтай інфармацыі з расейскага боку няма. “Мы не валодаем інфармацыяй з гэтай нагоды, але хочацца верыць, што здаровы розум пераможа”,– цытуе прадстаўніка “Газпрому” агенцтва “Інтэрфакс”.

Сёньня прэсавы сакратар расейскай газавай манаполіі заявіў, што калі кантракт ня будзе падпісаны да 1 студзеня, то гэта будзе па віне беларускага боку.

“Без кантракту паставак газу ў Беларусь не будзе”,– падрэсьліў сёньня ўвечары спадар Купрыянаў. Калі не будзе падпісаны кантракт, Расея спыніць пастаўкі газу ў Беларусь а 9-й гадзіне 1 студзеня.

Для кантролю за пастаўкамі расейскага газу праз Беларусь у Эўропу будуць накіраваныя назіральнікі і запрошаныя міжнародныя экспэрты, заявіў спадар Купрыянаў.
XS
SM
MD
LG