Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Карамазаў: “Пісьменьнік павінен быць мужным і прынцыповым”


Міхась Скобла, Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 24 сьнежня).

Чаму творы выдатных беларускіх мастакоў на эўрапейскім рынку каштуюць у дзясяткі разоў меней за свой сапраўдны кошт? Як прадстаўлены нацыянальны жывапіс у галоўным мастацкім музэі краіны? Ці патрэбен геніяльнаму мастаку гэткі ж геніяльны біёграф? Пра гэта ды іншае Міхась Скобла гутарыць зь пісьменьнікам, ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Кастуся Каліноўскага Віктарам Карамазавым.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Віктар, толькі сёлета ў вас выйшлі дзьве кнігі пра мастакоў: “Брама” – пра Гаўрылу Вашчанку і “Антон” – пра Антона Бархаткова. Вядомае выслоўе: каб зразумець паэта, трэба ісьці ў ягоны край. А каб зразумець мастака, куды трэба ісьці, апрача карціннай галярэі?”

(Віктар Карамазаў: ) “Мне вельмі важна ведаць: адкуль мастак, дзе ён пачаўся. Самыя моцныя ўражаньні закладваюцца ў чалавека ў дзяцінстве, ён у сьвет ідзе адтуль, дзе яго пупавіна закапаная. І потым мастак, пад якімі б уплывамі ні аказаўся, ён найперш рэалізуе сваю прыроду, тое сьвятло, якое ён убачыў і атрымаў у сваю душу з маленства. З Антонам Бархатковым я сябраваў гадоў сорак. З Вашчанкам – апошнія гады. Яны вельмі розныя – і палітраю, і гамаю, і сьветаўспрыманьнем. Хоць, дарэчы, абодва называлі сябе рэалістамі. Але Бархаткоў – рэаліст яшчэ ад перасоўнікаў, якіх сёньня ў нас няма. А Вашчанка – рэаліст з філязофскім ухілам, ён абагульняе рэалістычную натуру”.

(Скобла: ) “Ці ня самыя знакамітыя кнігі пра мастакоў напісаў французкі аўтар Анры Пэрушо, які стварыў літаратурныя партрэты Ван-Гога, Тулуз-Латрэка, Клода Манэ, Рэнуара. У прадмове да сваёй кнігі пра Сэзана Пэрушо гаварыў: “Я даведаўся пра Сэзана ўсё, што толькі сёньня пра яго вядома. Я сабраў і супаставіў усе наяўныя матэрыялы, я наведаў месцы, дзе ён жыў. Я не прывёў у кнізе ніводнага факту, які можна было б аспрэчыць”. А вы ў сваіх кнігах, героі якіх – рэальныя людзі, ці даяце волю фантазіі?”

(Карамазаў: ) “Безумоўна, без фантазіі не атрымаецца мастацкі твор. На жаль, мы ў сваёй беларускай рэальнасьці ня можам працаваць так, як працаваў Пэрушо. Пра мастакоў-імпрэсіяністаў у Францыі і ў другіх заходніх краінах захаваліся багатыя архівы. У Пэрушо было столькі фактуры, на якую мы ня можам разьлічваць, пра каго б ні пісалі. Біяграфіі нашых мастакоў – гэта белыя плямы. Калі я працую над сваімі кнігамі, у мяне найпершая праблема – знайсьці фактуру. І тут без фантазіі не абысьціся. Пісьменьнік павінен пісаць раскавана, але ён мусіць выкарыстаць усю вядомую яму дакумэнтальную аснову. Але – каб яна не выглядала як набор фактаў, нейкіх дакумэнтаў з жыцьця мастака. Усё гэта трэба пераплавіць, ператварыць менавіта ў мастацкі тэкст. І гэта самая вялікая складанасьць пры напісаньні твораў падобнага жанру. Яны біяграфічныя, дакумэнтальныя і мастацкія адначасова. Я чытаў Анры Пэрушо. Але мне бліжэй амэрыканскі пісьменьнік Ірвінг Стоўн, які напісаў раман пра Ван-Гога пад назвай “Прага жыцьця”, які напісаў раман пра Мікелянджэлё. Пэрушо – дакумэнталіст, а Стоўн – мастак. І пазыцыя мастака мне больш імпануе.

Калі я пісаў пра Бялыніцкага-Бірулю, што я меў? Толькі скупыя факты: калі, дзе нарадзіўся, што напісаў і г.д. Я сеў у свой усюдыход “Ніву”, узяў стрэльбу й сабаку і паехаў паляўнічымі сьцежкамі Бялыніцкага-Бірулі. І там я знайшоў усё неабходнае: і факты, і яго невядомыя літаратурныя творы, і яго лісты да дачкі Любы. Чым Біруля толькі ні захапляўся! Ён быў усебакова таленавіты чалавек прыблізна такога пляну, як мастакі эпохі італьянскага Адраджэньня”.

(Скобла: ) “Вы згадалі Бялыніцкага-Бірулю, пра якога напісалі выдатную аповесьць “Крыж на зямлі і поўня ў небе”. Сёньня ў Маскве можна свабодна і (паводле маскоўскіх коштаў) за бясцэнак набыць карціны Бялыніцкага-Бірулі. Ён каштуе прыблізна ў сто разоў меней за Ісаака Левітана. Чаму так?”

(Карамазаў: ) “Бялыніцкі-Біруля – мастак унікальны, тонкі, ён, як ніхто іншы, адчуваў прыроду. З кім яго параўнаць – я нават ня ведаю. А наконт коштаў на карціны ў мяне свая формула. Карціна каштуе столькі, колькі каштуе мастацтва плюс вядомасьць мастака. Усё залежыць ад таго, наколькі ён, як цяпер кажуць, “раскручаны”, наколькі ён прыўзьняты як мастак. Хто гэтую работу робіць? Грамадзтва і літаратура. У свой час вялікі француз Дэлакруа, сусьветна вядомы сваім дзёньнікам, напісаў: “Вялікаму мастаку абавязкова патрэбны вялікі пісьменьнік”. Дэлакруа, не дачакаўшыся “свайго” пісьменьніка, сам стаў ім і напісаў свае знакамітыя дзёньнікі.

Альбо вазьміце Ван-Гога. Ён ня быў славутым, пакуль не былі апублікаваныя яго лісты да брата Тэадора. Гэта выдатная проза, і гэта яна падняла Ван-Гога як мастака на тую вышыню, на якой ён цяпер знаходзіцца. А што ў нас у Беларусі атрымліваецца? Хто “раскручваў” Бялыніцкага-Бірулю? А што пра Левітана напісана? Манаграфіі, аповесьці, раманы. Таму Бялыніцкі-Біруля і Левітан на рынку – неадпаведныя асобы. Калі ж рэальна ўзяць лепшыя работы Левітана і Бялыніцкага-Бірулі, то іх кошт павінен быць раўназначна высокі”.

(Скобла: ) “Пра раўназначнасьць талентаў і неадпаведнасьць коштаў я запытаўся ў мастака і арганізатара выставаў Ігара Бархаткова. Спадар Ігар, калісьці Анарэ дэ Бальзак вызначыў гэткую формулу коштаў: “Карціна каштуе сорак су – за палатно і фарбы, і сто тысяч франкаў – за талент мастака”. Чаму талент Бялыніцкага-Бірулі адпаведна не ацэнены на мастацкім рынку?”

(Ігар Бархаткоў: ) “Бялыніцкі-Біруля павінен каштаваць у дзясяткі разоў болей. Гэта высокадухоўны жывапіс. Бялыніцкі-Біруля на сёньняшні дзень абсалютна не ацэнены ні на заходнеэўрапейскім, ні на расейскім рынках. Калі дзесяць гадоў таму ён каштаваў увогуле толькі тры тысячы даляраў, і былі прададзеныя вельмі вялікія калекцыі ў Маскве, то цяпер цана трохі паднялася. Чаму ён не ацэнены? Тут ёсьць многа прычынаў. У Беларусі яму не аддадзена належнае, хоць уся творчасьць ягоная знаходзіцца тут. Пра гэта вельмі многа гаварылася, і пра гэта гаварыў мой бацька – мастак Антон Бархаткоў, вучань Бялыніцкага-Бірулі, Трэба было тады ж, у 1957 годзе, калі Бірулевы працы прывезьлі на радзіму, адчыняць яго вялікі музэй.

Кошты на яго надзвычай заніжаныя. Калі б ён жыў у Францыі ці ў любой другой краіне, гэта быў бы мастак нумар адзін у сьвеце! Сёньня расейскі жывапіс добрай якасьці ў Эўропе прадаецца і за мільён, і за два мільёны, і за тры мільёны даляраў. Расейскі жывапіс у сьвеце б’е ўсе рэкорды па коштах. Гэта велізарныя грошы! Два-тры мільёны – гэта цана карцінаў узроўню Дзюрэра, Кранаха, мастакоў Адраджэньня, разумееце?”

(Скобла: ) “А хто зь беларускіх мастакоў – самы дарагі на мастацкіх аўкцыёнах?”

(Бархаткоў: ) “На заходніх аўкцыёнах самым дарагім стаў Станіслаў Жукоўскі. Сёлета Жукоўскі ўпершыню дайшоў да мільёна даляраў. Гэта, дарэчы, вялікі гонар для Беларусі. І беларусы таксама павінны многа зрабіць дзеля таго, каб пра Жукоўскага загаварылі па-сапраўднаму, таму што гэта наш мастак”.

(Скобла: ) “У свой час Ван-Гог, шлях якога да прызнаньня быў таксама нялёгкім, сказаў: “Веліч не прыходзіць сама па сабе, яе трэба дамагацца”. Як трэба дамагацца велічы для беларускіх мастакоў?”

(Бархаткоў: ) “Я думаю, што гэта праца наша, гэта праца тэлебачаньня, радыё, гэта праца пісьменьнікаў. Тое, што напісаў Карамазаў пра беларускіх мастакоў, я ўспрымаю як подзьвіг. Так пранікнёна, з такім разуменьнем жывапісу, сутнасьці жывапісу, духоўнага разуменьня жывапісу. Я думаю, што Карамазаў будзе настаўнікам для многіх пакаленьняў новых пісьменьнікаў”.

(Скобла: ) “Гэта быў Ігар Бархаткоў, а мы вяртаемся ў студыю і працягваем гутарку зь пісьменьнікам Віктарам Карамазавым. Спадар Віктар, а чаму творы Бялыніцкага-Бірулі, якія ёсьць у Маскве ў свабодным продажы, ня скупіць наш Нацыянальны музэй? У яго экспазыцыі, здаецца, толькі два палатна мастака “Блакітная капліца” і “Час цішыні”.

(Карамазаў: ) “Найперш дзякую Ігару Бархаткову за гэткую нечаканую для мяне ацэнку маёй працы. Я не зьдзяйсьняў подзьвігаў. Проста беларускі пісьменьнік сёньня павінен быць мужным і прынцыповым у адносінах да нашай рэчаіснасьці, калі ўсё беларускае пасьлядоўна і мэтанакіравана вынішчаецца. Цяпер адносна музэю. Нацыянальны музэй мае шмат твораў Бялыніцкага-Бірулі. Карцінаў пяцьдзесят, відаць. Але ж дзе іх выстаўляць, у музэі нават пасьля адкрыцьця новага будынку не хапае месца”.

(Скобла: ) “Вы – адзіны сярод пісьменьнікаў ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Кастуся Каліноўскага. Сёньняшняя беларуская ўлада яе нікому не прысуджае. Тое, што вы маеце прэмію Каліноўскага, вас да нечага абавязвае?”

(Карамазаў: ) “Я першым атрымаў прэмію імя Каліноўскага – у 1990 годзе, другім Мікола Ермаловіч – у 1992-м, за сваю кнігу “Старажытная Беларусь”. Ён, хоць і гісторык, але мы яго вылучалі на прэмію ад імя Саюзу пісьменьнікаў і ўсёй пісьменьніцкай сям’ёй адстойвалі яго і перажывалі за яго. Цяпер прэмію Каліноўскага дзяржава нікому не дае. А шкада. Хоць і зразумела... Кастусь Каліноўскі – вялікая нацыянальная постаць, і быць ляўрэатам прэміі Каліноўскага для мяне вялікі гонар.

Цікава, што Каліноўскі прысутнічае і ў біяграфіях беларускіх мастакоў, пра якіх я пісаў. Скажам, у родзе таго ж Бялыніцкага-Бірулі, у родзе Станіслава Жукоўскага былі паўстанцы 1863 году. Бацька Жукоўскага, яго два дзядзькі прымалі ўдзел у паўстаньні, дзядзькі былі рэпрэсаваныя, высланыя царом у Сібір, адзін там загінуў, другі адтуль зьбег у Амэрыку. Бацька непасрэдна ў баях ня ўдзельнічаў, але аддаў паўстанцам сваіх коней, прадукты, нават свайго каваля. Ён ненавідзеў усё расейскае: і Маскву, і цара. І калі сын Станіслаў паступіў вучыцца ў Маскву, бацька адрокся ад сына! І ніколі ў жыцьці не падышоў да яго і не падаў рукі. Ніколі! І ніколі ні ў чым не дапамог. А хлопцу было ўсяго пятнаццаць гадоў, і ён быў вымушаны сам выбівацца ў мастакі. Бачыце, якое ў гэтым родзе было магутнае нацыянальнае пачуцьцё, атрыманае пад штандарамі Кастуся Каліноўскага! Дзеля сваіх прынцыпаў адрачыся ад сына! Можна такую непрымірымую пазыцыю асуджаць, але яе можна і зразумець.”

(Скобла: ) “Вамі створаныя аповесьці пра мастакоў Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, Станіслава Жукоўскага, Гаўрылу Вашчанку, Антона Бархаткова. Пра каго з мастакоў вы плянуеце выдаць кнігу ў наступным годзе?”

(Карамазаў: ) “Цяпер я працую над аповесьцю пра расейскага мастака Мікалая Васілевіча Неўрава. Ён мяне цікавіць ня столькі як мастак, колькі як трагічная асоба, якая перажыла драму на беларускай зямлі. У Неўрава быў канфлікт з маскоўскім купецтвам, і ён пасяліўся ў Беларусі. За многія гады жыцьця на Магілёўшчыне ён нічога не напісаў і скончыў жыцьцё самагубствам ў 1904 годзе ў вёсцы Лыскаўшчына (цяпер гэта Круглянскі раён). Неўраў назіраў беларускае жыцьцё, стараўся зразумець беларусаў. Але гэта ў яго не атрымлівалася, і ён папракаў беларускіх сялянаў за тое, што яны, на яго погляд, былі вечнымі халопамі, ня здольнымі да пратэсту. Ён замалёўваў іх, рабіў эскізы, але не знаходзіў таго адметнага вобразу, які яму захацелася б вывесьці на палатно. Неўраву не хапала ў беларусах мужнасьці, неабходнай для рэалізацыі свайго права на жыцьцё, на сваю родную зямлю. Пра ўсё гэта і будзе мая новая аповесьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG