Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да магчымага адключэньня расейскага газу Беларусі - крыху болей сутак


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Маскве ў офісе “Газпрому” працягваліся перамовы наконт паставак расейскага газу ў Беларусь і транзыту яго ў Эўропу. Кантракт пакуль не падпісаны. Калі ў суботу і нядзелю ня будзе пазытыўнага выніку, Расея можа адключыць Беларусі газ 1 студзеня а 9-й гадзіне раніцы. Беларускі бок, у сваю чаргу, прыгразіў спыненьнем транзыту расейскага газу ў Эўропу. Да перамоўшчыкаў гатовы далучыцца першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка.

Сёньня раніцай прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў паведаміў, што перамовы зь беларускай дэлегацыяй зайшлі ў тупік, далейшы рух немагчымы без удзелу галоўнага газавага перамоўшчыка з боку Беларусі – першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі. Тым часам сам спадар Сямашка гэтымі днямі фактычна ўдзельнічаў у перамоўным працэсе з “Газпромам”, знаходзячыся ў Менску, і гатовы ў любы час вылецець у Маскву,– паведаміў прэсавы сакратар урада Беларусі Аляксандар Цімашэнка.

(Цімашэнка: ) “Учора Ўладзімер Сямашка накіраваў кіраўніку “Газпрому” Мілеру ліст з прапановамі беларускага боку па ўсіх пытаньнях. Позна ўвечары прыйшоў адказ ад Мілера. Нейкія пазыцыі былі падтрыманыя, па асобных пазыцыях засталіся пытаньні. Сёньня раніцай Сямашка зноў накіраваў ліст Мілеру з дадатковымі тлумачэньнямі пазыцыі беларускага боку. У выпадку, калі беларускі бок атрымае станоўчы адказ ад Мілера на гэты ліст, Сямашка ў любы момант можа вылецець у Маскву”.

Паводле спадара Цімашэнкі, кантракт на закупку расейскага газу Беларусьсю і яго транзыт ў Эўропу ўпаўнаважаны падпісаць генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Дзьмітры Казакоў, які знаходзіцца ў штаб-кватэры “Газпрома”. Акрамя таго зь беларускага боку ў перамовах бяруць удзел прадстаўнікі міністэрстваў энэргетыкі, юстыцыі, Дзяржмаёмасьці.

У лістах Сямашкі Мілеру ўтрымліваюцца прапановы аб фармаваньні цэн на газ для Беларусі на 2007–2010 гады, тарыфаў на транзыт газу і аб стварэньні сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу”. Мэханізм росту цэн на газ для Беларусі прапанавана зьвязаць з ростам цэн для расейскіх спажыўцоў.

Ацэньваючы хаду газавых перамоваў, Аляксандар Цімашэнка заявіў:

(Цімашэнка: ) “Зараз пазыцыі ўзгадняюцца, прапановы ідуць з абодвух бакоў, іх абмяркоўваюць. Паводле маёй інфармацыі, перамовы йдуць дастаткова канструктыўна”.

Тым часам у пятніцу сваё бачаньне перамоўнага працэсу выказаў А.Лукашэнка, які абвінаваціў у шантажы вышэйшае кіраўніцтва Расеі:

(Лукашэнка: ) “Калі расейскае кіраўніцтва пойдзе на мінулыя крокі, я сёньня даручыў прэм’еру зьвязацца і сказаць, што ў зямлянкі пойдзем, а на шантаж не паддамося”.

Намесьнік кіраўніка “Газпрому” Аляксандар Мядзьведзеў адкінуў гэтыя абвінавачваньні А.Лукашэнкі. У “Газпроме” перакананыя, што менавіта беларускі бок шантажуе Расею, заяўляючы пра магчымае перакрыцьцё транзыту яе газу ў Эўропу. Гаворыць прэсавы сакратар “Газпрому” Сяргей Купрыянаў:

(Купрыянаў: ) “Заявы, якія мы чуем з боку Менску, калі мы наўпрост чуем, што бяз газу яны не застануцца, што ў іх ёсьць транзыт – гэта ня можа выклікаць аптымізму на перамовах”.

Па стане на 16 гадзін Уладзімер Сямашка ў Маскву не выляцеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG