Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дрэнная карма Лукашэнкі адмоўна ўплывае на ўсю краіну – што ня зробіць, усё марна"


Радыё Свабода, Віцебск Агляд званкоў на "Свабоду" за чацьвер, 28 сьнежня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

(Анастас Семяновіч:) “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Са сьвятам Божага Нараджэньня і Новым годам! Моцнага ўсім здароўя, шаноўныя беларусы! І будзем верыць, што ў 2077-м годзе будуць праведзеныя прэзыдэнцкія выбары, дзе будзе абраны наш шаноўны спадар Мілінкевіч ці мужны баец Аляксандр Казулін. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар:) “Вялікі дзякуй ураду Расеі, прэзыдэнту, што ўсе гады кіраўніцтва Лукашэнкі яны ўтрымлівалі нас, беларусаў на танным пайку нафты і газу. Гэтая дабрыня і ёсьць аснова “эканамічнае цуда” беларускага лукашызму”.

(Андрэй Корбут, Гародня:) “Вось некаторыя слухачы кажуць, што Лукашэнка за 12 год выцягнуў з Расеі каля 50 мільярдаў даляраў. Мы лічым, што гэта брахня. Расея занадта танна плаціць за агромністыя транзыты праз Беларусь, амаль нічога не плаціць за дзьве стратэгічныя вайсковыя базы, за пэнсіі расейскім вайскоўцам, за ядзернае паліва з адданых Расеі ракет СС-20, ня кажучы ўжо пра шкоду ад катастрофы на ЧАЭС, якая прынесла Беларусі 200 мільярдаў даляраў шкоды. Пра гэта казаў і Лукашэнка два гады таму, калі Пуцін перакрыў газ для Беларусі. Пра гэтыя рахункі нідзе, нават у апазыцыйных СМІ не гавораць, а толькі пра расейскі газ і нафту. Калі ласка, падрабязьней пракамэнтуйце гэтае пытаньне. Дзякую”.

(Спадар:) “Паважанае Радыё Свабода, слухайце. Каля Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка выйграў чарговыя выбары і доўга не зьяўляўся на людзях, у мяне было ўяўленьне, і вушы мае голас пачулі. Пакуль кіраўнік усёй краіны не вызваліць з турмаў усіх зьняволеных безь віны і па падлогу, не адыдзе гнеў ад яго і ад дома яго. А пакутаваць будуць невінаватыя шараговыя грамадзяне Беларусі. Я доўга маўчаў, баяўся выказаць гэтае меркаваньне, але калі я пабачыў, як вырас хлеб і не змаглі сабраць па нейкай прычыне Божага лёсу, калі на нас сёньня накладвае Расея такі цяжар. Прычына ў адным чалавеку”.

(Уладзімер, Полацак:) “Добры дзень, “Свабода,” цяпер у Аляксандра Лукашэнкі становішча, па праўдзе кажучы, незайздроснае і акрамя яго самога, у гэтым ніхто не вінаваты. Ён сам сябе ў вугал загнаў, сам сябе ад цывілізацыі ізаляваў, сам сябе з усіх бакоў ворагамі акружыў. Усе наўкола дрэнныя, толькі ён адзін добры. Застаецца толькі з Расеяй пасварыцца. І падаецца, усё ідзе да гэтага. Цяпер ён вымушаны шукаць сяброў недзе на краю сьвету ў Вэнэсуэле, на Кубе, у Віетнаме, у Іране і гэтак далей. Тут можна сказаць толькі адно: пакажы мне сваіх сяброў і я скажу, хто ты сам. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх супрацоўнікаў Радыё Свабода з Новым годам. Здароўя і посьпехаў усім Вам, Вашым сем’ям і блізкім”.

(Зіноўеў:) “Віншую рэдакцыю і радыёслухачоў з Калядамі і Новым годам! Дзякую”.

(Белькевіч, Салігорск:) “Паважаная “Свабода,” перад прэзыдэнцкімі выбарамі я пачула пра росквіт Беларусі. З таго моманту я пачала шукаць прыкметы росквіту “Папараць кветкі”. Сваім адкрыцьцём хачу падзяліцца са “Свабодай”. У Беларусі квітнее мана, невуцтва, хамства, дурасьць, падхалімства, лаянка, п’янства, жабрацтва, чыноўніцкія крадзяжы і дзяржаўны бандытызм. З чым і віншую стваральніка ўнікальнага ладу. Дзякуй”.

(Спадар:) “Я лічу добрай навіной гэтага году тое, што Расея прыціснула Лукашэнку да сьцяны. І ў наступным годзе гэты рэжым будзе пакрыху рушыцца”.

(Спадар:) “Хачу выказаць свае меркаваньні. Пакуль наш так званы беларускі народ не возьмецца за тыя вілы, да якіх заклікаў Кастусь Каліноўскі, ці за косы, нічога тут ня зробіць ні радыё, ні тэлебачаньне, ні спадарожнікавыя каналы…Але ўсіх Вас віншую з Калядамі, з Новым годам. Добра, што хоць Вы тут яшчэ ёсьць”.

(Спадарыня:) “Васіль Зьвягін лічыць, што Беларусь квітнее і ў надалей будзе квітнець. Хацелася б ведаць, Беларусь будзе квітнець па якому варыянту: па кубінскаму, вэнэсуэльскаму, кітайскаму і гэта далей. Каля сям’я сорак год карыстаецца газавай плітой і не мае магчымасьці зьмяніць яе на больш сучасную, ня ў стане замяніць аконныя шыбы на “эўравокны,” ня можа паставіць надзейныя ўваходныя дзьверы, заміж старых, замяніць старыя вадаправодныя краны на сучасныя зьмешвальнікі, ажыцьцявіць у кватэры капітальны эўрарамонт, ня могуць замяніць старую хісткую мэблю замяніць, ня можа цягам усяго месяцу нармальна пракарміць сваіх дзяцей і гэтак далей. У якім росквіце хоча запэўніць мяне Васіль Зьвягін, які патэлефанаваў на “Свабоду?!”

(Васіль Цюхай, Беразіно:) “Добры дзень. Горналыжны курорт Сілічы быў пабудаваны па загадзе Лукашэнкі, я памятаю, ён яшчэ казаў падчас цырымоніі адкрыцьця, што трэба есьці меней на 50 % для таго, каб стаць прыгожым і здаровым. А яшчэ людзі казалі, што абсталяваньне было сканфіскаванае ў прыватных прадпрымальнікаў за нязначныя парушэньні. Курорт пабудавалі і тут, як на зло, глябальнае пацяпленьне. А вось калі Расея спраўдзіць свае пагрозы і адключыць газ, глябальнае пацяпленьне таксама раптоўна можа і скончыцца. Дрэнная карма Лукашэнкі адмоўна ўплывае на ўсю краіну – што ня зробіць, усё марна. Будучыню можна прадказваць па ягоных пражэктах. Зараз нас чакае, відаць, ледавіковы пэрыяд. Адно цешыць: што саюзная дзяржава – гэта таксама праект Лукашэнкі”.

(Аляксандар Гагін, Смаргонь:) “Я паводле газавай праблемы званю. Я думаю, што Расея нас моцна “падвяла”. Слушна, канечне, што іншая краіна. Але справа ў тым, што Беларусь і Расея – гэта саюзныя дзяржавы. І Ўсё ж Расея магла б па-іншаму падыйсьці да свайго стратэгічнага саюзьніка на Захадзе і адпускаць газ па больш ільготным коштам, як і на сваёй тэрыторыі, то бок мы іх стратэгічны саюзьнік. Думаю, што Пуцін і “Газпром” моцна паводзяць Беларусь, а афіцыйны менскі ўрад мае рацыю ў дадзенай сытуацыі. Яны дабіваюцца такіх коштаў. Якія і павінны мець саюзьнікі, таму што кантракт эканамічны. У нас саюзная дзяржава існуе. А да саюзьнікаў трэба неяк па-іншаму ставіцца, чым да іншых краінаў. Дзякуй за ўвагу. Да сустрэчы на хвалях радыё Свабода! Да пабачэньня”.

(Спадарыня:) “У прафана, які назірае за нафтагазавымі баталіямі, ўзьнікае пытаньне на мяжы нарматыўнай лексыкі: “Гэй, вы там наверсе! Куды мы зноў, блін, спаўзьлі? Якой разьвязкі чакалі без пераходу на расейскія рублі?”

(Спадар:) “У дачыненьні да газанафтавых адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю. Лічу, што Расея павінна наогул бясплатна пастаўляць газ на Беларусь у якасьці маральнай кампэнсацыі за тыя зьдзекі з нашай дзяржаўнасьці, мовы і веры, за генацыд над беларусамі і ліцьвінамі, які Масква ажыцьцяўляла тут вякамі”.
XS
SM
MD
LG