Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прычыны эканамічнага росту?


Валер Карбалевіч, Менск Чарговы выпуск "Экспэртызы Свабоды". Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба й эканаміст Аляксандар Чубрык.

(Валер Карбалевіч: ) “Статыстычныя вынікі за адзінаццаць месяцаў гэтага году даволі ўражлівыя. Валавы ўнутраны прадукт вырас на 10%, экспарт — на 24,5%. Самая нізкая інфляцыя за ўсе гады незалежнага існаваньня. Заўважна вырасьлі заробкі. Напрыклад, імпарт аўтамабіляў, іншамарак, як іх называюць, вырас у чатыры разы.

Такімі тэмпамі разьвіваліся так званыя “азіяцкія тыгры” ў найбольш спрыяльныя для іх 1970—1980-я гады стагодзьдзя. Прычым гэта адбываецца насуперак усім ацэнкам незалежных эканамістаў, экспэртаў міжнародных арганізацыяў, кшталту Ўсясьветнага банку, якія сьцьвярджалі, што нерэфармаваную беларускую эканоміку чакаюць вялікія цяжкасьці. Чым жа тлумачыцца эканамічны рост?”

(Барыс Жаліба: ) “Сапраўды, паводле статыстычных зьвестак гэты год, як і папярэдні, можна ацаніць станоўча. Можна чакаць, што ўсе пляны будуць выкананыя. На гэтыя паказчыкі паўплывалі й добрая адміністрацыйная дысцыпліна.

Але 2006 год — апошні год, калі наша эканоміка працуе на танных энэрганосьбітах. Наступным годам кошты на нафту й газ вырастуць, тады й пабачым, ці зможа эканоміка эфэктыўна працаваць”.

(Аляксандар Чубрык: ) “Канечне, эканоміка Беларусі нерэфармаваная. Але Беларусь не выключэньне, паказчыкі іншых нерэфармаваных эканомік у СНД таксама высокія.

Але крыніца посьпеху гэтых краінаў палягае не ў эфэктыўнай эканамічнай палітыцы, а ў спрыяльнай вонкавай каньюнктуры. На ўсясьветных рынках расьлі цэны на нафту й нафтапрадукты. Сёлета 40% даходаў беларускага экспарту склалі нафтапрадукты. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі на 20—25% атрымоўваецца коштам нафтапрадуктаў. Але гэтыя крыніцы росту вычарпаныя ў выніку абвастрэньня дачыненьняў з Расеяй і Эўразьвязам”.

(Карбалевіч: ) “Сам Аляксандар Лукашэнка, афіцыйная прапаганда даводзяць, што такія высокія тэмпы разьвіцьця — сьведчаньне перавагі, эфэктыўнасьці той эканамічнай мадэлі, якая створаная й дзейнічае ў Беларусі. Гэта нерэфармаваная эканамічная сыстэма, з дамінаваньнем дзяржаўнай уласнасьці, прыгнечаным прыватным сэктарам, моцным кантролем дзяржаўных органаў.

Лукашэнка ўвесь час кажа, што вось мы, адрозна ад суседзяў, не сьпяшаліся з рэформамі, таму й атрымалі такі эфэкт. Апанэнты аспрэчваюць гэты тэзіс і гавораць, што прычыны добрых эканамічных паказчыкаў палягаюць у спрыяльнай замежнаэканамічнай каньюнктуры? Дык ці сапраўды беларуская эканамічная мадэль такая эфэктыўная?”

(Жаліба: ) “Існая ў Беларусі мадэль мае пэўныя плюсы. Канцэнтрацыя ў руках дзяржавы сродкаў дае магчымасьць выдаткоўваць іх на падтрымку флягманаў прамысловасьці. Напрыклад, такую падтрымку атрымалі трактарны, аўтамабільны заводы, “Гарызонт”. Гэта дапамагло ім стаць на ногі. Апошнія гады перавыконваюцца пляны капіталаўкладаньняў. Цяжка аддзяліць уплыў унутраных чыньнікаў і вонкавых. Але слабасьць прыватнага сэктару мае пэўнае значэньне”.

(Карбалевіч: ) “Вы сказалі, што дзяржава падтрымлівае прадпрыемствы. Але той факт, што гэтыя прадпрыемствы патрабуюць дапамогі, сьведчыць пра эфэктыўнасьць эканамічнай палітыкі ці наадварот?”

(Жаліба: ) “У пераходнай, трансфармацыйнай эканоміцы такая падтрымка прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі непазьбежная”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Чубрык, вы сказалі, што на прасторы СНД і тыя краіны, якія правялі рэформы, і нерэфармаваныя краіны дэманструюць нядрэнны эканамічны рост. Тады на чым заснаваная выснова, што рэфармаваная эканоміка больш эфэктыўная, чым нерэфармаваная?”

(Чубрык: ) “Беларусь не прыдумала ніякай новай эканамічнай мадэлі. Яна атрымала ад СССР высокаканцэнтраваную прамысловасьць. Тут дзесяць-дваццаць прадпрыемстваў даюць імпульс усёй эканоміцы.

Інвэстыцыі ў нафтаперапрацоўку, мэталаапрацоўку, аўтапрам далі эфэкт, бо зноў жа склалася спрыяльная замежнаэканамічная каньюнктура. Напрыклад, Расея абараняла свой рынак ад імпарту аўтамабіляў, трактароў з трэціх краінаў. Паколькі Беларусь знаходзіцца ў адзінай мытнай прасторы з Расеяй, то яна атрымлівала ад гэтага выгаду.

Калі мы параўнаем беларускія эканоміку з рэфармаванымі эканомікамі Польшчы, Эстоніі, Літвы, то там сярэдні заробак у тры-чатыры разы большы, чым у нас. У гэтым і праяўляецца большая эфэктыўнасьць рынкавай эканомікі”.

(Карбалевіч: ) “Наступны год стане моцным выпрабаваньнем беларускай эканамічнай мадэлі. Новыя дачыненьні з Расеяй, увядзеньне мытаў на расейскую нафту, больш высокія цэны на газ, адмена Эўразьвязам гандлёвых прэфэрэнцыяў ставяць эканоміку Беларусі ў цяжкі стан. Якія пэрспэктывы беларускай эканомікі наступным годам?”

(Жаліба: ) “Не пазайздросьціў бы беларускаму ўраду. Калі Расея падыме кошты на газ толькі ўдвая, то Беларусі давядзецца знайсьці 1 мільярд даляраў дадаткова. Затым, калі Расея не адменіць нафтавых мытаў, то беларускі бюджэт, згодна з рознымі ацэнкамі, губляе 3—4 мільярды даляраў.

Гэтым годам за тры кварталы наш замежнагандлёвы балянс склаўся адмоўны дзесьці на 800 мільёнаў даляраў. А паводле прагнозаў мы павінны былі выйсьці на плюс. Гэтая сытуацыя будзе ціснуць на валютныя рэзэрвы Нацбанку. Ужо цяпер попыт на валюту на беларускай фондавай біржы часьцей большы, чым прапанова. Нацбанк будзе вымушаны дзеля падтрымкі абменнага курсу беларускага рубля рабіць валютныя інтэрвэнцыі. Таму ёсьць пагроза дэвальвацыі беларускага рубля з новага году. І ўжо сёньня некаторыя грамадзяне пераводзяць свае рублёвыя ўклады ў банках у валютныя, і гэта небясьпечная тэндэнцыя.

Плюс Эўразьвяз пазбавіў Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў, што цягне страты дзесьці на 400 мільёнаў даляраў. Калі гэта ўсё падсумаваць, то можна прагназаваць эканамічныя цяжкасьці.

Вядома, урад Беларусі нешта робіць. Створаны адмысловы Нацыянальны фонд, каб залагодзіць цяжкія наступствы. Але гэтых грошай ня хопіць. Давядзецца пералічыць бюджэт, пляны на наступны год”.

(Чубрык: ) “Перамовы й наконт нафты, і наконт газу яшчэ ня скончыліся, мы ня ведаем канчатковых цэнаў. Але ўжо можна казаць, што год будзе ня проста цяжкі, а вельмі цяжкі. Таму й пляны, бюджэт, асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі, якія былі зацьверджаныя на наступны год, давядзецца пераглядаць.

Пагроза дэвальвацыі існуе. Калі наш Нацбанк будзе ў дастатковай ступені незалежным ад ціску выканаўчай улады, то ён можа вытрымаць курс. Але калі ўрад пачне патрабаваць надрукаваць грошай, каб падтрымаць прадпрыемствы, выплаціць заробкі ды іншае, то наступным годам нас можа чакаць ня толькі дэвальвацыя, але й інфляцыя, зьніжэньне рэальных даходаў грамадзянаў.

Але ўсё гэта адбудзецца тады, калі сытуацыя будзе разьвівацца паводле самага пэсымістычнага сцэнара, спраўдзяцца ўсе пагрозы. Але ў любым выпадку ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве Беларусь усіх гэтых пагрозаў пазьбегнуць ня можа”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, магчыма, наступны год стане пэўным момантам ісьціны, які адкажа на пытаньне: ці сапраўды беларуская эканамічная мадэль насамрэч эфэктыўная, ці рэч толькі ў спрыяльных вонкавых умовах?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG