Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засталося 2 дні да магчымага адключэньня газу, перамовы працягваюцца


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Маскве працягваліся перамовы наконт паставак расейскага газу ў Беларусь у 2007 годзе. Калі кампраміс ня будзе знойдзены, Расея пагражае адключыць газ беларускім спажыўцам а 9-й раніцы 1 студзеня 2007 году. У адказ беларускі бок выступіў з ультыматумам — ён гатовы спыніць транзыт расейскага газу ў Эўропу празь беларускую тэрыторыю.

Сёньня па абедзе да перамоваў, якія ў офісе “Газпрому” вялі генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Дзьмітры Казакоў і намесьнік кіраўніка расейскай газавай манаполіі Валеры Голубеў, далучаецца дадатковая дэлегацыя зь Менску на чале зь першым намесьнікам міністра энэргетыкі Беларусі Эдуардам Таўпянцом. Пра гэта паведаміў памочнік міністра энэргетыкі Андрэй Жукаў:

(Жукаў: ) “Там ужо ёсьць наша група, і цяпер дапаўняюць яе. Ляцім дамаўляцца канчаткова — думаю, пытаньні будуць вырашаныя. Таму што як расейскі бок, гэтак і мы зацікаўленыя ў выніку. Сёньня ці заўтра пытаньне напэўна будзе разьвязанае”.

Паводле спадара Жукава, камандзіроўка Эдуарда Таўпянца разьлічаная на тры дні. Прэсавы сакратар “Газпрому” Сяргей Купрыянаў ня мае аптымізму што да хуткага падпісаньня кантракту.

(Купрыянаў: ) “Безумоўна, мы скіраваныя на дасягненьне выніку, а не на канфлікт, і хочам дамовіцца — але лічым, што мы ўжо дастаткова зрабілі саступак, і пакуль ня бачым адпаведных крокаў зь беларускага боку”.

“Газпром” раней казаў пра цану газу для Беларусі 200 даляраў за тысячу кубамэтраў, цяпер ён настойвае на 105 далярах. Беларусь хоча купляць газ за 75 даляраў. Апрача таго, Беларусь дамагаецца, каб расейскі бок адразу заплаціў за 50% акцыяў “Белтрансгазу” 2,5 мільярда даляраў.

Сёньня генэральны дырэктар “Газпром-экспарту” Аляксандар Мядзьведзеў яшчэ раз пацьвердзіў, што пасьля 31 сьнежня, калі заканчваецца кантракт, у “Газпрому” ня будзе ніякіх падставаў пастаўляць газ у Беларусь. Гэтыя пагрозы выклікалі рэзкую рэакцыю ў Менску. Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі заявіў наконт магчымага спыненьня транзыту ў Заходнюю Эўропу расейскага газу з 1 студзеня, у тым ліку й праз сыстэму газаправоду “Ямал—Эўропа”, якая належыць Расеі, але абслугоўваецца беларускім пэрсаналам:

(Сідорскі: ) “Падпісаньне кантракту на пастаўку газу зьяўляецца адначасова крокам да транзыту газу праз тэрыторыю Беларусі. Таму калі расейскі газавы манапаліст будзе праводзіць перамовы ў неканструктыўным рэчышчы, транзыт газу ня будзе ажыцьцяўляцца зь 1 студзеня. Паколькі ў “Газпрому” ня будзе кантракту на транзыт, мы ня зможам рабіць яму гэтай паслугі”.

Камэнтуючы гэтую заяву Сяргея Сідорскага, прэсавы сакратар “Газпрому” Сяргей Купрыянаў зазначыў “Свабодзе”:

(Купрыянаў: ) “Сытуацыя вельмі простая: газаправод “Ямал—Эўропа” наш, і мы знойдзем магчымасьці забясьпечыць празь яго транзыт”.

Тэхнічныя дэталі Сяргей Купрыянаў камэнтаваць адмовіўся.

Тым часам працягваецца інфармацыйнае супрацьстаяньне паміж дзьвюма краінамі. Газэта “Советская Белоруссия” назвала спадара Купрыянава “газавым Фрэдзі Кругерам”, параўнаўшы з пэрсанажам фільмаў жахаў. А актывісты БРСМ сёньня пікетавалі расейскую амбасаду зь лёзунгам “Газпром” — язва саюзнай дзяржавы” і зьбіралі для пэрсаналу “Газпрому” валёнкі.

Паводле памочніка міністра энэргетыкі Беларусі Андрэя Жукава, абмен заявамі з двух бакоў у рамках інфармацыйнага супрацьстаяньня асабліва не перашкаджае газавым перамовам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG