Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як людзі ў Беларусі ставяцца да выкананьня сьмяротнага прысуду С.Хусэйну?


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах праз некалькі гадзінаў пасьля пакараньня Хусэйна сьмерцю задаваў наш карэспандэнт.

(Хлопец: ) “Лічу, кожны чалавек, якім бы ён ні быў, не павінен быць пакараны сьмерцю. Кожны чалавек, ад нараджэньня, мае права на жыцьцё”.

(Яго сябар: ) “Якім бы ні быў чалавек, караць сьмерцю нельга”.

(Спадар: ) “Ніяк, я да гэтага стаўлюся абыякава”.

(Спадар: ) “Я супраць. Канечне, ён злачынца, але гэта не гуманна”.

(Хлопец: ) “Нармальна стаўлюся. Мне здаецца, ён дрэнны чалавек і гэтага заслужыў”.

(Дзяўчына: ) “Лічу, што гэта правільна. Ён шмат бедаў прынёс сваёй краіне і гэтага заслужыў”.

(Спадарыня: ) “Забіць чалавека – гэта наагул ня нашая справа. Гэта справа вышэйшая. А калі глядзець на гэта вачыма чалавека, то колькі ён зрабіў страшэннага на гэтай зямлі. Таму ня маю справа судзіць, і на ўсё Божая воля”.

(Спадар: ) “Адмоўна. Лічу, лепей было б пажыцьцёвае зьняволеньне. Няхай бы ён сам ацаніў сваю віну, і як усё зьмянілася да лепшага. А пазбаўляць жыцьця чалавека за тое, што ён думаў, што мае рацыю, за перакананьні… За гэта нельга пазбаўляць жыцьця. Асабліва праз павешаньне”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня быў выкананы сьмяротны прысуд Садаму Хусэйну. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Дзяўчына: ) “Нармальна. Правільна, што яго асудзілі. Ян шмат людзей загубіў. Станоўча да гэтага стаўлюся”.

(Спадар: ) “Гісторыя рассудзіць. Я не валодаю той колькасцю інфармацыі, каб рабіць высновы ў той ці іншы бок. А сама працэдура на ХХІ стагодзьдзе некалькі бесчалавечная”.

(Спадарыня: ) “Я супраць. Такія ўражаньні – ажно мароз па скуры. У наш цывілізаваны час, у чалавека такога рангу мусіла б быць годная сьмерць. Лепш бы яго расстралялі”.

(Спадар: ) “Адмоўна. Усе мы людзі і ходзім пад адным небам. У кожнага свае памылкі і недахопы. Думаю, гэта не гуманна”.

(Спадарыня: ) “Я ўвогуле супраць сьмяротнага пакараньня. Лічу яе не гуманнай”.

(Спадар: ) “Садам Хусэйн сапраўды вінаваты ў забойстве жыхароў той вёскі ў 1982 годзе. Але мне здаецца, што сьмяротны прысуд нічога ня зьменіць. Толькі пагоршыць сытуацыю ў Іраку, бо супрацьстаяньне толькі ўзмацніцца”.
XS
SM
MD
LG