Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец ўзнагароджаны прэміяй ПЭН-цэнтру


Радыё Свабода, Прага Рада Беларускага ПЭН-цэнтру ўганаравала Паўла Севярынца літаратурнай прэміяй імя Алеся Адамовіча за цыкл “Лісты зь лесу”, які друкуецца ў "Нашай Ніве".

Гаворыць сябра Рады ПЭН-цэнтру Уладзімер Арлоў.

(Арлоў: ) “Я перакананы, што Павал Севярынец на сёньняшні дзень -- адзін з найбольш цікавых беларускіх публіцыстаў. Гэта выдатна засьведчылі ягоныя "Лісты зь лесу", якія чытачы "Нашай Нівы" штотыдзень сустракалі на старонках газэты. І, на жаль, якія яны будуць сустракаць і ў Новым годзе, бо ў мяне спадзяваньняў на датэрміновае вызваленьне Паўла Севярынца няма".

Заўтра Паўлу Севярынцу спаўняецца 30 гадоў. Гэты юбілей Севярынец сустрэне ў вёсцы Малое Сітна, дзе адбывае прысуд – яму адмовілі ў паездцы ў Віцебск да родных на дзень народзінаў.

Нагадаем, што ў розныя гады прэміяй Беларускага ПЭН-центру былі адзначаныя Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, а таксама аўтары Свабоды – Ганна Соўсь, Сяргей Дубавец , Валянцін Жданко, Аляксандар Лукашук, Віталь Тарас, Сяргей Навумчык, Віталь Цыганкоў.
XS
SM
MD
LG