Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: чым стаў для вас адметны 2006 год?


Любоў Лунёва, Менск Мінакі ў цэнтры Менску на праспэкце Незалежнасьці ўзгадвалі падзеі, сьведкамі якіх былі самі, альбо чулі. Кожны па-свойму адказваў на пытаньне: “Чым стаў адметны 2006 год?”.

(Спадар: ) “Адметнасьць у тым, што ўсё засталося, як было. Выбары прэзыдэнцкія былі. Спадзяваўся, што ўсё зьменіцца, але слаба. Гэта магло стаць пераломнай падзеяй, але нічога ў жыцьці краіны не зьмянілася. У бліжэйшы час, відаць, таксама нічога ня зьменіцца. Гэта сумна”.

(Школьнік: ) “Былі, канешне, такія праблемы з выбарамі. Ну, тое, што былі мітынгі. Гэта самае яскравае. Для мяне пакуль вучоба самае галоўнае”.

(Студэнтка: ) “Я ў Маскве вучылася й атрымала ступень магістра ў сфэры кансультаваньня. Я тут ня ўдзельнічала ў грамадзкім жыцьці. Мы там усім інтэрнатам сачылі за тым, што адбываецца, у інтэрнэце. Значна тое, што народ захацеў сам вырашаць свой лёс. А які быў вынік? Ну, які ёсьць, такі ёсьць. Але, тое, што людзі так зрабілі – гэта важная падзея”.

(Хлопец: ) “Для нас важна тое, што мы хварэлі на ветраную воспу і былі ў зялёнцы”.

(Дзяўчына: ) “Можа, канешне, гэта выбары, але яны мяне крыху расчаравалі. Былі спадзяваньні, але ня спраўдзіліся гэтыя надзеі. У гэтым годзе я ўпершыню пазнаёмілася з вашым радыё. Для мяне гэта асабістая падзея. Гэта было на лецішчы. У мяне ёсьць стары прымач. Круціла-круціла й раптам, бац, чую гаворку беларускую. Уразіла, што людзі могуць так адкрыта выказваць свае думкі”.

(Мужчына: ) “Чалавек у нас у брыгадзе набыў кватэру. Мы так яго павіншавалі ад усёй душы! Каб вам так сустракаць Новы год – у сваёй кватэры і з усімі разам”.

(Спадар: ) “Падзея – гэта 25 гадоў выпуску. Хочаце, вось паглядзіце, мне значок далі на 25 гадоў выпуску. У сьвеце? Кажуць, што ўжо шыбеніцу для Садама Хусэйна зрабілі. Лічу, што гэтага нельга рабіць. Няхай народ сам судзіць свайго тырана, як тыран гэтага заслугоўвае”.

(Спадар: ) “Выбары. Я працую побач з плошчай і назіраў за катком. Калі праходзіў усебеларускі сход, то сабралі дзяўчат з Акадэміі МУС і прымусілі іх катацца. А сама плошча была ачэплена і нікога туды не пускалі! На пытаньне: “Адкуль вы, дзяўчынкі?” – магільнае маўчаньне”.
XS
SM
MD
LG