Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіч – П.Севярынцу: “Найперш жадаю свабоды табе і ўсёй Беларусі!”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ірына Казуліна падзяліліся зьвесткамі пра тое, як яе муж выходзіць з галадоўкі, якая працягвалася 53 дні. Чаго Мікалай Статкевіч зьбіраецца пажадаць Паўлу Севярынцу на дзень народзінаў? Праз 15 хвілін пасьля заканчэньня працоўнага дня Артур Фінькевіч мусіць быць у інтэрнаце. Мікалай Аўтуховіч перадаў вестку сябрам зь менскай калёніі.

Сёньня маладзёвы лідэр Павал Севярынец, які адбывае “хімію” на лесапавале ў Полацкім раёне, адзначыць свой 30-ы дзень народзінаў. Сярод тых, хто паспрабуе дазваніцца Севярынцу ў інтэрнат з віншаваньнямі – адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч. Чаго палітык зьбіраецца пажадаць свайму маладзейшаму калегу?

(Статкевіч: ) “Найперш свабоды. Спачатку для сябе, потым для Беларусі. У ягоным і маім становішчы, безумоўна, свабода даражэй за ўсё”.

Мікалая Статкевіча таксама трымаюць на “хіміі”, у Пухавіцкім раёне. А зь ліпеня мінулага года трымалі ў Баранавічах. Там жыве ягоны бацька, да якога Мікалаю Статкевічу не дазваляюць зьезьдзіць ужо некалькі месяцаў. У тым ліку не атрымаў палітык гэткага дазволу і напярэдадні навагодніх сьвятаў.

Як праходзіць выхад з галадоўкі ў Аляксандра Казуліна? Нагадаю, сваю акцыю былы кандыдат на прэзыдэнта спыніў 11 сьнежня, на 53-ці дзень галадоўкі. 29-га сьнежня Аляксандра Казуліна з калёніі адвезьлі ў віцебскі абласны шпіталь. Ірына Казуліна распавяла:

(Казуліна: ) “Дзяжурны мне адказаў, што яго вазілі на абсьледаваньне і ўжо прывезьлі зноў у калёнію. Сказаў, што бачыў яго, ўсьміхаецца”.

Калі Аляксандр Казулін спыніў галадоўку, ён важыў 64 кіляграмы, зараз важыць 76 кіляграмаў, але Ірына Казуліна не ўхваляе хуткую прыбаўку вагі, бо ў мужа назіраецца ацёкавасьць ног і рук. Ірына атрымала ліст, у якім яе муж піша, што ўжывае для выхаду з галадоўкі розныя харчы, але ў турэмных умовах прыгатаваць іх вельмі складана.

У прэсавай службе міністэрства ўнутраных спраў мне пацьвердзілі, што Аляксандра Казуліна вазілі на абсьледаваньне апаратам УЗІ, але пра вынікі не паведамілі. “Пры неабходнасьці Казуліна пакладуць на лячэньне ў менскі турэмны шпіталь”, – запэўніў міліцыянт.

Нагадаю, Аляксандр Казулін сваёй галадоўкай пратэставаў супраць улады Аляксандра Лукашэнкі і дамагаўся разгляду беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН. Паводле ініцыятывы ЗША такое абмеркаваньне пачалося.

Маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч будзе сустракаць Новы год ў інтэрнаце магілёўскай спэцкамэндатуры. Юнака асудзілі на паўтара года “хіміі” за палітычныя графіці. Апошнім часам рэжым знаходжаньня на “хіміі” для Артура стаў больш жорсткім. Вось што ён распавёў:

(Фінькевіч: ) “З камэндатуры з 25-га сьнежня нікуды не выпускаюць, і гэтак будзе, пакуль ня пройдуць выбары 14-га студзеня. Даводзіцца ўвесь час сядзець тут. На працу выпускаюць за 15 хвілін да пачатку працы, і праз 15 хвілін я ўжо мушу прыйсьці сюды. Вось і ўсё”.

Артур Фінькевіч кажа, што атрымаў паштоўку з навагоднімі віншаваньнямі ад свайго калегі, лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, якога трымаюць у шклоўскай калёніі. Аднак зьвестак пра тое, як ідуць справы ў самога Зьмітра, Артур ня мае. Фінькевіч не выключае, што лісты сябра не прапускае на волю турэмная цэнзура. “Мне вядома, што Дашкевіча дагэтуль трымаюць у турэмным карантыне, з якога яго мусілі перавесьці ў атрад ужо два тыдні таму”, абураецца Артур Фінькевіч.

На гэтым тыдні на волю зь менскай калёніі выйшаў актывіст “Партнэрства” Цімафей Дранчук, які адбыў за кратамі болей за 10 месяцаў. Цімафей перадаў на волю прывітаньне ад прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, зь якім бачыўся ў калёніі.

(Дранчук: ) “Аўтуховіча прывезьлі ў калёнію яшчэ ў дастаткова дрэнным стане, у яго яшчэ не закончыўся працэс выхаду з галадоўкі, але маральна ён не зламаны. Мы бачыліся літаральна ўчора. Ён прасіў перадаць, каб не спынялі змагацца”.

Нагадаю, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны паводле абвінавачаньня ў нявыплаце падаткаў. Да суду ён галадаваў на знак пратэсту болей за 70 дзён. Сам Аўтуховіч і праваабаронцы ў Беларусі мяркуюць, што ўлады паквіталіся зь ім за незалежную грамадзянскую пазыцыю.
XS
SM
MD
LG