Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: як беларусы ставяцца да пагрозаў “Газпрому”?


Радыё Свабода Ці апасаецеся вы, што 1 студзеня 2007 году “Газпром” выканае сваю пагрозу і спыніць пастаўку газу ў Беларусь, калі ня будзе падпісаны кантракт? Як вы да гэтага ставіцеся? Адказы мінакоў на плошчы Якуба Коласа ў Менску запісаў наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “Не! Не адключаць! Няхай яны дурнотай не тлумяць галаву!”

(Юнак: ) “На мой погляд, могуць адключыць. Калі зручная прапанова ня будзе зыходзіць ад Беларусі, то яны могуць гэта зрабіць. Бо ў іх ёсьць альтэрнатыўны шлях, які не праходзіць празь Беларусь. І для іх няма сэнсу проста так губляць грошы”.

(Дзяўчына: ) “Я мяркую, што зь іхнага боку такі крок будзе несумленным. І Пуцін, і Лукашэнка хваліліся, што Расея й Беларусь заўжды разам”.

(Спадар: ) “Усё ж гэта выглядае як газавы шантаж. Трэба прытрымлівацца пэўных дамоўленасьцяў між краінамі. Але, зь іншага боку, гэта добры ўрок для беларускай улады, бо быў час штосьці зьмяніць у эканоміцы, каб прадпрыемствы менш залежалі ад энэргетыкі Расеі”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што дамова ўсё-такі будзе. Але ж калі патрабаваньняў Расеі ня прымуць, то Расея газ адключыць. Чаму? Расея падрыхтавалася. Калінінград і Польшча зрабілі запасы для Эўропы. Міністар энэргетыкі Ўкраіны што сказаў? Калі будуць якія інцыдэнты, то газ пойдзе праз Украіну”.

(Карэспандэнт: ) “Ці не баіцеся, што Расея спыніць з 1 студзеня пастаўкі газу ў Беларусь? Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Спадар: ) “Я не магу дакладна сказаць, бо ад іх можна чакаць усяго. І ў нас іншага выйсьця няма, як шукаць рэзэрваў і штосьці рабіць, каб не залежаць ад якога-небудзь Мілера”.

(Спадар: ) “Мы жывем у краіне рынкавай эканомікі. І трэба плаціць па коштах рынку”.

(Спадар: ) “Плаціць, вядома, будзем больш. Але адключыць цалкам не атрымаецца. Я гэтаму ня веру”.

(Спадар: ) “Усё можа здарыцца. Але я спадзяюся, што ў іх хопіць розуму гэтага не рабіць”.

(Спадар: ) “Складана будзе. Вельмі складана”.

(Спадар: ) “Калі Расея лічыць, што ўсе краіны, зь якімі яна працуе, павінны пераходзіць на рынкавыя дачыненьні, то гэта правільна. Бо для эканомікі нашай краіны ня вельмі добра, што мы працуем ня ў рынкавых умовах. Эканоміка мусіць прызвычайвацца да рынкавых коштаў і працаваць у гэтых рамках”.
XS
SM
MD
LG