Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Шаўцова: “Наступствы гэтай гісторыі будуць адмоўнымі для Расеі”


Уладзімер Глод, Менск Крызіс з коштамі на расейскія нафту й газ для Беларусі камэнтуе вядучая дасьледчыца маскоўскага Цэнтру Карнэгі Ллілія Шаўцова.

(Шаўцова: ) “Калі паглядзець на расейскую сыстэму ўлады, дык відаць, што тут разьдзяліць палітыку й эканоміку абсалютна немагчыма. Гэтая ўлада, гэтая сыстэма трымаецца на адным прынцыпе — зьліцьці эканомікі і ўлады. Гэткім чынам, і палітыка адносна Беларусі мае адначасова і эканамічны, і палітычны кантэкст.

Хутчэй за ўсё, Расеі надакучылі выбрыкі спадара Лукашэнкі, як надакучыла й гэтая формула саюзнай дзяржавы, у рамках якой Беларусь адчувала б сябе незалежнай. І хутчэй за ўсё, Крэмль хоча загнаць спадара Лукашэнку ў кут, каб хаця б прымусіць яго прыняць расейскія правілы палітычнай гульні.

Але да гэтага, безумоўна, дадаецца эканамічны кантэкст. А ён — наступны: “Газпром” жадае ажыцьцявіць канцэпцыю “Расея — энэргетычная звышдзяржава”. І таму хоча мець вакол Расеі ляяльны пас зь дзяржаваў, дзе ён мог бы кантраляваць ня толькі магчымасьць транспартыроўкі, але й сам рэсурс і мэханізм транспартыроўкі. А гэта — “Белтрансгаз”.

Але наступствы гэтай гісторыі, якая робіцца паводле прынцыпу вялікага расейскага палітоляга Віктара Чарнамырдзіна “хацелі як лепей, а атрымалася як заўжды”, будуць адмоўныя для Расеі. Па-першае, будзе ўзмацненьне антырасейскіх настрояў у Беларусі. І я не выключаю, што “бацька” зможа мабілізаваць свой рэжым, і надалей эксплюатаваць менавіта антырасейскі настрой. Па-другое, Расея і “Газпром” яшчэ больш дыскрэдытуюць сябе ў вачах эўрапейскай грамадзкай думкі. І па-трэцяе, вакол Расеі ўзьнікае пас зь ня вельмі дружалюбных дзяржаваў, якія ўжо спазналі на сабе цяжкую руку “Газпрому”.
XS
SM
MD
LG