Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмовілася купляць расейскую нафту (абноўлены)


Валер Каліноўскі, Менск Дзяржаўны канцэрн “Белнафтахім” прыпыніў выкананьне кантрактаў з расейскімі кампаніямі на пастаўку ў 2007 годзе нафты ў Беларусь. Кіраўнік канцэрну Аляксандар Бароўскі, які паведаміў пра гэтае рашэньне, спаслаўся на непрымальнае, паводле ягоных словаў, рашэньне расейскага ўраду, які зь 1 студзеня ўвёў на пастаўкі нафты ў Беларусь экспартнае мыта ў памеры 181 даляра за тону.

(Бароўскі: ) “Заводы пры такой эканоміцы маюць дзясяткі мільёнаў даляраў стратаў. Уявіце, што спыняецца праца двух буйнейшых гігантаў. А за імі людзі. Увогуле ў хімічным комплексе ў нашым канцэрне працуе 125 тысяч чалавек”.

Аляксандар Бароўскі зазначыў, што цяпер беларускія НПЗ будуць працаваць пры мінімальнай загрузцы на рэштках нафты, якая была завезеная раней.

Сёлета Беларусь атрымлівала нафту па сярэднім кошце 270 даляраў за тону, новы кошт з улікам мыта складзе 450 даляраў.

Расейкі ўрад ухваліў рашэньне аб увядзеньні мыта на нафту, прадаваемую ў Беларусь, у сувязі са стратамі свайго бюджэту ад перапродажу Беларусьсю нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай сыравіны.

Паводле амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, Беларусь штогод прадавала на Захад 17–20 мільён тон сьветлых нафтапрадуктаў, пры гэтым забіраючы мыта толькі ў свой бюджэт. Страты расейскага бюджэту ацэньваліся ў 2 мільярдаў даляраў. У выніку рашэньня расейскага ўраду у наступным годзе столькі ж не дабярэ беларускі бюджэт.
XS
SM
MD
LG