Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсках Лаздуны й Юрацішкі галадуюць больш за сто вернікаў (фота)


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Працягваецца бестэрміновая галадоўка вернікаў каталіцкага касьцёлу ў вёсцы Лаздуны Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Яны пратэстуюць супраць таго, што беларускія ўлады не працягваюць візу іх ксяндзу з Польшчы Мар’юшу Ільяшэвічу. Пратэст падтрымалі вернікі ў суседняй вёсцы Юрацішкі.

Сёньня цэлы дзень вернікі знаходзяцца ў касьцёлах: у Лаздунах і Юрацішках. Па чарзе адлучаюцца дахаты, каб уходвацца па гаспадарцы. Учора ў Лаздунскім касьцёле ўсю ноч сядзелі 15 вернікаў: галадалі й маліліся.

Раніцай, як звычайна адбылася імша, а потым ксёндз пайшоў на размову з прадстаўнікамі аблвыканкаму. Зь яго слоў, тыя прасілі, каб ён паўзьдзейнічаў на людзей і каб яны прыпынілі галадоўку.

Вернікаў (пераважна гэта людзі сталага веку) абурыла тое, што такі падарунак улады зрабілі ім якраз на калядныя сьвяты. Людзі кажуць, што зьвярталіся ва ўсе магчымыя інстанцыі: ад райвыканкама да Менску, але так нічога й не дамагліся. Казалі, што на выбары сёлета ня пойдуць.

Вернікі кажуць, што вельмі любяць свайго ксяндза, які служыць у Беларусі ужо цягам 13 гадоў. Ён дапамог аднавіць касьцёл у Лаздунах, дапамагаў будаваць касьцёл у Юрацішках.

Ксёндз Мар’юш Ільяшэвіч ня ведае, за што яго высылаюць улады. Ягоная маці беларуска, нарадзілася ў Чашніках, а бацька ў шэрагах Чырвонай арміі вызваляў Беларусь ад фашыстаў й быў моцна паранены. Дый у кожнай малітве, зь яго словаў, ён заўсёды разам зь вернікамі моліцца за Беларусь і беларускі народ. Шмат хто зь вернікаў сёньня падчас яго казаньня плакаў, калі ён аб усім гэтым распавядаў.

Ксёндз распавядаў таксама, што ў Польшчы яго ўжо чакае мама і сястра, рэчы ягоныя падрыхтаваны ў дарогу, але ён ніяк не можа ўцяміць – чаму павінен пакідаць Беларусь, для якой так шмат зрабіў.

Віза ў ксяндза Мар’юша Ільяшэвіча заканчваецца 31 сьнежня. Вернікі маліліся ўвесь дзень і плянуюць застацца ў касьцёле і гэтую ноч. Яны кажуць, што такой доўгай імшы ў іх касьцёле ніколі не было. Дарэчы, да сьвятаў касьцёл урачыста прыбраны й сёньня там гучыць арган.





XS
SM
MD
LG