Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2007-ы год вачыма 2006-га


Юры Дракахруст, Прага Якія падзеі, якія зьявы гэтага году ў найбольшай ступені паўплываюць на хаду падзеяў у 2007 годзе? Гэтае пытаньне ў апошнім “Праскім акцэнце” гэтага году мы задаём сталым удзельнікам нашых перадачаў: пісьменьнікам і філёзафу, палітыкам і палітычным экспэртам, журналістам і эканамісту.

(Дракахруст: ) “Напрыканцы году ўсе падводзяць яго вынікі, вызначаюць, што было самым галоўным, самым адметным і важным у гэтых 12 месяцах.

Адначасна людзі спрабуюць заглянуць у будучыню – прагназуюць, прадбачаць, а часьцей проста гадаюць, што прынясе ім новы год. Сёньня мы паспрабуем спалучыць гэтыя два вечныя людзкія памкненьні, задаць два пытаньні ў адным: што ў гэтым, 2006 годзе, сталася найбольш важным для году наступнага?

Пачаць варта з прагнозу, які даў на адной зь нядаўніх урадавых нарадаў кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка: "Гэта будзе цяжкі год, будзе катастрафічна цяжка". Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што выпрабаваньні, якія чакаюць беларусаў у 2007 годзе – наўпроставы вынік сёлетніх падзеяў”.

(Заіка: ) “Галоўнай падзеяй былі прэзыдэнцкія выбары. Гэта зрабіла ўплыў ужо зараз. Гэта зьвязана зь пераглядам нормаў энэргетычнай палітыкі Беларусі і Расеі. Іншыя падзеі былі ўжо вытворнымі. У эканоміцы можна адзначыць спробу Беларусі весьці ўласную калійную стратэгію, з прычыны чаго мы пазбавіліся значнай часткі экспартных даходаў. Зь ліку кур''ёзных падзеяў можна назваць адкрыцьцё заводу вытворчасьці іранскага аўтамабіля "Саманд".

Ва ўнутрыэканамічнай палітыцы варта прыгадаць спробу усталяваць прынцып "аднаго вакна" – спробу правесьці пэўную дэбюракратызацыю. Гэта мела значэньне для мільёнаў людзей, але гэта спраўдзілася толькі часткова.

Прэзыдэнцкія выбары зрабілі шматбаковае ўзьдзеяньне на ўсе падзеі. Трэці тэрмін Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі стане больш складаным і для яго самога, і для ўсіх беларусаў. Гэта, перш за ўсё, зьмена тарыфаў на энэрганосьбіты і пазбаўленьне нас значнай часткі тых грошай, якія мы зараблялі, як кажуць, на раз. Гэта сумы, якія могуць дасягаць 5-6 мільярдаў даляраў за год. У наступным годзе магчымыя энэргэтычны і фінансавы крызісы. Гэта наўпрост зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі і са спэцыфікай адносінаў Крамля і Менску.

Што да спробаў дасягнуць посьпеху на міжнародным рынку калійных угнаеньняў, усё вярнулася на колы свае. Беларускія экспарцёры будуць працаваць па тых правілах, якія вызначаюцца на ўсясьветным рынку. І ўсё ж галоўныя падзеі будуць зьвязаныя з новай энэргэтычнай сытуацыяй, якая будзе вызначаць практычна ўсё”.

(Дракахруст: ) “Для філёзафа Валянціна Акудовіча 2006 год стаўся годам паразаў вялікіх ідэалягічных праектаў”.

(Акудовіч: ) “Для мяне 2006 год бачыцца годам самых глыбокіх паразаў і крызісаў ідэалягічных праэктаў. Тут перад усім я б адзначыў паразу амэрыканцаў у Іраку, а ізраільцянаў – у Лібане, канчатковую паразу "аранжавай" рэвалюцыі ва Ўкраіне пасьля выбараў Януковіча прэм''ер-міністрам, глыбокі крызіс СНД і натуральна – абвальны крызіс ідэі саюзу Беларусі і Расеі.

Усе гэтыя падзеі, такія непадобныя адна да адной, аб''ядноўвае тое, што яны будаваліся на ідэалягічнай матывацыі: ад усталяваньня дэмакратыі ў Іраку да аб''яднаньня "брацкіх" славянскіх народаў у выпадку саюзу Беларусі і Расеі.

Тэорыя пастмадэрну сьцявярджае, што час ідэалёгіяў на нашай эпосе скончыўся. І гэта аднолькава тычыцца як палітычных, гэтак і рэлігійных і культурных ідэалёгіяў. 2006 год як найлепей засьведчыў гэтую тэзу. Сёньня эфэктыўна працуюць і спраўджваюцца не ідэалягічныя, а тэхналягічныя праэкты. Гэта тычыцца як унутрыдзяржаўнага жыцьця, гэтак і міжнароднага.

Крызіс саюзу Беларусі і Расеі ня проста будзе мець працяг, а бадай што станецца вызначальным для нашай краіны. Хутчэй за ўсё, з выніку гэтага крызісу мы атрымаем нешта зусім іншае ад таго, што ведалі раней. Варыянты гэтага "іншага" могуць быць самымі рознымі. Усё залежыць ад таго, ці зможа ўлада, нягледзячы на радыкальнае падвышэньне мытаў на нафту і коштаў на газ, забясьпечыць стабільнасьць у краіне. Калі ў яе гэта атрымаецца, дык Беларусь чакае не заняпад, а цалкам рэальная незалежнасьць і магчыма ўжо цалкам рэальны сацыяльна-эканамічны росквіт. Ну, а калі стабільнасьць захаваць не атрымаецца, то пра тое, што можа адбыцца, не сказаў бы нам сам Настрадамус.

І, шчыра кажучы, я нават ня ведаю, што лепш – каб у нас у 2007 годзе ўсё было добра, ці каб у нас з 2007 году пачалася эпоха канцэптуальных пераменаў. Як кажуць на Ўсходзе, ня дай вам Бог жыць у такую эпоху”.

(Дракахруст: ) “Кіраўнік кампартыі і сустаршыня Саюзу левых сілаў Сяргей Калякін прадбачыць вялікія выпрабаваньні ў наступным годзе”.

(Калякін: ) “Галоўныя падзеі – гэта прэзыдэнцкія выбары ў сакавіку і масавыя выступы людзей у абарону свайго гонару, свайго права выбіраць сабе ўладу. Другое – гэта падзеі, зьвязаныя з рэзкім абвастрэньнем беларуска-расейскіх адносінаў. Стала відавочным, што дзесяцігодьдзе пабудовы саюзу скончылася гандлёвай вайной і руйнаваньнем нават мытнага саюзу, а ня тое, што стварэньнем саюзнай дзяржавы.

Гэтыя дзьве падзеі зробяць вельмі значны ўплыў на падзеі ў наступным годзе. Я не лічу, што тут будзе адназначны сцэнар. Па-першае, улада можа ўсьвядоміць усю тупіковасьць палітыкі, якую яна вядзе, і пачаць нейкія рэформы і крокі па паляпшэньні адносінаў з Захадам і аднаўленьня стасункаў з Усходам. Па-другое, будзе падвышацца актыўнасьць насельніцтва, якое ўбачыць, што ніякага эканамічнага цуду ў Беларусі няма, што мы апошнія гады атрымоўвалі вялікую дапамогу ад Расеі і фактычна жылі за кошт іншай дзяржавы. І сёньня, калі ёй давядзецца жыць за ўласны кошт, я ня веру, што жыцьцёвы ўзровень грамадзянаў утрымаецца на ранейшым узроўні, што прывядзе да росту палітычнай актыўнасьці. Але можа і нічога не адбыцца – гэта таксама можа быць”.

(Дракахруст: ) “Плошчу і спрэчкі з Масквой наконт энэргетыкі як перадумовы падзеяў 2007 году называюць амаль усе ўдзельнікі нашай перадачы. Але ня ўсе. Палітоляг-парадаксаліст Уладзімер Падгол галоўнай падзеяй, якая вызначыць будучыню, лічыць падзею зусім не палітычную”.

(Падгол: ) “Гэта адкрыцьцё канадыйскага прафэсара Дэвіда Марплза, што праз 50 гадоў у Беларусі застанецца 4-5 мільёнаў жыхароў. Гэта адбудзецца з прычыны падвышанай сьмяротнасьці з прычыны наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Гэта падцьвердзілі і беларускія навукоўцы, якія вынайшлі фэномэн так званага "другога чарнобыльскага выбуху". Вынікі гэтых дасьледваньняў былі апублікаваныя ў 2004 годзе.

Гэты год, год прэзыдэнцкіх выбараў мусіў стаць вызначальным у давядзеньні да насельніцтва "другога чарнобыльскага выбуху". "Другі чарнобыльскі выбух" азначае ня выбух на самой станцыі, а тое, што часьцінкі, якія да 2004-2006 году ляжалі гарачымі і сплаўленымі, разваліліся і пачалі забіваць, таксама прайшоў пэрыяд паўраспаду шэрагу элемэнтаў, і часьцінкі, якія не былі сьмяротна небясьпечнымі, сталі такімі.

Улады адкрыта прапагандуюць пабудову атамнай станцыі і могільніку, дзе будуць захоўвацца адкіды зь беларускай атамнай станцыі, адпаведна, Беларусь робіцца сьметнікам для іншых станцыяў, якія знаходзяцца побач. Гэта – самая галоўная падзея, якая прывядзе да таго, што ў 2007 годзе, магчыма, пачнецца пабудова атамнай станцыі і, па сутнасьці, будзе працягвацца забойства беларусаў.

І ніякага супраціву ня бачна нават з боку апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці хаця б кшталту такога, які быў падчас арганізацыі першага "Чарнобыльскага шляху" ў 1989-1990 гадох, калі паўставаў Беларускі Народны Фронт”.

(Дракахруст: ) “Пісьменьнік Генадзь Бураўкін, як тое і ўласьціва ўладарам думаў, адказвае на свае пытаньні – ён адзначае галоўныя пікі духу, якія былі дасягнутыя сёлета”.

(Бураўкін: ) “Тое, што мне адразу прыходзіць на памяць, з таго, што , я спадзяюся, будзе значэньне ў наступным годзе і пазьней – гэта, па-першае, падзеі на Плошчы Каліноўскага, як назвалі гэтую плошчу ў Менску ў сакавіку. Мы ўбачылі абуджэньне моладзевай стойкасьці і рашучасьці, духоўны ўздым, які, на жаль, ня надта можна было ўбачыць у папярэдні час. Гэта мяне ўсьцешыла, бо тыя твары, якія я бачыў там, на гэтай плошчы, яны сапраўды сьветлыя, і я спадзяюся, што гэта будзе твар маладой вольнай Беларусі.

Другая падзея, якая, мне здаецца, таксама будзе мець значэньне ў будучыні – гэта галадоўка Казуліна. Галадоўка, якая мне асабіста здавалася беспэрспэктыўнай, і якая ўсё ж мела практычныя, канкрэтныя вынікі ў міжнародным пляне. Я маю на ўвазе тое, што беларускае пытаньне так ці інакш было заяўлена ў Радзе бясьпекі ААН. Гэтая падзея засьведчыла, што калі людзі дзеля высокіх мэтаў ідуць да канца, рызыкуючы сваім жыцьцём, ёсьць надзея на тое, што гэтыя намаганьні будуць ня марнымі”.

(Дракахруст: ) “Рэдактар часопісу "Архэ", палітоляг Валерка Булгакаў кажа пра тэндэнцыю, якая тычыцца ня толькі ягонай асабістай працы і справы”.

(Булгакаў: ) “Мне, як рэдактару часпісу "Архэ", было найбольш прыкра назіраць тэндэнцыю звужэньня прасторы на беларускім мэдыя-рынку. у 2006 годзе беларускія СМІ канчаткова апынуліся на мяжы выжываньня. Фактычна, кожнае са сродкаў масавай інфармацыі і нават проста са сродкаў інфармацыі пацярпелі ад абмежаваньняў, уведзеных уладамі на мэдыйным полі. У параўнаньні зь мінулымі гадамі наклад усіх бяз выключэньня незалежных сродкаў інфармацыі зьнізіўся, і сёлета бадай упершыню так востра паўстала пытаньне, ці наагул яны маюць будучыню ў гэтай краіне.

Я нагадаю факты, якія не даюць мне спакою – БДГ канчаткова перайшла ў Інтэрнэт, наклад "Народнай волі" зьнізіўся ў параўнаньні з 2001 годам мінімум у 4 разы, працягвалася атака супраць рэгіянальных СМІ. Гэта мяне найбольш непакоіць, і я перакананы, што гэтая тэндэнцыя будзе абумоўліваць культурную і мэдыйную сытуацыю ў 2007 годзе.

Раней сярод удзельнікаў мэдыйнага поля існавала перакананьне, што прынамсі ня будуць чапаць найменшых, найменш заўважальных. Цяпер выглядае, што з пункту гледжаньня цяперашняга беларускага рэжыму любы сродак масавай інфармацыі, зарэгістраваны афіцыйна, незалежна ад накладу і ступені ўплыву, можа быць зьнішчаны. Калі яшчэ ў 2001 годзе "дзяржаўнай справай" не было душэньне менш уплывовых СМІ, то зараз тэндэнцыя закранула ўсіх”.

(Дракахруст: ) “Намесьніца рэдактара "Народнай волі" Сьвятлана Калінкіна бачыць 2007 год як апошні і вырашальны бой, умовы якога былі зададзеныя сёлета”.

(Калінкіна: ) “На мой погляд, галоўнай і вызначальнай падзеяй гэтага году былі ўсё-такі прэзыдэнцкія выбары і тая міжнародная рэакцыя, якую яны выклікалі. Ад саміх па сабе выбараў мы не чакалі нічога неверагоднага, але тое, што апазыцыя здолела ісьці адзінай калёнай, што ўсе разьвітыя краіны сказалі, што гэта ня выбары, і нават ААН напрыканцы году падтрымала гэтае меркаваньне – усё гэта гаворыць аб тым, што Аляксандар Лукашэнка і ў гэтым , і ў наступным годзе застаецца нелегітымным прэзыдэнтам, зь якім ніводная з сур''ёзных краінаў ня можа выбудоўваць доўгатэрміновую палітыку, у тым ліку і Расея.

Асноўнае, што будзе ў наступным годзе – супольны ці паасобны ціск на беларускі рэжым з боку Расеі і краінаў Эўразьвязу. Ніколі не было такога сынхроннага ціску на Беларусь і ніколі не было так відавочна, што палітычная будучыня Лукашэнкі скончылася, што ён вычарпаў усе свае магчымасьці і ня можа больш заставацца кіраўніком дзяржавы.

Зараз, наколькі я ведаю, у самой Расеі ідуць вялікія спрэчкі, ці варта наагул зь ім весьці якія б там ні было перамовы наконт саюзнай дзяржавы, бо пры нелегітымным прэзыдэнце, нават калі ён пагадзіцца на нейкія саюзныя дамоўленасьці, канстытуцыйны акт і рэфэрэндум – гэта ўсё можа быць анулявана ў выпадку зьмены ўлады ў краіне. І там ідуць вялікія спрэчкі, што рабіць спачатку: ці будаваць саюзную дзяржаву, ці мяняць уладу.

Я ўпэўненая, што ва ўмовах дыктатуры (а ў Беларусі дыктатура сур''ёзная) падзеі ня могуць быць выкліканыя выключна ўнутранымі прычынамі, яны абавязкова павінны мець нейкі вонкавы штуршок. І калі ён будзе, у Беларусі будуць сур''ёзныя зьмены, бо вельмі шмат людзей, якія пакуль не гатовыя ісьці ў адкрыты бой, але яны чакаюць, калі ўлада пахісьнецца і калі можна будзе адкрыта пайсьці разам з тымі, хто за іншую Беларусь, за дэмакратычную Беларусь”.

(Дракахруст: ) “Са Сьвятланай Калінкінай нязгодны старшыня БНФ Вінцук Вячорка. Паводле яго, галоўнымі ў 2007 годзе будуць нутраныя, беларускія чыньнікі падзеяў”.

(Вячорка: ) “Менавіта стан беларускага грамадзтва, дзяржавы, эканомікі і будзе вызначальным для разьвіцьця падзеяў у нашай краіне. Вонкавыя чыньнікі могуць толькі ўзмацняць нутраныя.

Цягам гэтага году адбылася вельмі важная падзея – узьнікненьне, ці дакладней – адраджэньне беларускай суб''ектнасьці. Беларускае грамадзтва, прынамсі яго частка, хай сабе і меншая, усьвядомілі сябе суб''ектам гісторыі, суб''ектам вызначэньня беларускага лёсу. І дзякуючы менавіта гэтаму Беларусь апынулася на першых палосах газэтаў і ў першых радках стужак інфармацыйных агэнцыяў. І тое, што мы напрыканцы году маем нарэшце з''яўленьне неафіцыйнай стратэгіі Эўразьвязу стасоўна Беларусі – гэта ёсьць вынік не брусэльскіх мазгавых напружаньняў, а вынік нашай працы, ахвярнасьці і высілкаў.

Я абышоў сотні кватэраў. І што цікава – людзі ў абсалютнай бальшыні не падымалі пытаньні, зьвязаныя зь мясцовымі выбарамі – асфальт, лямпачкі, капрамонт. Калі загаворвалі наагул – як прыхільнікі, гэтак і непрыхільнікі, – то наконт энэргетычнай і эканамічнай будучыні Беларусі ў наступным годзе. Людзей рэальна хвалюе абяцанае падвышэньне цэнаў на энэрганосьбіты.

Тут няма чаго хаваць. Нерэфармаваная савецкага стылю эканоміка, дзяржаўная, палітычная, мілітарная залежнасьць Беларусі ад Расеі, у якую завёў нас Лукашэнка, ствараюць вялікую небясьпеку нашай незалежнасьці. Людзей турбуе, ці застанемся мы незалежнымі, і дарэчы, і Лукашэнка гэта адчувае. Ці вытрымае мы гонку паміж ростам камунальных тарыфаў росту заробкаў і пэнсіяў, ці здабудуць нашы прадпрыемствы новыя рынкі, бо могуць пастрачваць расейскія і ніякімі рынкамі ў маргінальных, амаль людаедзкіх краінах гэтага не кампэнсуеш – вось што сёньня турбуе людзей”.

(Дракахруст: ) “Аляксандар Фядута – публіцыст і паліттэхноляг, бачыць "бомбу" , якая была закладзеная сёлета і якая выбухне пазьней, зусім у іншым”.

(Фядута: ) “Галоўнае, што паўплывае – гэта тое, што сёлета прынятае рашэньне аб прыняцьці Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. На мой погляд, менавіта гэтая падзея будзе вызначаць, што будзе адбывацца ў Беларусі і ў наступным годзе, і праз год. У мяне няма ніякага сумневу, што ўсе нафтавыя і газавыя пытаньні на наступны год будуць вырашаныя яшчэ да 1 студзеня. А вось тое, што Расея ў наступным годзе будзе інакш рэгуляваць сваю мытную і гандлёвую сфэру ў адносінах з бліжэйшымі суседзямі – гэта будзе мець дастаткова важкія наступствы для беларускай эканомікі.

Такога ўплыву, які магла б зрабіць Плошча , калі б яна працягвалася даўжэй, калі б моладзь сапраўды атрымала падтрымку ад "дарослай" ідэалягізаванай апазыцыі – такога ўплыву ня будзе. На жаль, усё тое, што мы зараз будзем абмяркоўваць наконт беларускага палітыкума – усё гэта ня будзе мець аніякага сэнсу. Калі і будуць нейкія тэктанічныя зрухі, дык яны будуць зьвязаныя з эканомікай”.

(Дракахруст: ) “Пісьменьнік і журналіст Глеб Лабадзенка шмат у чым згодны са сваімі старэйшымі калегамі, але дадае і сьпісу сюжэтаў 2006 году, якія працягнуцца ў наступным годзе, яшчэ адзін”.

(Лабадзенка: ) “Я думаю, што тое, што ў нас намёты стаялі на Кастрычніцкай плошчы – гэта безумоўна паўплывае, паўплывае, на тых людзей, якія там сядзелі, на тых, хто чулі пра тых, якія там сядзелі – то бок, на мысьленьне пэўнай клясы грамадзтва, на іх сьмеласьць, на іх учынкі.

Мяркую, што паўплываюць падзеі, якія зараз яшчэ не разьвязаліся – з коштамі на газ і нафту. Ужо сам прэцэдэнт, тое, што канфлікт так доўга ня можа вырашыцца – гэта ўжо прычына, каб паўплываць на нешта, якая б цана ні была ўсталяваная.

Таксама мне ўзгадалася падзея абсалютна культурніцкага пляну – вылучэньне Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію. Дзядзька Рыгор – гэта той чалавек, які сапраўды можа кансалідаваць усю нацыю. У наступным годзе ён будзе браць удзел у гэтым спаборніцтве, ён застаецца прэтэндэнтам на гэтую прэмію. Я ня думаю, што досьвед Рыгора Іванавіча – гэта параза, бо Івана Буніна 13 разоў вылучалі на Нобэлеўскую прэмію і ён яе нарэшце атрымаў. Я думаю, што гэта проста досьвед. Кропка. І тое, што ў нас стаялі намёты – гэта таксама не параза”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG