Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Расеі складаныя дачыненьні з Эўропай. Чаму б гэта ня выкарыстаць?...”


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнім часам бязвыніковых перамоваў паміж беларускім і расейскімі бакамі было шмат. Але цяперашні правал перамоваў адметны дзьвюма асаблівасьцямі. Па-першае, пасьля іх абодва бакі далі рэзкія камэнтары адносна пазыцыі партнэра. Па-другое, на новага году засталося пяць дзён.

З той інфармацыі, якую агучылі бакі, можна зрабіць некалькі цікавых высноваў. Найперш, зьвяртае на сябе ўвагу тое, што Расея пайшла на вялікія саступкі адносна першапачатковых намераў ці заяваў. Увесь год прадстаўнікі “Газпрому” цьвердзілі, што цана на газ павінна быць 200 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. І вось цяпер высьвятляецца, што расейская кампанія згодная на кошт 105 даляраў.

Зь іншага боку, і кошт “Белтрансгазу”, 5 мільярдаў даляраў, цалкам супадае з цаной, якую называў Лукашэнка два гады таму. А “Газпром” называў лічбу 600 мільёнаў. То бок, гэта цана не кампрамісная, а беларуская, на якую раней “Газпром” упарта не пагаджаўся, а цяпер згадзіўся.

Больш за тое, працягваюцца перамовы наконт падзелу нафтавых мытаў. Хоць, здавалася б, пасьля пастановы расейскага ўраду ўсе пытаньні зьнятыя. Чым вы патлумачыце такія значныя саступкі з боку Расеі?”

(Тацяна Манёнак: ) “Па-першае, тут дзейнічаюць пэўныя палітычныя чыньнікі, а ня толькі эканамічныя. Па-другое, Расея вельмі зацікаўленая у прыватызацыі “Белтрансгазу”, і дзеля гэтага гатовая на саступкі ў цане газу. Па-трэцяе, лічба 200 даляраў была сьвядома завышаная, каб была магчымасьць гандлявацца. Па-чацьвертае, да пачатку наступнага году Расея хоча мець усе кантракты, каб не турбаваць спажыўцоў.

Сапраўды, для беларускага боку гэтыя ўмовы даволі спрыяльныя. Фактычна ўводзіцца чатырохгадовы пераходны пэрыяд. Прадстаўнікі “Газпрому” сьцьвярджаюць, што яны пайшлі на значныя саступкі ў кошце “Белтрансгазу”, бо рэальная цана беларускай кампаніі дзесьці 3,5 мільярда даляраў, а не 5 мільярдаў.

Віцэ-прэм’ер Беларусі Сямашка ўчора пасьля вяртаньня з Масквы даводзіў, што “Газпром” быў гатовы ўвогуле на 75 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Ён нават прадэманстраваў беларускім журналістам адпаведны дакумэнт, падпісаны намесьнікам старшыні праўленьня “Газпрому” Голубевым.

А потым Расея зьмяніла сваю пазыцыю, падвысіла кошты да 105 даляраў. Магчыма, цана 75 даляраў была часткаю нейкай палітычнай дамовы, якой беларускі бок ня выканаў”.

(Кірыл Коктыш: ) “Мы ня ведаем, што адбываецца за зачыненымі дзьвярыма падчас перамоваў лідэраў дзьвюх краінаў. Але маем факт, што шырока аб’яўленыя рынкавыя кошты газу для Беларусі раптам пачалі адмяняцца. Чаму? На апошніх перамовах у Маскве зноў узьнялі пытаньне канстытуцыйнага акту й адзінай валюты — здаецца, з ініцыятывы Беларусі. Лукашэнку зноў удалося ўцягнуць Маскву ў інтэграцыйную гульню.

І для такой гульні ў Крамля, мусіць зьявіліся прычыны. Сытуацыя зь пераемнікам Пуціна ня вызначаная. І сцэнар трэцяга тэрміну для дзейнага расейскага прэзыдэнта ў нейкім выглядзе ня выключаны. Здаецца, што Пуцін імкнецца зарэзэрваваць праект саюзнай дзяржавы як адзін з магчымых мэханізмаў перадачы ўлады.

Бо іншыя тлумачэньні такой пазыцыі Расеі не пераканаўчыя. Кажуць, Масква ня можа пайсьці на газавую блякаду Беларусі. Гэта ня так. Таксама саступкі Масквы нельга растлумачыць вялікімі інтэграцыйнымі настроямі ў Расеі, бо гэта ўжо не адпавядае рэальнасьці”.

(Карбалевіч: ) “Тым ня менш, гэтыя расейскія саступкі не задаволілі Менск, і ён патрабуе большых. Абодва бакі называюць лічбу 75 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Але Менск лічыць яе з улікам акцыяў “Белтрансгазу”, а Масква — без уліку. Беларускі бок так упарта стаіць на сваім, мусіць, таму, што адчувае сваю сілу й мае моцныя козыры. Чым вы патлумачыце такую жорсткую пазыцыю беларускага боку?”

(Манёнак) “Учора Сямашка заявіў, што Беларусь хацела б атрымаць ад “Газпрому” 2,5 мільярда за 50% “Белтрансгазу” чыстымі грашыма, а ня газам. А тыя 75 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў, на якіх настойвае беларускі бок, Менск таксама гатовы плаціць грашыма. Беларусь стварыла Нацыянальны фонд разьвіцьця для страхоўкі на выпадак эканамічных цяжкасьцяў. Там цяпер 600 мільёнаў даляраў.

І сумеснае прадпрыемства на базе “Белтрансгазу” Беларусь прапануе стварыць наступным годам. Падаецца, што беларускаму кіраўніцтву ня хочацца здаваць сваю газатранспартную сыстэму. У Расеі хутка можа зьявіцца новы прэзыдэнт, паўстане неабходнасьць зь ім зноў гандлявацца. І тады “Белтрансгаз” зноў спатрэбіцца. Да таго ж цяпер у Расеі складаныя дачыненьні з Эўропай. Чаму б гэта ня выкарыстаць?”

(Коктыш: ) “Белтрансгаз” — ключавое прадпрыемства. Кантроль над ім — гэта элемэнт улады. Таму кіраўніцтва Беларусі так упарта гандлюецца за кожны грош. Можа быць яшчэ адно тлумачэньне саступак з расейскага боку. Нечаканая сьмерць Туркмэнбашы стварыла пэўную нявызначанасьць для Масквы. Бо 15% газавага экспарту Расеі складае туркмэнскі газ. І замяніць яго немагчыма. Невядома, як будуць складацца дачыненьні Масквы з новым кіраўніцтвам гэтай краіны. Таму ў гэтай сытуацыі Масква пасьпяшыла хутчэй зачыніць беларускую праблему”.

(Карбалевіч: ) “Гледзячы па ўсім, Беларусь і Расея набліжаюцца да газавага крызісу, які можа здарыцца ў пачатку новага году. Ад яго страцяць абодва бакі, але хто больш прайграе?”

(Манёнак: ) “Трэба мець на ўвазе, што ў канцы году Беларусь ня мае кантракту на імпарт расейскай нафты наступным годам. Такога яшчэ не было ў гісторыі сучаснай Беларусі. Таму сёньня Менск у дачыненьні з Масквой мае дзьве праблемы: нафтавую й газавую. Хоць расейскі ўрад прыняў рашэньне аб увядзеньні мытаў на экспарт нафты ў Беларусь, але ўчора Сямашка сказаў, што прэм’ер Расеі Фрадкоў даў каманду перагледзець гэтае пытаньне. Думаю, не адзін з бакоў не зацікаўлены, каб даводзіць справу да крызісу, перапыненьня паставак газу”.

(Карбалевіч: ) “Магчыма, Лукашэнка мяркуе, што Расея баіцца страціць сваю рэпутацыю надзейнага пастаўца газу ў вачах эўрапейцаў, таму не рашыцца прыпыніць пастаўкі газу. А рэпутацыя Беларусі ў Эўропе такая дрэнная, што ёй няма чаго траціць, і яна гатовая ісьці на рызыку”.

(Коктыш: ) “Расея тэхнічна падрыхтаваная да адключэньня газу Беларусі. Яшчэ да апошняй сустрэчы ў Маскве “Газпром” закачаў у газавыя сховішчы ў Нямеччыне й краінах Балтыі дадатковыя аб’ёмы газу на выпадак магчымай блякады. Па “Белтрансгазе” ідзе толькі 15% расейскага газавага экспарту на Захад. І яго транзыт можна перакінуць на ўкраінскія газаправоды ці на нітку Ямал—Эўропа, якая праходзіць па тэрыторыі Беларусі, але належыць “Газпрому”.

Што тычыцца Беларусі, то ёй сапраўды няма чаго траціць у сэнсе міжнароднага іміджу. Але ў эканамічным сэнсе адключэньне газу будзе вельмі цяжкім ударам па краіне. Да таго ж, калі ў трубе няма мінімальнага ціску, то яна можа разбурыцца. Таму ў выніку газавай вайны страты Беларусі будуць значна большымі. Але гэты сцэнар здаецца малаверагодным”.

(Манёнак: ) “Празь Беларусь ідзе 22% расейскага экспартнага газу. І тэхнічна перапыненьне беларускага транзыту немагчыма кампэнсаваць цалкам. Ня можа Расея перакінуць гэты транзыт на ўкраінскія газаправоды, бо яны ідуць у іншых кірунках. Таму, напрыклад, у Літве ўжо хвалююцца і абмяркоўваюць пытаньне, дзе знайсьці газ, калі гэты канфлікт зацягнецца.

Тое, што Беларусь і Расея супрацоўнічаюць у рамках саюзнай дзяржавы, значна ўплывае на хаду гэтага канфлікту. Таксама ваеннае супрацоўніцтва — значны аргумэнт для абодвух бакоў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, шматлікія прагнозы наконт таго, што ў газавых пытаньнях Беларусь загнаная ў кут, у яе безвыходны стан, краіну чакае газавы шок, ня спраўдзіліся. Нават калі ацэньваць апошнія прапановы Расеі, то яны даволі спрыяльныя для Беларусі — прычым Менск спадзяецца выгандляваць яшчэ лепшыя ўмовы, нават калі дзеля гэтага давядзецца перажыць чарговую газавую вайну”.
XS
SM
MD
LG