Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяржук Бахун: “Веру, што ўсё будзе так, як вераць усе сумленныя беларусы”


Радыё Свабода Сяржук Бахун — удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Для мяне асацыяцыя са словам вера — гэта ў першую чаргу вера ў Бога. Да Веры мяне прывучылі мае бабулі Натальля і Ўсьціньня. Бабуля Натальля была грэка-каталічкаю, а бабуля Ўсьціньня праваслаўнаю. І нават ня гледзячы на тое, што яны былі розных канфэсіяў, падзелу паміж імі не было. І сёньня для мяне няма Веры праваслаўнай, альбо каталіцкай, а ёсьць Вера хрысьціянская.

Я веру, усё што робіцца, робіцца з ласкі Божай.

Я веру ў тое, што Беларусь атрымала вялікія выпрабаваньні дзеля таго, каб заслужыць вялікую будучыню. Толькі трэба годна прайсьці праз гэтыя выпрабаваньні.

Веру ў пасьпяховую палітычную будучыню Аляксандра Мілінкевіча. Па закліку якога я прыйшоў разам з маімі блізкімі на плошчу Кастуся Каліноўскага.

Веру ў слова беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў: Васіля Быкава і Максіма Багдановіча, Вольгі Іпатавай і Сяргея Законьнікава, Алеся Пашкевіча і Ніла Гілевіча, Уладзімера Арлова і Рыгора Барадуліна.

Я веру, што ў будучай свабоднай Беларусі ня будзе палітычных вязьняў. Веру ў сілу духу і моц волі Паўла Севярынца, Зьмітра Дашкевіча і ўсіх сёньняшніх вязьняў сумленьня. Іх прыклады абавязкова будуць у падручніках па гісторыі.

Веру, што больш ніколі не паўторыцца той час, калі мяне і маіх сяброў маладафронтаўцаў выклікалі ў міліцыю, пракуратуру, КДБ і пагражлі крымінальнай адказнасьцю толькі за адно сяброўства ў незарэгістраванай арганізацыі, мэтай якой зьяўляецца аб’яднаньне і выхаваньне моладзі на грунце беларускай нацыянальнай ідэі, хрысьціянскіх прынцыпаў, пабудова грамадзянскай супольнасьці на падставах дэмакратыі і вольнага рынку.

Веру ў тое, што хутка вернецца той час, калі я і любы ахвотны зможа падпісацца і атрымліваць па пошце мае любімыя газэты “Наша Ніва”, “Народная воля”, “Салідарнасьць” і іншыя незалежныя выданьні.

Я веру ў тое, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсітэт пераедзе зь Вільні назад у Менск і дыплёмы ягоным выпускнікам у Беларусі будуць выдаваццца па стандарце Эўразьвязу.

Веру, што вучні Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю перастануць вучыцца па кватэрах і падвалах, а вернуцца ў свой будынак — помнік архітэктуры ХІХ стагодзьдзя на вуліцы Кірава.

Я веру, што моладзь, якая сёньня вучыцца ў замежных унівэрсітэтах, бо зьехала зь Беларусі з-за палітычных перасьледаў, вернецца на Радзіму і яе веды будуць тут запатрабаваныя.

Я веру ў той час, калі беларусы, якіх лёс прымусіў займацца палітыкай, змогуць спакойна сыйсьці з палітычнай арэны і займацца сваімі прафэсійнымі справамі і іх ніхто ня будзе выганяць з працы толькі за тое, што іхнія палітычныя погляды розьняцца ад поглядаў кіраўніцтва.

Я веру ў тое, што беларускі народ і беларуская навука здоляюць перамагчы наступствы чарнобыльскай аварыі. Беларуская нацыя будзе здаровай і разумнай, а беларускія спартоўцы будуць без разнарадак прывозіць узнагароды з алімпіядаў і сусьветных спаборніцтваў.

Я веру ў дабрыню, справядлівасьць і шчасьце!

І веру, што ўсё будзе так, як вераць усе сумленныя беларусы! І тады бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня абавязкова стануць дзяржаўнымі сымбалямі вольнай Беларусі.

“Па Веры Вашай, няхай будзе Вам” (ад Мацьвея 9:29).

***

Сяржук Бахун – 30-гадовы палітык зь Берасьця, сустаршыня Маладога фронту, адзін з актыўных абаронцаў намётавага мястэчка на Кастрычніцкім пляцы ў сакавіку сёлета, любіць гуляць у футбол сам і пасьпяхова вучыць гэтаму дзяцей.
XS
SM
MD
LG