Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мядзьведзеў: 31 сьнежня заканчваецца кантракт з Беларусьсю


Радыё Свабода Намесьнік старшыні праўленьня ”Газпрома”, генэральны дырэктар “Газпром экспарту” Аляксандар Мядзьведзеў заявіў ў інтэрвію "Медиа Консалта", што 31 сьнежня заканчваецца кантракт з Беларусьсю і ў “Газпрома” пасьля гэтай даты ня будзе ніякіх падстаў пастаўляць газ у гэтую краіну. “Газпром” не аднойчы заяўляў пра сваю пазыцыю і ніякіх нечаканасьцяў для беларускага боку тут не было.

Спадар Мядзьведзеў сказаў, што ёсьць пытаньне аб продажы акцый “Белтрансгазу” — “тут, сапраўды, сувязь з умовамі паставак газу для Беларусі мае месца. Цяпер мы прапанавалі Менску аплаціць 75 даляраў з прапанаванай намі цаны ў 105 даляраў за тысячу кубамэтраў, а астатняе — акцыямі “Белтрансгазу”. Мы сыходзім з ацэнкі кампаніі ў 5 мільярдаў даляраў. Мы гатовы набыць 50 працэнтаў акцый за 2,5 мільярды. Паводле нашых разьлікаў, Беларусь гатова пакрыць розьніцу ў 30 даляраў за тысячу кубамэтраў акцыямі “Белтрансгазу” у растэрміноўку на чатыры гады. Выгода ад растэрміноўкі для Беларусі будзе каля 1,9 мільярда. Але варта разумець, што цана газу ўсё роўна будзе падвышана, гэта непазьбежна. Гэта падвышэньне ідзе ў рэчышчы стратэгіі вываду экспартных цэнаў на рэальны, рыначны ўзровень. Але мы зрабілі больш мяккімі ўмовы для Беларусі, прапанаваўшы такі варыянт з растэрміноўкай і аплатай акцыямі “Белтрансгазу”. Больш за тое, рэальны кошт “Белтрансгазу” не вышэй за 3,5 мільярды даляраў, а мы пагадзіліся на 5 мільярдаў ”

Аляксандар Мядзьведзеў заявіў, што экспарт газу праз Беларусь ёсьць асобнай тэмай: “Пастаўкі газу ў Эўропу праз тэрыторыю Беларусі будуць ажыцьцяўляцца па раней агавораных умовах, няма ніякіх прычын для перагляду транзытных кантрактаў. Гэта ўзровень міжнародных дамоўленасьцяў. Са свайго боку “Газпром” выканае абавязацельствы ў пастаўках газу ў Эўропу. Я думаю, спэкуляцыя па прынцыпу “наш транзыт, а значыць і нашы ўмовы” ў сучасных варунках немагчымы. Прыклад Украіны даказаў няслушнасьць такога падыходу”.

Раней “Газпром” называў цану на газ для Беларусі ў 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Але чаму яна была паніжана да 105?

На гэтае пытаньне спадар Мядзьведзеў адказаў, што “пазыцыя на апошніх перамовах, сапраўды, была менавіта такая — 105 даляраў. Раней абмяркоўвалася цана і ў 200, і ў 170 даляраў за тысячу кубамэтраў. Цяпер мы прапанавалі нашым беларускім партнэрам пэўныя ўмовы, на наш погляд, самыя ляяльныя. Мы ўлічылі і асаблівасьці нашага супрацоўніцтва і стасункаў у рамках саюзнай дзяржавы, але пакуль поўнага ўзаемаразуменьня няма”.

Намесьнік старшыні праўленьня ”Газпрому” Аляксандар Мядзьведзеў спадзяецца, што сытуацыя вырашыцца бліжэйшым часам. Ён заклікаў беларускі бок яшчэ раз уважліва паставіцца да прапаноў “Газпрому” і дэталёва іх вывучыць.
XS
SM
MD
LG